Главная » Новости » Лента новостей

Залатыя людзі залатых ніў: на Астравеччыне з’явіліся першыя камбайнеры-“тысячнікі” і вызначыліся прызёры жніўнага спаборніцтва

129

Дыпломы, грашовыя прэміі, сімвалічныя статуэткі, віншаванні і песні ад лепшых артыстаў Астравеччыны – у гэты дзень усё было для іх, герояў жніва.

Першых “тысячнікаў” сярод камбайнераў і прызёраў прафсаюзнага спаборніцтва сярод вадзіцеляў і аператараў  зернесушыльных комплексаў віншавалі старшыня райвыканкама Сяргей Мядзвецкас, яго першы намеснік – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Карніла, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Юрый Адула і галоўны бухгалтар Марыя Станкевіч. Да іх на месцы далучыліся кіраўнікі і прафсаюзныя лідары гаспадарак.

Першым на Астравеччыне жаданую тысячу тон збожжа на свой рахунак запісаў камбайнерскі тандэм КСУП “Гудагай” у складзе Яўгена Грабоўскага і Віктара Вашкевіча. Зазначу, што ўжо шмат гадоў запар старшы камбайнер трымае лідарства сярод хлебаробаў раёна і нікога не прапускае наперад.


Па даўняй традыцыі, якая склалася ў гаспадарцы, кожная намалочаная тона збожжа “ззяе” зорачкай на камбайне. Хоць за 16 сезонаў у Яўгена мяняліся хлебаўборачныя машыны, тым не менш, для аграрыя першая намалочаная ў гэтым сезоне тысяча стала 26 зорачкай у асабістым заліку.

– Першую тысячу тон намалаціў экіпаж вашай гаспадаркі. Віншую з перамогай. Гэта вынік карпатлівай працы, стараннай падрыхтоўкі да ўборачнай кампаніі, – сказаў старшыня райвыканкама Сяргей Мядзвецкас. – Сёння адбылася селектарная нарада ў Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, у якой у рэжыме анлайн мы ўдзельнічалі з Іванам Мар’янавічам. Уборачная кампанія для нашай Беларусі з разраду стратэгічных. У нас няма ні нафты, ні газа – мы аграрная краіна. Затое у нас ёсць наша зямля, у нас ёсць працавітыя, адданыя справе людзі, якія шчыруюць у палях на карысць роднага краю і ўсёй краіны.

Акрамя гэтага, адзначылі намесніка дырэктара па КСУП “Гудагай” па вытворчасці Андрэя Вінчу, адказнага за арганізацыю і правядзенне жніва ў сельгаспрадпрыемстве.



 

Літаральна некалькі дзясяткаў тон да першынства ў жніўным спаборніцтве сярод камбайнераў не хапіла сямейнаму экіпажу з КСУП “Варняны” – Уладзіславу і Казіміру Млынкоўскім. Але 2 месца – гэта вельмі годны вынік. Ад душы парадавалася за землякоў, таму што шмат гадоў варнянцы не траплялі ў лік першых “тысячнікаў” раёна.

– Хоць ў гудагайцаў і камбайн па тэхнічных характарыстыках больш магутны, і ўраджайнасць збожжа большая, тым не менш вашы працавітасць і імкненне да перамогі ў выніку далі такі станоўчы вынік, –  віншуючы варнянцаў, падкрэсліў Іван Карніла. – Так трымаць і надалей! Жадаю, каб як мага хутчэй вы намалацілі і 2 тысячы тон.





Сярод вадзіцеляў, якія перавозяць збожжа і рапс машынамі з грузападымальнасцю звыш 5-ці тысяч тон, другім стаў Іосіф Макарэвіч з КСУП “Гудагай”, трэцім – Станіслаў Мілашэвіч з КСУП “Міхалішкі”.

Сярод аператараў зернесушыльных комплексаў на другой прыступцы жніўнага п’едэсталу апынуліся Павел Мажэйка і Аляксандр Сасноўскі з КСУП “Гервяты”, на трэцяй – леташнія пераможцы Віктар Янкойць і Міхаіл Грымбоўскі з КСУП “Гудагай”.

Віншуем хлебаробаў з перамогай!





 

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич
По материалам газеты "Астравецкая праўда"

Читайте также: