Главная » Новости » Лента новостей

Ёсць што ўспомніць, ёсць з чым далей крочыць па жыцці. Свой 70-гадовы юбілей адзначыў паважаны на Шчучыншчыне чалавек Генрых Шандроха

120

У гэтыя сакавіцкія дні адсвяткаваў сваё 70-годдзе паважаны на Шчучыншчыне чалавек Г.Ф. Шандроха. Амаль 10 гадоў Генрых Феліксавіч паспяхова ўзначальваў Шчучынскую раённую арганізацыю Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. І як старшыня прафкама АПК, і як неабыякавы да лёсаў іншых людзей чалавек, ён надзвычай уважліва адносіўся да ініцыятыў і запытаў працоўных. Шмат увагі ўдзяляў абароне сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў членаў прафсаюза, паляпшэнню ўмоў працы аграрыяў раёна, ажыццяўленню грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства.

А яшчэ прафсаюзнага лідара можна было часта сустрэць прама ў полі з аратымі, на жніве з камбайнёрамі і вадзіцелямі, на ферме з жывёлаводамі… Лепшых з лепшых па традыцыі прафсаюз віншаваў з вытворчымі перамогамі і ўручаў заслужаныя ўзнагароды. Пры гэтым сам Г.Ф. Шандроха вельмі добра ведаў усе нюансы сельскагаспадарчай вытворчасці, бо перш, чым узначаліць раённую арганізацыю прафсаюза АПК, прайшоў практычна ўсе прыступкі аграрыя.

Са школьных гадоў Генрых дапамагаў бацькам-сялянам, дый летнія канікулы часцяком праводзіў на калгаснай ніве. Пасля армейскай службы ў ракетных войсках на Дальнім Усходзе старанна вучыўся ў Гродзенскім сельгасінстытуце. А маладым спецыялістам прыехаў працаваць на родную Шчучыншчыну. Старт у прафесію быў салідным -- адразу на пасадзе галоўнага заатэхніка калгаса “40 год Кастрычніка” (была ў 80-х гадах мінулага стагоддзя такая гаспадарка з цэнтрам у вёсцы Ашмянцы). “Не згубіўся” наш герой і пасля аб’яднання сельгасарганізацыі з больш буйным калгасам, якім потым меў назву “Жалудоцкі”. Генрых Феліксавіч тады быў назначаны намеснікам старшыні, а з  2002 па 2010 год і ўвогуле паспяхова ўзначальваў гэты СВК.

 

І заўжды актыўны і ініцыятыўны Г.Ф. Шандроха быў у віры грамадскага жыцця: сакратар парткома, нязменны дэпутат гарпасялковага, а затым і раённага Савета дэпутатаў, незаспакоены прафсаюзны дзеяч, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”…   Людзі цанілі адкрытасць і высокія арганізатарскія здольнасці гэтага чалавека, яго сумленнасць, шчырае жаданне дапамагчы кожнаму. Таму і галасавалі за Г.Ф. Шандроху, выбіраючы на адказныя грамадскія пасады.

Нягледзячы на тое, што Генрых Феліксавіч ужо некалькі год на заслужаным адпачынку, у дзень ягонага 70-годдзя ніхто з былых калег, партнёраў, сяброў і, вядома, родных людзей не забыўся павіншаваць з юбілеем, не шкадаваў самых прыгожых і ўзнёслых слоў для паважанага чалавека. Тэлефон літаральна разрываўся, пажаданні ішлі з глыбінь душы і станавілася цёпла на сэрцы.

 

 

Цэлая дэлегацыя завітала ў Жалудок да Г.Ф. Шандрохі і са Шчучына. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк ад імя раённай улады ўручыла Генрыху Феліксавічу Ганаровую грамату, выказала вялікую падзяку за добрасумленную шматгадовую працу і актыўную грамадзянскую пазіцыю. Да шматлікіх узнагарод ветэрана далучылася і яшчэ адна прафсаюзная грамата, якую таксама з цёплымі пачуццямі і добрымі пажаданнямі ўручыў пераемнік – старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Генрых Юрэвіч. Моцнага здароўя і сямейнага дабрабыту ад душы жадаў Генрыху Феліксавічу лідар ветэранаў Шчучыншчыны Васілій Жукоўскі, а гаспадыні дома галантна ўручыў вялікі букет пунсовых руж.

 

 

Трэба сказаць, у Шандрохаў цудоўная сям’я.  Яны выхавалі і далі добрую адукацыю дзецям, радуюцца і не могуць нарадавацца разумнічцы-унучцы. Дарэчы, Ірына Тамашаўна выкладае гісторыю ў Жалудоцкай СШ, зацікаўлена займаецца музейнай справай дый сямейны архіў з фотаздымкамі, дакументамі, выразкамі з нашай газеты (!) і шматлікімі ўзнагародамі мужа (свае ж сціпла не афішыравала) захоўвае як рэліквію. Было вельмі цікава бліжэй пазнаёміцца і шчыра пагутарыць з гэтымі паважанымі людзьмі – аб сямейных каштоўнасцях, прафесіяналізме, неабходнасці перадаваць усе лепшыя духоўныя і працоўныя здабыткі маладым.

 

 

-- Гэта вельмі важна – быць запатрабаваным, калі твой жыццёвы і прафесійны досвед не кане ў лету, а пойдзе на карысць новым пакаленням, -- гаворыць Генрых Феліксавіч. – Мне вельмі прыемна, што з нагоды юбілею столькі людзей засведчылі свае шчырыя адносіны да мяне і ўдзячную памяць за тое добрае, што было зроблена падчас працы. Не верыцца, што так імкліва прамільгнулі самыя стваральныя гады. Затое цяпер ёсць час на няпешную філасофію жыцця, любімыя захапленні, больш уважлівыя адносіны да родных людзей. Ёсць што ўспомніць, ёсць з чым далей крочыць па жыцці…

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

Па матэрыялах газеты "Дзянніца"

Читайте также: