Главная » Новости » Лента новостей

Як праходзіць першы ўкос у РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі”

86

Падчас касавіцы аграрыі раёна плануюць пакласці травы ў пракосы на плошчы амаль 13 тысяч гектараў, з якіх 2 057 скосяць саўгасаўцы. Цягам апошніх гадоў працаўнікі гэтай гаспадаркі  добра шчыравалі летам і цалкам пад патрэбу нарыхтоўвалі травяністых кармоў – некалькі сезонаў назад падчас зімне-стойлавага перыяду тут узнікалі праблемы з сенажом і сіласам. 
Колькі і якіх кармоў плануюць назапасіць нарыхтоўшчыкі РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі», з якім настроем працуюць і пра што дбаюць – пра гэта і іншае даведаўся карэспандэнт. 

Так званае зялёнае жніво не менш значнае па важнасці за збожжаўборачную кампанію: будуць кармы – будуць малако і мяса. Да 65-70% прыбытку прыносіць жывёлагадоўля. 
Па стане на раніцу 20 чэрвеня ў гэтай гаспадарцы травы ляглі ў пракосы на плошчы 1 135 гектараў (55%). Убрана ад скошанага 1 065 гектараў (94%). 
Каб зімой пракарміць амаль 5 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, у саўгасе плануюць нарыхтаваць  каля 720 тон сена, 16 500 сенажу і 24 тысячы сіласу – усяго 11 686 тон кармавых адзінак. Дарэчы, планы па корманарыхтоўцы засталіся на ўзроўні мінулага года. 
У дзень майго прыезду тэхніка дыслацыравалася непадалёк ад Рытані. 
Травы ў пракосы на сучаснай модульнай ратацыйнай касілцы КМР-9 клаў адзін з лепшых механізатараў раёна Валерый Жэгарыс. Нагадаю, гэтай вясной мужчына абышоў усіх сейбітаў Астравеччыны і стаў лепшым на сяўбе збожжавых і кукурузы па выніках працоўнага спаборніцтва райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.
– Трэці сезон працую на гэтым агрэгаце – класны. Захоп – 9 метраў, – патлумачыў касец. – Хоць на сенажаць у гэтым годзе выйшлі значна пазней, чым летась, думаю нагонім упушчанае. Балазе, як сонейка прыгрэла – травы растуць на вачах. 
Пацікавілася ў механізатара, пра максімальна выкананую дзённую норму. 
– Найбольш скасіў травы на плошчы 130 гектараў: працаваў з 7 раніцы да 10 вечара, – з усмешкай працягвае мужчына. – Ад нашай гаспадаркі ладзілася паездка на рэспубліканскую выставу «Бел­агра» – моцна хацеў трапіць: там жа столькі тэхнікі прадстаўлена! Валер’евіч (дырэктар Дзяніс Кірпа. – Заўв. аўт.) даў згоду пры ўмове, што змену адпрацую як за два дні. 
Да слова, Валерый Жэгарыс – не толькі адказны механізатар, але і актыўны блогер. На інтэрнэт-сервісе Tik-Tok мужчына выкладвае кароткія відэа, у тым ліку пра сваю работу. На профіль Жэгарыса (valeriy3022) падпісаны звыш 2 тысяч чалавек. 
– З апошняга – відэаўражанні ад паездкі на «Белагра». Дарэчы, дзякуючы ім у мяне пабольшала падпісчыкаў на 300 чалавек, – не без гонару дадаў механізатар. 

Касец Валерый Жэгарыс

Дырэктар саўгаса не сядзіць у кабінеце, а аб’язджае ўчасткі, дзе вядзецца нарыхтоўка кармоў, каб перамовіцца з механізатарамі, паглядзець, як працуе тэхніка. Папрасіла кіраўніка ахарактарызаваць касавіцу. 
– Напачатку травы былі горшыя, цяпер выглядаюць значна лепш. Ці ўзнікаюць праблемы? Канешне, а як жа без іх у сельскай гаспадарцы: тэхніка ламаецца, надвор’е падводзіць – але людзі спраўна працуюць. Думаю, першым укосам возьмем столькі ж, як і ў мінулым годзе. Варта не траціць час на пустыя размовы, перажыванні, а закатаўшы рукавы працаваць. З дня на дзень у поле выйдзе яшчэ адзін кормаўборачны камбайн, – адзначыў Дзяніс Кірпа.

Дырэктар саўгаса Дзяніс Кірпа

Непадалёк ад вёскі Літвяны падвяленую траву на комплексе падбіраў Аляксандр Шостак. 
– Валкі невялікія, але радуе, што з пацяпленнем травастой пацягнуўся ўгору. Май быў халодным, а травы растуць ноччу, – гаворыць камбайнер. – У залежнасці ад вільготнасці «зялёнкі» за дзень падымаю ад 100 да 300 тон. Праўда, пасля дажджоў глеба вязкая – трактары з прычэпамі «парэзалі» гэты ўчастак. 

Аляксандр Шостак працуе на кормаўборачным камбайне “Ягуар”

На адвозе травы на малочна-таварны комплекс «Рытань», дзе ішла закладка тэхналагічнай ёмістасці для захоўвання кармоў, задзейнічана 7 адзінак тэхнікі, у тым ліку дапамагаў трактар з фермерскай гаспадаркі «Руская мара».  Не першы год траву на «Джон-Дзіры» возіць адзін з лепшых аратых раёна Віталь Трыбоцкі. 
–  Колькасць рэйсаў залежыць  ад аддаленасці ўчастка, дзе вя­дзецца ўборка траў, да месца закладкі, – патлумачыў мужчына. – Бывае, і 12-14 рэйсаў раблю за змену.

Віталь Тыбоцкі возіць траву

На МТК «Рытань» утрым­ліваецца каля 1 450 галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх 800 – дойны статак. У дзень майго прыезду тут закладвалася другая ёмістасць для захоўвання травяністых кармоў. Трактары, нібыта спаборнічаючы, пад’язджалі да траншэі, высыпалі здробненую траву і зноў імчалі ў поле. «Амкадор» і МТЗ-1221 трамбавалі «зялёнку».
Леанід Бараноўскі, якому сёлета даверылі новы пагрузчык, працаваў у пары з Аляксандрам Собалевым. 
– Трамбуем да 10 гадзін вечара. На ноч траншэя ўкрываецца спецыяльнай плёнкай, – расказаў Леанід. – Тэмпература і вільготнасць сянажнай масы пастаянна вымяраецца. У гаспадарцы за гэта адказвае намеснік дырэктара па вытворчасці Андрэй Скурат, прыязджаюць пракантраляваць працэс і спецыялісты з раёна. 

 

“Амкадорам” траву трамбуе Леанід Бараноўскі

Трамбоўшчык Аляксандр Собалеў

Начальнік МТК «Рытань» Алена Юхна сочыць за закладкай зялёнай масы. 
– З мінулага года ў нас застаўся пераходны запас кармоў – каля 1 500 тон сіласу, – патлумачыла гаспадыня комплексу. – Усяго на тэрыторыі МТК 6 сянажна-сіласных ёмістасцей. Думаю, як і летась, ні адна не будзе пуставаць. 

Начальнік МТК “Рытань” Алена Юхна



Вадзіцель Генадзь Мятлеўскі дапагае “саўгасаўцам” на адвозе траў



Вадзіцель Міхаіл Грузд

Фото: Алёна Ганулич

Наши контакты

Наш адрес

230029, г. Гродно, ул. Коммунальная, 32

8 (0152) 62-50-11

obkom.apk.grodno@mail.ru

Время работы

Пн-Чт: 8.00 - 17.00

Пт: 8.00 - 15.45

Сб-Вс: выходной

Нажимая кнопку "Отправить" вы принимаете условия Политики обработки персональных данных.