У ліку лепшых у Беларусі па ахове працы!
Дэлегацыя ААТ “Граніт-Агра” паехала на выставу аграрнай прамысловасці “Белагра-2026” у Мінск не толькі па навінкі тэхнікі і новыя ўражанні, але і атрымаць заслужаную ўзнагароду.

Калектыў арганізацыі заняў трэцяе месца ў рэспубліканскім аглядзе-конкурсе па ахове працы і быў адзначаны Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, якую ўручылі кіраўніку сельгаспрадпрыемства Уладзіміру Лашко.
Уладзімір Іосіфавіч падзяліўся сваімі ўражаннямі ад выставы і эмоцыямі ад узнагароды:

– Прыемна высокая ацэнка нашай работы на рэспубліканскім узроўні. Прадпрыемства ў нас вялікае, пераважная большасць работ праводзіцца з удзелам тэхнікі, і строгае выкананне правілаў бяспекі – гэта абавязковы складнік вытворчага працэсу. Хачу выказаць словы ўдзячнасці работнікам ААТ “Граніт-Агра” за адказнае стаўленне да працы і сваіх абавязкаў. У цэлым выстава пакінула прыемныя ўражанні: тут з кожным годам пашыраецца асартымент сельскагаспадарчай тэхнікі пад любыя задачы, некаторыя машыны выбралі сабе на перспектыву. Таксама прыглядваліся да новых домікаў для жывёлы. Мерапрыемства атрымалася насычаным і багатым на сустрэчы: даведаліся нешта новае, наладзілі стасункі з іншымі сельгасарганізацыямі нашай краіны.
Наталля АВЯРЧУК
Фота ААТ “Граніт-Агра”








