Главная » Новости » Лента новостей

Як рыхтуюць тэхніку да яравой сяўбы ў КСУП “Гудагай”

294

Чым займаюцца механізатары зімой, як рыхтуюць пасяўныя комплексы і іншую тэхніку да вясенне-палявых работ, наш карэспандэнт даведаўся, зазірнуўшы ў бліжэйшыя ад цэнтра механічныя майстэрні ў Малі КСУП «Гудагай».

Cейбіт Пётр Сяргей, які ў гаспадарцы займаецца гэтай справай без малога 35 гадоў. Механізатар неаднойчы трапляў у лік прызёраў раённага прафесійнага конкурсу аратых і прызнаваўся лепшым на адвозцы зялёнай масы. Чацвёрты сезон мужчына будзе шчыраваць у полі на сучасным глебаапрацоўчым агрэгаце – за гэты невялікі прамежак часу засеяў каля 10 (!) тысяч гектараў.

– Цяпер мяняю расходнікі: «зубы» на лапах, загартачы, апорныя калёсы, – тлумачыць Пётр Сяргей. – Значны плюс гэтай машыны ў тым, што пасеў – стужкавы, а не сашніковы. Вясной, як глянеш на зялёныя пасевы, душа радуецца: радочкі роўненькія, бы на падбор! 

Па словах загадчыка механічных майстэрняў Івана Барадынкі, праблем з зап­часткамі не ўзнікае: усё патрэбнае для рамонту сельгастэхнікі КСУП «Гудагай» набывае своечасова і за ўласныя сродкі. 

– Прычапныя агрэгаты – бараны, плугі і іншае – захоўваюцца на спецыяльнай пляцоўцы, якую забетаніравалі 2 гады назад, – тлумачыць Іван Барадынка. – Перад новым годам набылі кормаўборачны камбайн «Ягуар», трактар і ёмістасці для перавозкі сянажнай і сіласнай масы, раскідвальнік арганікі. 

– Патрэбныя для рамонту прычапной тэхнікі, глеба­апрацоўчых і пасяўных агрэгатаў запчасткі мы набылі яшчэ ў лістападзе-снежні мінулага года, часткова нешта дакупілі ў пачатку студзеня, – да размовы далучыўся галоўны інжынер КСУП «Гудагай» Павел Гваздоў. 

– Рамонтам самаходнага апрысквальніка будзе займацца гродзенская фірма «Белрасаграсервіс» – яны нас абслугоўваюць. Больш напружаным будзе люты: падфарбаваць, падчысціць – адным словам, навесці апошнія штрыхі, – працягвае галоўны інжынер. – Па графіку 1 сакавіка ўвесь задзейнічаны на вясенне-палявых работах аўтапарк будзе праходзіць дзяржаўны тэхагляд. 
Зазначу, гудагайцы з восені на захаванне машыны і агрэгаты ставяць падрыхтаванымі.

Плануецца, што вясной у поле ў КСУП «Гудагай» будуць працаваць 3 магутныя пасяўныя глебаапрацоўчыя комплексы, 13 культыватараў, каля 3 плугоў. Уся тэхніка эксплуатавацца не будзе: такой патрэбы няма. Думаецца, што меха­нізатары КСУПа, як і заўсёды, правядуць пасяўную кампанію на «выдатна». Балазе, усе перадпасылкі для гэтага ёсць.

Фото: Алёна Ганулич