Іх рукі пахнуць малаком, а сэрцы гараць шчырай любоўю да сваёй справы. У гэтай сферы без натхнення і асаблівага, мацярынскага стаўлення да справы немагчыма атрымаць высокі вынік. У Год беларускай жанчыны, напярэдадні прафесійнага свята пагутарылі з выдатнымі работніцамі КСУП “Хвінявічы”, якое надзейна трымае лідарства ў жывёлаводчай галіне Дзятлаўшчыны.
Высокая ўзнагарода – для працавітай жанчыны
Як адзначаюць самі работнікі гаспадаркі, іх каманда, быццам кулак, у якім усе сканцэнтраваны на выкананне агульных задач і нязменна падтрымліваюць адзін аднаго. Той, хто аб’ядноўвае, накіроўвае і, калі трэба, сама бярэцца за любую справу, з’яўляецца галоўны заатэхнік Марыя Слушко. За 47 гадоў работы ў сельскай гаспадарцы раёна і вернасці свайму прадпрыемству яна была ўдастоена разнастайных узнагарод, у ліку якіх – званне “Чалавек года Гродзеншчыны”. За шматгадовую плённую працу і высокі прафесіяналізм Марыя Сяргееўна адзначана адной з найвышэйшых прафесійных узнагарод – нагрудным знакам Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь “За заслугі ў сельскай гаспадарцы”, які ёй уручаць на абласным свяце-шанаванні.

– Шчыра скажу, што я сапраўды адчуваю сябе лідарам, бо ведаю сваю справу да драбніц, прымаю рашэнні, адказваю за іх. З другога боку, мне пашанцавала з калектывам, бо ў нас усе неабыякавыя да сваёй справы, адказныя, валявыя, ініцыятыўныя. Практычна ўсе работнікі малочнатаварнага комплексу “Парэчча” тут з дня яго заснавання, пастаянна ўмацоўваемся новымі перспектыўнымі спецыялістамі, – расказвае Марыя Слушко.
Яе звычайны рабочы дзень пачынаецца і заканчваецца абходам тэрыторыі МТК “Парэчча” – сэрца жывёлагадоўлі гаспадаркі. Трэба ўпэўніцца, што ўсё добра, або падмеціць, што патрабуе ўвагі жывёлаводаў. Калі некаму з калег патрэбна яе парада або дапамога, жанчына ніколі не адмаўляе. Вопыт, назапашаны дзесяцігоддзямі, дазваляе ёй на любое пытанне знайсці адказ адразу, як кажуць, не лезучы ў кішэню. Яна сама складае планы, рацыёны харчавання пагалоўя, не карыстаючыся дапамогай старонніх арганізацый, умее бачыць не толькі “па-папяроваму”, але так, як неабходна насамрэч. Марыя Сяргееўна расказала, чаго шчыра жадае свайму прадпрыемству і раёну:
– Жадаю ўсім стабільнасці і дабрабыту. На сёння ў нас шмат перспектыўнай моладзі, якая ведае сваю справу і хоча працаваць. Жадаю кожнаму сельгаспрадпрыемству мець такія кадры ў сваім калектыве. Тым, каму гэта патрэбна, – кар’ернага росту, магчымасці для якога ў сельскай гаспадарцы неабмежаваныя. Работнікам сельскай гаспадаркі і ўсім беларусам жадаю міру на нашай зямлі, якія з’яўляюцца рэальнымі дзякуючы кіраўніку дзяржавы. А яшчэ – простага, людскога: здароўя, шчасця, любові, удачы ва ўсіх справах.
Дырыжор тысячнага аркестра
Так калегі ласкава называюць заатэхніка-селекцыянера Іну Ляпешка, у якой атрымліваецца лёгка і віртуозна кантраляваць усе працэсы і патрэбы статку, каб вынік быў такі, як трэба. Пачынала працоўны шлях у ААТ “Дварэц-Агра”, а два гады таму прыйшла ў КСУП “Хвінявічы”.

– Першае, што мне паказалі на новым працоўным месцы, гэта праграма племуліку. Раней не даводзілася працаваць з такой, таму адразу ж зацікавілася і стала вывучаць. Увогуле люблю працаваць з камп’ютарам, аказваецца, гэта можна рабіць і ў жывёлагадоўлі. Кіраваць вялікім тысячным статкам з аднаго рабочага месца – гэта рэальнасць, якую дазваляюць сучасныя тэхналогіі. Праўда, для гэтага трэба кожнаму папрацаваць на сваім месцы. Была прыемна ўражана, як мяне сустрэлі на “Парэччы”, якія тут людзі, атмасфера. У такім месцы хочацца працаваць і развівацца.
Кантроль статку, каб было больш расцёлаў і нараджалася здаровае папаўненне, – штодзённая праца Іны Чаславаўны. Каб быць кампетэнтнай і не адставаць ад сучасных тэндэнцый у жывёлагадоўлі, яна атрымлівае вышэйшую адукацыю ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце, дзе вучыцца не складана, бо за плячыма – грунтоўная практычная база. Эфект работы яе і каманды відавочны: працэнт нараджальнасці цялят – самы высокі ў раёне, пагалоўя хапае для патрэбаў прадпрыемства і рэалізацыі іншым зацікаўленым сельгаспрадпрыемствам.

Усім, хто працуе ў сельскай гаспадарцы, Іна Ляпешка жадае не спыняцца на дасягнутым і заўсёды ісці наперад, імкнуцца да высокіх паказчыкаў і ніколі не здавацца.
Даенне – машыннае, а клопат – рукатворны
З першага дня існавання МТК “Парэчча” тут працуе аператар машыннага даення Таццяна Гарошка. Як і ўсе ў гэтым калектыве, яна валодае лідарскімі якасцямі і асаблівым падыходам да справы. У 2013 годзе Таццяна Аляксееўна першай з аператараў прыйшла на новы комплекс, аснашчаны сучаснай даільнай залай, і навучыла калег працаваць па-сучаснаму.

– Марыя Сяргееўна запрасіла мяне туды, дзе мой вопыт і веды будуць карыснымі, і я ахвотна прыняла прапанову, прыйшла ў новы калектыў са сваімі ведамі і ідэямі, – расказвае жанчына. – Наша работа завяршае вялікі цыкл па атрыманні якаснай малочнай прадукцыі, і мы проста не маем права падвесці свой калектыў і панізіць паказчыкі. Даўно мінулі часы, калі карову можна было проста падаіць. Каб атрымаць малако якасці “экстра”, працуем адказна, захоўваем тэхналогію, санітарныя патрабаванні і заўсёды дадаём асабістае суперажыванне да справы, без гэтага ніяк. На сёння доім ад кароўкі 26 літраў малака ў суткі сярэдняй тлустасцю 4,1 %, і гэту планку ў будучым павысім.
Акрамя таго, аператары машыннага даення – першыя памочнікі ветэрынарнай і заатэхнічнай службы, бо бачаць і даглядаюць сваіх кароваў двойчы на дзень – у час ранішняй і вячэрняй дойкі. Калі некаму з падапечных нездаровіцца або ёсць адхіленні ад нормы, неадкладна перадаюць гэту інфармацыю спецыялістам.

– Мы працуем на сучасным абсталяванні, якое дае вялікія магчымасці па вытворчасці і кантролі малака, але рукі, тым больш жаночыя, нішто не заменіць, – адзначае Таццяна Гарошка. – Я ўпэўнена, што нашы дасягненні ў тым ліку дзякуючы такім абаяльным, старанным і адказным работніцам. Ведаем, што, чым лепш папрацуем – тым больш заробім, а зарплаты ў нашай галіне дастойныя.
Яна ад душы віншуе з надыходзячым святам усіх, хто прысвяціў сябе сельскай гаспадарцы, і адрасуе пажаданні:
– Самае галоўнае – здароўя, душэўнага і цялеснага. Каб дзеці радавалі, каб у сям’і былі лад ды згода. Жадаю росквіту нашай гаспадарцы і роднай Беларусі.









