Главная » Новости » Лента новостей

Якая яна, цана чалавечага жыцця?

6
Якая яна, цана чалавечага жыцця?

У ААТ “Граніт-Агра” прайшло вучэбна-прапагандысцкае мерапрыемства, накіраванае на прафілактыку траўматызму. Яго правялі з механізатарамі сельгаспрадпрыемства старшыня Дзятлаўскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак і галоўны спецыяліст аддзела механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Аляксандр Камароў.

Выклікана яно надзвычайнай сітуацыяй росту ў Гродзенскай вобласці выпадкаў траўмавання людзей і са смяротным зыходам, у тым ліку на сельгаспрадпрыемствах. У студзені-кастрычніку колькасць загінулых або тых, хто атрымаў цяжкія траўмы на вытворчасці ў арганізацыях сельскай гаспадаркі, склала 24,3 % ад агульнай колькасці. Прычынай таму з’яўляецца грэбаванне нормамі і правіламі аховы працы, калі чалавек, часам проста не задумваючыся над наступствамі, парушае тэхніку бяспекі, часта ў спешцы або, тым горш, пад уздзеяннем алкаголю. Так, па выніках дзесяць месяцаў  года ў вобласці зарэгістраваны пяць няшчасных выпадкаў на вытворчасці з работнікамі, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення: адзін загінуў і чацвёра атрымалі цяжкія траўмы.

– Зона нашай адказнасці – дапамагчы захаваць здароўе і жыццё чалавека. Але, на жаль, сёння тэма траўматызму па-ранейшаму актуальная. Таму мэта мерапрыемства яшчэ раз нагадаць людзям і паказаць на прыкладах, да чаго часам прыводзяць неабдуманыя ўчынкі, своечасова выявіць рызыкі, якія могуць уяўляць небяспеку для працуючых, і накіраваць усе меры для таго, каб гэтыя рызыкі або выключыць, або, калі гэта немагчыма, зменшыць уздзеянне на саміх працуючых як сродкамі індывідуальнай абароны, так і бяспечным інструментам, абсталяваннем і іншымі метадамі і прыёмамі.

А рэальныя кадры відэафільма з месца падзей часцей выклікаюць большыя ўражанні, чым словы, і застаюцца ў памяці мацней, – адзначыў Уладзімір Фёдаравіч.

Ён прывёў прыклады парушэнняў тэхнікі бяспекі ў дадзеным сельгаспрадпрыемстве, акцэнтаваў увагу на недапушчэнне п’янства на рабочым  месцы.

– Большасць траўм – гэта не выпадковасць, а заканамерны вынік парушэння тых ці іншых нормаў. Адно з важнейшых пытанняў – асабістая адказнасць кожнага работніка на сваім працоўным месцы. Аднак трэба памятаць, што чалавек працуе ў камандзе, таму ад промаху і памылак аднаго часта пакутуюць і іншыя, – зазначыў Аляксандр Уладзіміравіч. 

У сваю чаргу механізатары задавалі хвалюючыя пытанні, абмяркоўвалі  праблемныя моманты, якія ўзнікаюць ў час работы на сельгастэхніцы. Азнаямленне з рэальнымі абставінамі і прычынамі няшчасных выпадкаў на прадпрыемствах адбылося ў час прагляду відэаматэрыялаў з фрагментаў камер назірання на вытворчасці.

Затым Аляксандр Камароў сумесна з адказнымі асобамі ААТ “Граніт-Агра” правёў маніторынг тэхнікі, работ па пастаноўцы яе на зімовае захоўванне, асаблівую ўвагу надаў стану майстэрняў, санітарна-бытавым умовам, падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезона, стварэнню камфортных і бяспечных умоў работнікам прадпрыемства.

Таццяна САНЮК