Главная » Новости » Лента новостей

З павагай да “царыцы палёў”. Хуткімі тэмпамі ідзе сяўба кукурузы ў ААТ “Дэмбрава”

116

 

 

Што пасееш – тое і пажнеш. Ад таго, наколькі эфектыўна аграрыі правядуць пасяўную, залежыць вынік усяго сельскагаспадарчага сезона. Аграрыі ААТ “Дэмбрава” ўпэўнены, што сёлета родная зямелька спаўна аддзячыць ім добрым ураджаем за старанні. І на тое маецца шмат прычын. Пасяўная тут ідзе ўпэўненымі тэмпамі. Сяўбу яравых у гаспадарцы ўжо паспяхова завяршылі. Таксама хутка скончаць сеяць цукровыя буракі. З мінулай пятніцы мясцовыя аграрыі актыўна ўзяліся за кукурузу.

 

“Царыцу палёў” на ўчастку каля вёскі Ройшы сее механізатар Алег Бушэйка. Глебы ў гэтых мясцінах не самыя спрыяльныя – вакол лес, вільгаць з зямлі хутка сыходзіць, таму тут патрэбны дадатковыя ўгнаенні. Праца на такім складаным участку адказная, але Алег Бушэйка ўпэўнена дае рады сваім абавязкам, бо бярэ ўдзел у пасяўной ужо дзясяты год і справу сваю добра ведае.

 

 

– Звычайна сею збожжавыя і кукурузу, – расказвае Алег Бушэйка. – Сяўба кукурузы мае свае нюансы. Неабходна пільна сачыць за нормай высеву, адлегласцю паміж радкамі. Я сваю працу люблю, знаёмы з ёй яшчэ з ранняга дзяцінства, бо бацька таксама працаваў на трактары, тады яны яшчэ гусенічныя былі. Бацька часцяком браў мяне з сабой на працу, прывіваў любоў да роднай зямлі. Таму і я з годнасцю працягваю ягоную справу.

 

Па словах Алега Бушэйкі, праца механізатараў з гадамі ўдасканальваецца, адбываюцца станоўчыя змены, уводзяцца новыя тэхналогіі. Напрыклад, ягоны трактар МТЗ 1221 аснашчаны аўтапілотам, які значна дапамагае вытрымліваць тэхналагічныя патрабаванні да сяўбы. Трактар кіруецца сігналам са спадарожніка, механізатар задае маршрут, выводзіць машыну на яго, а далей яна сама трымае лінію. Раней механізатары арыентаваліся ў полі на маркеры, а зараз добрую частку работы бярэ на сябе тэхніка.

 

 

За дзень у ААТ “Дэмбрава” засяваюць каля 80-90 гектараў кукурузы. Пакуль з гэтай культурай працуюць дзве сеялкі, але як толькі завяршыцца сяўба цукровых буракоў – астатнія механізатары таксама пераключацца на “царыцу палёў”. Як адзначае галоўны аграном ААТ “Дэмбрава” Андрэй Козел, хутка ў гаспадарцы будуць сеяць да 150 гектараў кукурузы за дзень. Пры такіх тэмпах завяршыць сяўбу мясцовыя аграрыі плануюць да 5 мая.

 

– Усяго ў ААТ “Дэмбрава” ў гэтым годзе пад кукурузу адведзена 2100 гектараў, – расказвае Андрэй Козел. – З іх 1400 гектараў пойдзе на сілас і 700 гектараў – на зерне. Зараз сеем холадаўстойлівыя гібрыды імпартнай селекцыі, з іх заўсёды пачынаем. З гатункам “Талісман” працуем не першы год. Высока цэнім гэты гібрыд за холадаўстойлівасць і высокія ўраджаі на лёгкіх неўрадлівых глебах. Нават у крытычныя для кукурузы гады атрымліваем добры ўраджай. Напрыклад, у мінулым годзе з аднаго поля мелі рэкордную ўраджайнасць 176 цэнтнераў з гектара.

 

 

Сёлета ў ААТ “Дэмбрава” адвялі 285 гектараў пад ячмень, 20 гектараў пад авёс, 40 гектараў пад пшаніцу, 150 гектараў пад гарох. З 200 гектараў чакаюць добры ўраджай цукровых буракоў. У параўнанні з мінулым годам пасяўныя плошчы амаль не змяніліся, аднак аграрыі сталі больш надаваць увагі азімым культурам.

 

 

– Азімы рапс і збожжавыя перазімавалі выдатна, – дзеліцца Андрэй Козел– Патрэбныя падкормкі ўжо праведзены. Сёлета маем 2300 гектараў азімых зерневых і 800 гектараў азімага рапсу. Ранняя цёплая вясна ў гэтым годзе дазволіла хутка пачаць сяўбу, тэмпы ў нас добрыя. Застаецца толькі спадзявацца на спрыяльнае надвор’е. Упэўнены, што сёлета атрымаем вялікі і якасны ўраджай – не горшы за леташні.

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

По материалам газеты "Дзянніца"

Читайте также: