Главная » Новости » Лента новостей

Заслужаныя ўзнагароды атрымалі шчучынскія меліяратары, якія днямі адзначалі сваё прафесійнае свята

309
 

     У мінулую нядзелю шчучынскія меліяратары адзначалі сваё прафесійнае свята. Павіншаваць работнікаў Шчучынскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм з гэтай нагоды і ўручыць перадавікам заслужаныя ўзнагароды прыехалі старшыня Шчучынскага райвыканкама Аляксей Садоўскі і старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Генрых Юрэвіч.

– Вам пад сілу асушыць балота і змяніць рэчышча ракі, – звярнуўся да шчучынскіх меліяратараў Аляксей Садоўскі. – Вы ўмееце наводзіць парадак на зямлі, і робіце гэта аператыўна і якасна. Такім чынам дапамагаеце нашым аграрыям дабівацца высокіх вытворчых паказчыкаў і вырошчваць багаты ўраджай. Дзякуй за добрасумленную працу і высокі прафесіяналізм! Здароўя, сямейнага дабрабыту і ўдачы ва ўсіх пачынаннях!

 

      Да слоў Аляксея Валянцінавіча далучыўся Генрых Юрэвіч. Прафсаюзны лідар аграрыяў адзначыў, што больш за 30 гадоў адпрацаваў у сельскай гаспадарцы і асабіста ведае многіх шчучынскіх меліяратараў. Усе яны – прафесіяналы з вялікай літары, якія заўсёды бездакорна выконваюць свае прафесійныя абавязкі, чым заслужылі павагу і пашану.

     Ва ўрачыстай абстаноўцы Аляксей Садоўскі і Генрых Юрэвіч уручылі Ганаровую грамату інжынеру па ахове працы Ліліі Асіпенка. Пісьмамі-падзякамі былі адзначаны вадзіцелі Юрый Козун і Анатолій Цімафееў. Заслужаныя ўзнагароды таксама атрымалі машыніст крана Васілій Брыкач і токар Сяргей Семянчук, а вадзіцель Святаслаў Рышкевіч удастоены Ганаровай граматы ад абласнога прадпрыемства “Гроднамеліяводгас”, якому падначалена Шчучынскае ПМС.

– Наша арганізацыя выконвае шырокі спектр работ, – зазначае дырэктар Шчучынскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм Аляксандр Астраух. – У раёне налічваецца звыш 30 тысяч гектараў асушаных зямель, з якіх прыкладна 27 тысяч – гэта сельгасугоддзі. Для навядзення парадку на гэтых плошчах у нас ёсць 14 экскаватараў, 7 бульдозераў, 19 трактароў, 2 “Амкадоры” і аўтагрэйдэр. Летась мы ачысцілі ад заглейвання амаль 29 кіламетраў каналаў, спілавалі аварыйныя дрэвы і раскарчавалі кустоўе на працягу 21 кіламетра каналаў, абкасілі 1437 кіламетраў каналаў. Адрамантавалі 20 гідратэхнічных збудаванняў, прамылі дрэнаж на працягу 11 кіламетраў і рэканструявалі 337 гектараў міліярацыйных сістэм. На гэты год у нас таксама хапае работы, аднак будзьце ўпэўнены, што мы выканаем яе своечасова і максімальна якасна.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

dzyannica.by

Читайте также: