На балансе гаспадаркі – некалькі малочна-таварных ферм і комплекс «Беразоўка». У мінулым годзе на зімне-стойлавы сезон «варнянцы» нарыхтавалі пад патрэбу травяністых кармоў. Па словах спецыялістаў, да гэтага часу жывёлу кормяць уласнымі сенажом і сіласам. Як пройдзе зімоўка ў гэтым годзе, не загадваюць, а актыўна вядуць другі ўкос траў. На подступах – масавае жніво.
– План па нарыхтоўцы сенажу выканалі напалову і заклалі ў ёмістасці для захоўвання травяністых кармоў амаль 8 тысяч тон зялёнай масы. Летась на гэтую дату было 14 тысяч. Плануем нарыхтаваць крыху больш за 17 тысяч тон сіласу. На некаторых участках кукуруза выглядае добра, але недахоп вільгаці негатыўна адбіўся і на гэтай цеплалюбівай культуры. На некаторых участках расліна выкінула мяцёлку – гэта значыць, што спыніўся яе рост, далей будзе развівацца толькі пачатак, а патрэбна маса, – расказаў пра клопаты Іван Дзенюш. – У гаспадарцы працягваецца другі ўкос, травы ў пракосы запланавана пакласці на 1 500 гектарах. Да пачатку масавага жніва спадзяёмся яго завяршыць.
Па словах галоўнага тэхнолага «варнянскіх» палёў, аграрыі гаспадаркі заклалі вялікую сянажную траншэю ў Беразоўцы, па адной – у Варнянах, Бабраўніках, Карвэлях, Вароне. У дзень майго прыезду масу падбіралі на полі непадалёк ад вёскі Валэйкуны, а закладвалі – побач з МТК.
Некалькі гадоў назад па ініцыятыве Прэзідэнта ў гаспадарках краіны, у тым ліку і нашага раёна, павялічылі плошчы пад азімым ячменем. Стаўка на яго апраўдала сябе: культура даспявае найхутчэй і дазваляе перад масавым абмалотам праверыць на справе гатоўнасць збожжаўборачных камбайнаў.
– Жніўны клін складае 2,5 тысячы гектараў. Збожжа будзе абмалочваць 7 адзінак. З дня на дзень чакаем паступлення новага камбайна айчыннай вытворчасці КЗС-1218, – патлумачыў Іван Дзенюш. – Пяць хлебаўборачных машын ужо праверылі ў полі на ўборцы 65 гектараў азімага ячменю. На круг ён даў 34 цэнтнеры. У двух камбайнах, праўда, здарыліся невялікія паломкі, якія хутка выправілі.
– На восень пад гэтую культуру адвядзём 150 гектараў – насенне для праверкі ўжо здалі ў райінспекцыю, – працягнуў галоўны аграном. – Няблага выглядае рапс. Пад яго адведзена 350 гектараў. Добра з ім сёлета папрацавалі: правялі фунгіцыдныя апрацоўкі, каб расліна не хварэла, таму крыжакветкавы яшчэ недаспеў. Масава жаць, думаю, пачнём з наступнага тыдня.








