Главная » Новости » Лента новостей

Зноў першыя – зноў лепшыя

189

Дні жніва, напоўненыя руплівай працай хлебаробаў, бягуць адзін за адным. І штодня ўборачная кампанія вылучае лепшых  – тых, хто добрасумленна і плённа працуе на хлебнай ніве. Першым запаветны рубеж у тысячу тон сёлета пераадолеў камбайнер ААТ «Шчорсы» Барыс Лобач.

Каб павіншаваць лепшых працаўнікоў у полі, прама на працоўным месцы, прыехалі старшыня Навагрудскага райвыканкама Сяргей Чаркоўскі, намеснік старшыні Яўгеній Бажко і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Рыгор Кананчук.

 – Асаблівы гонар любой гаспадаркі гэта людзі, якія добрасумленна і адказна працуюць: аруць, сеюць, а сёння ўбіраюць ураджай, – падкрэсліў, віншуючы лідара жніва, Сяргей Чаркоўскі. – Радасна, што менавіта вы, Барыс Барысавіч, сталі першым, хто намалаціў тысячу тон. Хочацца пажадаць усім працаўнікам вёскі добрага ўраджаю, яшчэ больш высокіх намалотаў, моцнага здароўя і дабрабыту ў сем'ях.

Барыс Лобач не першы раз атрымлівае ганаровае званне «тысячнік». Дасведчаны механізатар, ён дваццаць восем гадоў працуе на жніве і па-гаспадарску лічыць уборку хлеба галоўнай справай. Дзякуючы надзейнай тэхніцы, добраму ўраджаю, стараннасці і працавітасці ўжо другі год запар ён становіцца першым тысячнікам у раёне на камбайне «Лексіён-580».

Сяргей Чаркоўскі ўручыў Барысу Барысавічу дыплом пераможцы і грашовую прэмію. Да віншавання далучыліся госці і дырэктар сельгаспрадпрыемства Мікалай Іванчык. ААТ «Шчорсы» ўпэўнена трымае лідарства па тэмпах жніва, тут убралі ўжо больш за 30% плошчаў, а ўраджайнасць збожжавых складае 54,6 ц/га. Зараз шчорсаўскія хлебаробы працуюць на ўборцы азімай пшаніцы і рапсу.

Таксама ў гэты дзень дыпломы і грашовыя прэміі былі ўручаны лідарам «залёнага» жніва раёна. Згодна з пастановай Гродзенскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК, па выніках работы на ўборцы траў першага ўкосу вызначаны механізатары, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў на касьбе, падборы і здрабненні зялёнай масы. Пераможцамі сталі механізатары ААТ «Прынёманскі» Ігар Каранеўскі і Аляксандр Дарашкевіч, якія падчас нарыхтоўкі кармоў па стане на 25 чэрвеня паказалі лепшыя ў раёне вынікі.

Кіраўнік раёна павіншаваў пераможцаў з поспехам. Ён выказаў упэўненасць, што наперадзе ў корманарыхтоўшчыкаў – новыя перамогі і аграрыі раёна створаць трывалую кармавую базу 

– Спаборніцтвы на нарыхтоўцы кармоў арганізуюцца з мэтай яе своечасовага і якаснага правядзення, а таксама самаўдасканалення прафесійнага майстэрства механізатараў і павышэння эфектыўнасці выкарыстання сельскагаспадарчай тэхнікі.  Паважаныя працаўнікі, нямала сіл, часу, старання прыкладзена вамі, каб нарыхтаваць кармы якасна і ў тэрмін. У тым, што пагалоўе гаспадаркі будзе забяспечана кармамі, ёсць і ваш уклад. Вялікі дзякуй за сумленную і адданую працу, – звярнуўся да пераможцаў Рыгор Кананчук.

ААТ «Прынёманскі» на працягу многіх гадоў вядома сваімі выдатнымі працоўнымі традыцыямі. Ёсць у гаспадарцы і надзейны касцяк механізатараў і вадзіцеляў, якія штогод дамагаюцца высокіх вынікаў на нарыхтоўцы комаў. Ужо які год у ліку лепшых – трактарыст ААТ «Прынёманскі» Аляксандр Дарашкевіч. Ён старанна і адказна працуе на палях роднай гаспадаркі, заўсёды імкнецца сваю работувыконваць на высокім узроўні. Адказнае стаўленне да справы, працавітасць і сумленнасць дазваляюць механізатару штогод дамагацца добрых вынікаў на корманарыхтоўцы. Сёлета на сваім на трактары «МТЗ-3522» з касілкай КDD-941 ён скасіў – 1570 га.

А пераможцам па падборы і драбненні зялёнай масы стаў Ігар Каранеўскі, у яго самы высокі ў раёне паказчык – 11849 тон. Працавіты, адказны, ён і тэхніку ведае добра, і працуе з поўнай аддачай. Чарговая перамога – сведчанне высокага прафесіяналізму механізатара і нязменна добрасумленнага стаўлення да сваіх абавязкаў. Як паведаміў дырэктар ААТ «Прынёманскі» Іван Ярмац, на сённяшні дзень гаспадарка нарыхтавала ўжо больш за 40 тыс. тон сенажу і 1800 тон сіласу.

Ушанаванне пераможцаў было кароткім і праходзіла ў полі. Механізатары спяшаліся замацаваць свой поспех, бо ўборка і нарыхтоўка кармоў працягваюцца, і працоўнае напружанне на палях не зніжаецца. А значыць яшчэ ёсць час праявіць сябе ўсім камбайнерам, трактарыстам і вадзіцелям.

 А. ПЯТРОВА, «НЖ»

Читайте также: