Главная » Новости » Лента новостей

Як атрымаць прыбытак з “рукава”, ведаюць у КСУП “Гервяты”

257

Другі год запар у КСУП «Гервяты» нарыхтоўваюць кармы не зусім традыцыйным спосабамкансервуюць плюшчаную кукурузу і закладваюць яе ў «рукавы». Дарэчы сказацьгэта адзіная гаспадарка ў раёне, якая выкарыстоўвае такую эфектыўную і эканомную тэхналогію


КСУП «Гервяты» спецыялізуецца на вытворчасці ялавічыны. Больш таго, гэта адзіная на Астравеччыне гаспадарка, дзе ёсць комплекс па дарошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы. Каб зімой накарміць больш за 10 тысяч галоў, у тым ліку і малочных кароў, гервятцам трэба нарыхтаваць больш за 22 тысячы тон кармавых адзінак.

– Пад каралеву палёў сёлета адвялі каля 1 400 гектараў на сілас і 180 гектараў на зерне, – расказаў галоўны аграном КСУП «Гервяты» Аляксандр Кавалька. – У гэтым годзе кукуруза значна лепш урадзіла, чым летась. І надвор’е спрыяла, і да выбару насеннага матэрыялу падышлі адказна: спыніліся на гібрыдах першага пакалення «карынт» і «карданэ». 
Кукуруза апраўдала сваю мянушку: вымахала пад 3 метры і зверху ўніз ганарліва паглядала на чалавека, як сапраўдная каралева.
– Каб убраць гэтую культуру, для камбайна патрэбна спецыяльная жатка. Яе даўжыня складае 5,6 метраў, – уводзіць у курс спраў механізатар. – За дзень зжынаю каля 10 гектараў і намалочваю каля 120 тон зерня. А больш і не трэба – гэтага цалкам хапае для дзённай закладкі плюшчанай кукурузы ў рукавы. 
Закладка спецыяльных рукавоў абываецца з дапамогай агрэгата для плюшчэння фінскай вытворчасці Murska. Па меры неабходнасці пагрузчык засыпае зерне ў магутны вальцавы млын  для сплюшчвання. Неаспрэчны плюс гэтай машыны ў тым, што адначасова з «прэсаваннем» кукурузы можна выкарыстоўваць кансерванты. З дапамогай утвараемага ціску поліэтыленавы рукаў напаўняецца расціснутымі кукурузнымі зярнятамі. 
– Гэта тэхналогія дазваляе ўбіраць кукурузу ў больш раннія тэрміны, калі колькасць спажыўных рэчываў максімальная, – патлумачыў Аляксандр Кавалька. – Цяпер у зерня вільготнасць каля 40%, а класці яго на захоўванне можна з вільготнасцю ў 12-14%. Зразумела, што яго давядзенне да патрэбнай кандыцыі вельмі энергазатратнае. Вялікі плюс новага метаду нарыхтоўкі кармоў у тым, што зерне можна сіласаваць прама з поля.
Выкарыстанне рукавоў – эканамічны і просты метад апрацоўкі і захоўвання зерня. Прастата абумоўлена тым, што здробненую кукурузу не трэба трамбаваць, больш таго, пагрузку зерня ў любы момант можна спыніць, а пазней працягнуць. Таксама не ўзнікае патрэбы ў спецыяль­ных сховішчах. Больш таго, памер рукава можна вар’іраваць у залежнасці ад колькасці зерня. 

За работай плюшчылкі пільна сочыць Алег Юркойць, які кантралюе падачу кансерванта і ўзровень ціску ў сістэме.
– Полімерны рукаў паступова напаўняецца кукурузнай масай. Яго даўжыня ў сярэднім складае каля 60 метраў, дыяметр – 2 метры. Сіласуецца кукуруза каля трох тыдняў, – патлумачыў мужчына.

Да слова, спецыялісты жывёлагадоўчай галіны сцвярджаюць, што вільготнае плюшчанае зерне кукурузы ў большай ступені адпавядае фізіялогіі жывёлы, асабліва буйной рагатай, у адрозненне ад сухога. Прыгатаваны такім спосабам корм перакрывае надахоп энергіі і павышае прадукцыйнасць рагуль.

Паказальна, што многія беларускія гаспадаркі, якія ўкаранілі падобную тэхналогію, адзначаюць не толькі павышэнне прадукцыйнасці жывёлы, але і станоўчы эканамічны эфект за кошт значнай эканоміі сродкаў на сушцы і дапрацоўцы зерня. Верыцца, што і ў КСУП «Гервяты» рукавы для захоўвання сплюшчанай масы стануць «каралеўскімі».



Текст: Алёна Ганулич

Фото: Алёна Ганулич

Читайте также: