Главная » Новости » Лента новостей

“Заўжды ганарыцца сваёй зямлёй” (+відэа)

671

Пад такой назвай 3 ліпеня на плошчы 17 Верасня ў Дзятлаве прайшло ўрачыстае адкрыццё мерапрыемстваў, прымеркаваных да галоўнага дзяржаўнага свята – Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 80-годдзя ўтварэння Дзятлаўскага раёна.

Урачыстасць пад адкрытым небам стала кульмінацыяй ў эстафеце раённых падзей, звязаных з гэтымі важнымі каляндарнымі датамі.

“Жытнёвае поле, лясы і азёры” – вось краявіды нашай старонкі. Песня-прысвячэнне “Люблю цябе, Белая Русь” у выкананні Тамары Ступак задала тон святу. Паколькі дзятлаўчане адзначылі яшчэ і юбілей раёна, выдалася нагода ўзгадаць найбольш значныя падзеі мінулага роднай старонкі, у тым ліку суровы час Вялікай Айчыннай вайны на Дзятлаўшчыне, радасць і набыткі мірных дзён.

Са словамі віншавання да ўдзельнікаў свята звярнуўся старшыня Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі:

– Дзень Незалежнасці з’яўляецца сімвалам суверэнітэту і свабоды нашай Радзімы, гераічнага мінулага і шчаслівай будучыні беларускага народа. У гэты дзень мы аддаём даніну павагі гераізму франтавікоў, працаўнікоў тылу, партызан, падпольшчыкаў, якія прынеслі нам свабоду, смуткуем аб мільёнах загінулых дзеля Вялікай Перамогі. Эстафету слаўных справаў у ветэранаў вайны годна прымае пакаленне нашчадкаў Перамогі, якое здольна захоўваць і памнажаць набыткі дзядоў і прадзедаў, забяспечваць мір і бяспеку, умацоўваць суверэнітэт беларускай дзяржавы.

Так супала, што сёлета мы святкуем яшчэ і юбілей утварэння Дзятлаўскага раёна. За восем дзесяцігоддзяў пройдзена нямала выпрабаванняў, але Дзятлаўшчына з кожным годам становіцца больш прыгожай, дзякуючы энергіі, працы і таленту жыхароў, іх клопатам пра малую радзіму.

Імёны самых заслужаных землякоў занесены ў Кнігу Славы Дзятлаўскага раёна, і сёння гэтая кніга папоўніцца.

Яшчэ нямала належыць зрабіць для дасягнення пастаўленых мэтаў, забеспячэння годнага жыцця і абароны інтарэсаў кожнага жыхара раёна. Упэўнены, што разам мы справімся: даможамся поспехаў у развіцці і росквіце роднай Дзятлаўшчыны.

На святкаванні Дня Незалежнасці і юбілею раёна ў Дзятлаве прысутнічаў ганаровы госць, наш зямляк – дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Сіняк. Ён прыехаў з пачэснай місіяй – прывёз і зачытаў дзятлаўчанам віншавальны адрас з 80-годдзем утварэння Дзятлаўскага раёна за подпісам старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Андрэйчанкі.

Яшчэ адным прыемным “пасланнем” стала Падзяка старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Андрэйчанкі. Гэтай дзяржаўнай узнагародай адзначаны дырэктар ААТ “Граніт-Агра” Станіслаў Мазур.

– Усе мы ведаем, што ААТ “Граніт-Агра” – флагман вытворчасці, як у раслінаводстве, так і ў жывёлагадоўлі не толькі Дзятлаўскага раёна, але і Гродзенскай вобласці. Дэпутаты палаты Прадстаўнікоў адзінагалосна падтрымалі хадайніцтва Дзятлаўскага райвыканакама аб уручэнні Станіславу Станіслававічу Мазуру Падзякі старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Андрэйчанкі “за шматгадовую добрасумленную працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў”, – перадаючы ўзнагароду зазначыў Уладзімір Сіняк.

Сімвалічна, што ў час свята таксама былі ўрачыста ўшанаваны пераможцы раённага спаборніцтва, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у эканамічным і сацыяльна-культурным развіцці па выніках работы за 2019 год. Гэта лепшыя працоўныя калектывы і перадавікі вытворчасці Дзятлаўшчыны. Сертыфікаты аб занясенні на раённую Дошку гонару і дыпломы ўручыў старшыня Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі.

Не менш прыемным момантам стала ўручэнне ў сувязі з 80-годдзем утварэння Дзятлаўшчыны Ганаровых грамат Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта і Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў заслужаным працаўнікам раёна. Разам з імі Ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама была адзначана настаўніца гімназіі № 1 горада Дзятлава Наталля Клімец – пераможца абаснога этапу конкурсу “Настаўнік года-2020” у намінацыі “Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія”. Наталля Паўлаўна цяпер актыўна рыхтуецца да ўдзелу ў рэспубліканскім этапе конкурсу.

Нашы землякі не толькі выдатна працуюць, але і актыўна ўдзельнічаюць ў прафсаюзным руху, таму эстафету ўручэння ўзнагародаў пераняў старшыня Дзятлаўскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак. Ён уручыў пасведчанне аб занясенні на абласную прафсаюзную Дошку гонару Алене Зеньчык з ААТ “Граніт-Агра”, пасведчанне аб занясенні на стэнд “Лепшы прафсаюзны актывіст” – Марыне Гайдук з ААТ “Дварэцкі льнозавод”, Ганаровую грамату Гродзенскага абкама прафсаюза работнікаў АПК – Святлане Драб з КСУП “Белагурна”.

 

Летапісам добрых справаў нашых заслужаных землякоў, скарбонкай “залатога фонду Дзятлаўшчыны” з’яўляецца Кніга Славы Дзятлаўскага раёна. У свой час яна была створана рашэннем Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта. У кнізе ужо ёсць імёны 53 прадстаўнікоў розных прафесій, якія сваёй адданасцю справе, дасягненнямі, творчымі праектамі, працоўнай, навуковай дзейнасцю паспрыялі развіццю нашай роднай старонкі. “За значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна, будаўніцтва сацыяльна значных аб’ектаў” сёлета ў Кнігу Славы было занесена імя Уладзіміра Логаша. Пасведчанне аб гэтым уручылі лепшаму сябру Уладзіміра Логаша – Пятру Свібу. Яшчэ адно пасведчанне атрымала дачка ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, жыхара вёскі Лозкі Фёдара Шалеснага. Яго імя было занесена ў Кнігу Славы Дзятлаўскага раёна “за добрасумленную працу, мужнасць і адвагу, праяўленыя пры абароне Айчыны і яе дзяржаўных інтарэсаў”.

Дзятлаўчане не толькі старанна працуюць, але і ўмеюць весела адпачываць: фінальным акордам урачыстасці стала святочная канцэртная праграма “Віншуем цябе, мой любы край!” ад артыстаў і творчых калектываў раёна.

 

Цікавыя выставы падрыхтаваў Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей. Адна была прасвечана Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, дзе адзначаны самыя важныя моманты ў жыцці нашай незалежнай краіны. На выставе да 80-годдзя Дзятлаўскага раёна можна было паглядзець, якіх поспехаў дасягнуў наш раён за гэтыя гады ў розных сферах: спорце, культуры, прамысловасці, адукацыі, медыцыне, сельскай гаспадарцы.

Ужо з раніцы ў горадзе адчувалася святочная атмасфера. На плошчы 17 Верасня ладзілася выстава-продаж народных майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Майстэрства рук табе, краіна наша”. Умельцы прапаноўвалі вырабы на любы густ і для дарослых, і для дзяцей: упрыгажэнні для валасоў, завушніцы і брошкі, лялькі ручной работы, вырабы са звычайнай і папяровай лазы, любімыя многімі бяспройгрышныя латарэі.

diatlovonews.by

Читайте также: