Як праходзіць ўборка ў адзінай у раёне насенняводчай гаспадарцы – КСУП “Гудагай” Астравецкага раёна
З добрым настроем на жніве працуюць Уладзімір Шаблавінскі і Ігар Бараноўскі
Аграрыі раёна намалацілі амаль 26 тысяч тон збожжа і рапсу, з якіх 9 тысяч – хлебаробы КСУП «Гудагай». Гэта адзіная гаспадарка на Астравеччыне, якая спецыялізуецца на вытворчасці насеннага матэрыялу збожжавых і бульбы, а яе працаўнікі штогод перамагаюць у прафсаюзным жніўным спаборніцтве.
Што найлепш урадзіла на «гудагайскіх» палях, а што найгорш? Хто ўбірае саспелы ўраджай і дзе ён захоўваецца? Пра гэта і іншае даведалася, завітаўшы на жніво
ў КСУП «Гудагай».


Падчас уборачнай кампаніі работа кіпіць і на палях, і на зернесушыльных комплексах, і на складах. Збожжа і рапс трэба дапрацаваць, «прыбраць» вільгаць, адбіць друз і размеркаваць: што пойдзе ў залік дзяржзаказу, а што – у «калгасныя» засекі.
Зернесушыльная гаспадарка «Гудагая» прадстаўлена трыма магутнымі сучаснымі комплексамі ў Малях, Германішках і Палушах.
Асноўныя работы па дасушцы ажыццяўляюць у спецыяльнай шахце. За адзін раз такі гігант «паглынае» звыш 70 тон зерня, кіраванне ўсімі працэсамі тут камп’ютарызаванае. З шахты зерне адпраўляюць на дапрацоўку ў бункер. А адтуль яго пагружаюць у машыну і вязуць у сховішча.
У Палушах гэтым займаецца Генадзь Масальскі. Мужчына таксама сочыць за работай спецыяльнай лініі ачысткі, дзе дапрацоўваецца зерне на насенны фонд.
– Здавён кажуць: што пасееш, тое і пажнеш. Таму якасці насеннага матэрыялу ў КСУП «Гудагай» надаюць вялікую ўвагу. Яго ў нас набываюць гаспадаркі раёна і вобласці. Тут паклалі на захоўванне звыш 100 тон зерня трыцікале і 150 тон ячменю, – расказвае вадзіцель. – У сельскай гаспадарцы ўсё жыццё. Пяць гадоў вазіў малако, а з 1992-га – на зернескладзе ў Палушах. Учора, напрыклад, вазіў рапс у Германішкі – на ўборцы работы ўсюды хапае.
Некалькі разоў на дзень зерне правяраюць партатыўным вільгометрам. За гэтым заспела кладаўшчыка Алену Лапшэвіч.
– Літаральна за хвіліну прыбор паказвае лічбы, – дэманструе апарат жанчына. – Бачыце, гэтая партыя трыцікале мае вільготасць 19,1%, а для захоўвання патрэбна 14-15% – будзем дапрацоўваць. Падчас уборкі працоўны дзень доўжыцца з 8 гадзін раніцы да 10 вечара. Памочнік падмяняе мяне падчас абеду.
На развітанне пацікавілася ў Алены Лапшэвіч, ці задаволена яна ўраджаем.
– Спёка і адсутнасць ападкаў зрабілі сваю справу: зярняты не наліліся. Але ўбраць трэба ўсё, што саспела, і спарадкаваць, – з веданнем справы зазначыла кладаўшчык.
З галоўным аграномам КСУП «Гудагай» Андрэем Ненартовічам з зернесклада накіраваліся на поле, дзе хлебаробы ўбіралі азімы трыцікале.
– Хваліцца сёлета не выпадае: ураджайнасць збожжавых на 15 цэнтнераў з гектара менш, чым у мінулым годзе, – уводзіць у курс спраў галоўны аграном. – Жніўны збожжавы клін у параўнанні з 2022-м значна не змяніўся. Праўда, з восені павялічылі плошчу пад збожжавымі на 400 гектараў. У апошнія гады склалася тэндэнцыя, што азімыя родзяць лепш за яравыя. Найбольш адвялі пад трыцікале – 1 136 гектараў. Гэта абумоўлена патрэбамі жывёлагадоўлі. Пабольшалі плошчы пад кукурузай на зерне – з мінулагодніх 120 яны выраслі да 375 гектараў. Паменшалі – пад азімым жытам і яравым аўсом. Затое рапс парадаваў. Спецыфіка ўборкі гэтай культуры ў тым, што трэба дакладна вызначыць час абмалоту. На круг крыжакветкавы даў крыху больш за 37 цэнтнераў. Для параўнання: летась намалочвалі 33. Са збожжавых найлепш сыплецца трыцікале: ураджайнасць 38,3 цэнтнера з гектара пры сярэднераённых 34. Мы нацэлены на тое, каб у максімальна кароткія тэрміны абмалаціць нівы і распачаць сяўбу азімага рапсу.
Адзначу, што тэхнапарк у гаспадарцы абнаўляюць штогод. Сёлета ў КСУП «Гудагай» з гомсельмашаўскага канвеера прыбылі 2 новыя камбайны КЗС-3219, на іх працуюць лідары раённага жніва – Яўген Грабоўскі з Віктарам Вашкевічам і Сяргей Трусевіч з Аляксандрам Ярашэвічам. Пра новыя агрэгаты механізатары адгукаюцца станоўча.
У камбайне магутнасцю 390 конскіх сіл захавана двухбарабанная сістэма абмалоту папярэдніх хлебаўборачных мадэляў. Гэта дазваляе не толькі хутка, але і беражліва абмалочваць збажыну. Разам з тым у камбайне з’явіліся і новыя фішкі. Напрыклад, унікальная ротарная сістэма саломасепарацыі, што дазваляе павысіць якасць уборкі і зменшыць страты зерня пры абмалоце.
На адносна новых камбайнах працуюць і іншыя механізатары. Не з першай спробы, але ўсё ж хоць на хвілінку атрымалася спыніць вялікія жніўныя машыны і перакінуцца некалькімі словамі з хлебаробамі.
Пазалетась новы КЗС-1218 даверылі Вітольду Ромашу. Хоць у КСУП «Гудагай» працуе трэці сезон, механізатарскую, а тым больш камбайнерскую, справу добра ведае.
– Пачынаў у калгасе «Полацкі тракт». Потым нас злучылі з «Варнянамі». Некалькі гадоў назад перайшоў у «Гудагай». Нават і не ўзгадаю, якое для мяне па ліку гэтае жніво. Упершыню збажыну абмалочваў на нямецкім камбайне «Кейс» – тады ў раёне толькі тры такія агрэгаты былі, – расказаў хлебароб.
Летась тройку камбайнераў-тысячнікаў замкнулі Браніслаў Каляда і Іван Герасім. Тады ім даверылі новы камбайн КЗС-1218 вытворчасці «Гомсельмаш». Сёлета мужчыны ізноў працуюць у пары. Да слова, для іх гэта 9-е сумеснае жніво.
– Не верце, калі вам скажуць, што паміж экіпажамі няма саперніцтва. Летась за 2 месца дужаліся з Бабойцем, але гэта была сумленная барацьба. «Гервятцы» нас абышлі, – успамінае мінулы сезон Іван Герасім. – Сёлета пакуль трымаемся на чацвёртай пазіцыі. Найбольш запомнілася ўборка пры Масейку, рапс тады на круг даваў звыш 70 цэнтнераў. У той год мой асабісты валавы намалот склаў больш за 2 500 тон.
Не горш за аксакалаў шчыруюць на жніве і маладзёжныя экіпажы. Увогуле ў гэтай гаспадарцы з 12 камбайнерскіх экіпажаў 5 – маладзёжныя. Відаць, і пагэтаму КСУП «Гудагай» наперадзе ўсяго раёна.








