Главная » Новости » Лента новостей

Часам нязначныя дробязі вядуць да бяды

18
Часам нязначныя дробязі вядуць да бяды

З 9 па 15 лістапада на Дзятлаўшчыне праходзіць Тыдзень нулявога траўматызму, скіраваны на прафілактыку няшчасных выпадкаў на вытворчасці, стварэнне бяспечных умоваў працы.

На Дзятлаўшчыне ён стартаваў з маніторынгу. Старшыня раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак разам з галоўным спецыялістам аддзела механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Аляксандрам Камаровым накіраваліся ў ААТ “Граніт-Агра”, каб праверыць, у якіх умовах працуюць аграрыі, ці ёсць у іх магчымасць сагрэцца ў халодны сезон, ці захоўваюцца нормы і правілы бяспекі пры рамонце, выкарыстанні тэхнікі і механізмаў.

Калі маніторынгавая група прыбыла ў сельгаспрадпрыемства, да яе далучылася інжынер па ахове працы ААТ “Граніт-Агра” Дыяна Крамянеўская. Найперш праверылі мехдвор “Круцілавічы”, дзе агледзелі тэхніку і майстэрні, пагаварылі са спецыялістамі, затым тое ж самае адбылося на мехдвары “Таркачы” і аднайменным малочнатаварным комплексе. Адначасова Уладзімір Казак прадоўжыў раздаваць работнікам святлоадлюстроўваючыя элементы ад прафсаюза, паколькі ў асенне-зімовы перыяд па дарозе дамоў і на работу менавіта дзякуючы флікерам пешаходы становяцца бачнымі ў цемры для вадзіцеляў, а гэта таксама тычыцца асабістай бяспекі чалавека.

Напрыканцы маніторынгу яго ўдзельнікі пракаменціравалі праведзеную работу.

– Пільная ўвага да захавання тэхнікі бяспекі і падтрымання вытворчай дысцыпліны звязана з няшчаснымі выпадкамі з цяжкім і смяротнымі зыходамі, якія адбыліся на Гродзеншчыне літаральна на мінулым тыдні і менавіта ў сельскай гаспадарцы,– расказаў Уладзімір Казак. – Два чалавекі загінулі, адзін знаходзіцца ў цяжкім стане, таму на прыкладзе нашага раёна мы праводзім прафілактычную работу, каб не дапусціць такіх здарэнняў. Асабліва пільна аглядаем ахоўныя прыстасаванні на карданных валах, адсутнасць якіх ужо прывяла да бяды. Надаём увагу рабоце экіпажаў і камбайнераў па пастаноўцы тэхнікі на захоўванне – гэта асноўнае. Плюс не ўпускаем і іншыя фактары, якія могуць прывесці да траўмавання супрацоўнікаў.

ААТ “Граніт-Агра” для маніторынгу выбрана невыпадкова: у гаспадарцы ў сакавіку гэтага года на мехдвары “Таркачы” ў стане алкагольнага ап’янення атрымаў траўму работнік. Папярэджанне п’янства – таксама адзін са складальнікаў прафілактыкі, якую праводзім. Дарэчы, на гэтым жа мехдвары ў час праверкі сёння знайшлі неабаронены кардан. Як бачым, заўвагі ёсць, работу неабходна прадаўжаць, таму мы зноў сюды прыедзем з відэаролікамі, што створаны з фрагментаў камер назірання на вытворчасці, якія зафіксавалі рэальныя няшчасныя выпадкі за работай. Магчыма, з пункту гледжання этыкі падобнае не зусім правільна, але калі гінуць людзі і іншыя метады малавыніковыя, даводзіцца выкарыстоўваць наглядныя прыклады. За кошт іх яскрава зразумела, што чакае, калі грэбуеш правіламі і нормамі аховы працы.   

– Як ужо адзначыў Уладзімір Фёдаравіч, у нас праходзіць Тыдзень нулявога траўматызму, – дапоўніў тэму Аляксандр Камароў. – Таму перад упраўленнем сельскай гаспадаркі, прафсаюзам аграпрамысловага комплексу стаіць важная задача – папярэджэнне і прафілактыка вытворчага траўматызму. Сумесна адбываецца наведванне ўсіх вытворчых участкаў у гаспадарках, найперш не для таго, каб выявіць і пакараць, а менавіта каб падказаць кіруючым кадрам, інжынеру па ахове працы недахопы і такім чынам папярэдзіць няшчасці. Скіроўваем увагу адказных спецыялістаў і работнікаў на папярэджанне п’янства на рабочым месцы, грэбаванне правіламі бяспекі, прычым сочым не толькі за наяўнасцю ахоўных прыстасаванняў на механізмах, але і не ўпускаем іншых асаблівасцяў, якіх шмат. Ёсць маленькія парушэнні, якія потым прыводзяць да вытворчага траўматызму, нават смерці на працоўным месцы. Чалавечае жыццё – гэта самае каштоўнае, і наша задача менавіта папярэдзіць трагедыю.

Ірына СТЫРНІК