Главная » Новости » Лента новостей

Як ацэньваюць сяўбу земляробы КСУП “Міхалішкі”, даведаўся карэспандэнт

229

Хлебаробы Астравеччыны выдатна справіліся з сяўбой ранніх збожжавых і зернебабовых культур – іх насенне прыкрыта на 5 485 гектарах.

Чым цяпер занятыя ў полі механізатары КСУП “Міхалішкі”, дзе яравы клін сёлета найменшы – 2 530 гектараў, даведаўся карэспандэнт у гаспадарцы.

Пад збожжавыя “міхалішкаўцы” адвялі звыш 950 гектараў, з якіх 200 –пад авёс, 620 – пад ячмень, 166 – пад пшаніцу. Напачатку мінулага тыдня пачалі прыгортваць у глебу насенне цукровых буракоў – яны зоймуць 250 гектараў (крыху больш за 15% адведзеных пад гэтую культуру ў раёне плошчаў). На 18 красавіка план па іх пасеве выкананы на трэць.

Пацікавілася ў галоўнага агранома КСУП “Міхалішкі” Алега Кавалевіча, ці змянілася сёлета структура пасяўных плошчаў.

– Змяненні ёсць, і яны абумоўлены аб’ектыўнымі прычынамі. Па-першае, амаль на 500 гектараў паменшыўся яравы клін збожжавых: летась засявалі звыш 1 400 гектараў, у гэтым годзе – толькі пад тысячу. Прытрымліваемся земляробчай тэндэнцыі і імкнёмся больш пільна са збожжавымі працаваць з восені: на зіму пасеялі 1 450 гектараў, – расказаў галоўны тэхнолаг міхалішкаўскіх і страчскіх палёў. – Пад цукровымі буракамі плошчы зменшыліся на 50 гектараў, затое арэал вырошчвання кукурузы пабольшаў амаль на 200 гектараў – і складае 978.

– Распрацоўка аптымальных пасяўных плошчаў залежыць ад патрэб жывёлагадоўлі, – да размовы далучыўся загадчык раслінаводчага ўчастка №1 Мар’ян Комар, які прысвяціў раённаму раслінаводству звыш 40 гадоў. – На зялёны корм пасеялі 100 гектараў свірэпіцы.

У дзень майго прыезду работа вялася па некалькіх франтах: непадалёк ад малочна-таварнага комплексу “Маркуны” паляводы збіралі камяні, 3 глебаапрацоўчыя агрэгаты культывавалі глебу, 1 комплекс сееў цукровыя буракі. Другі сезон на трактары ў счэпцы з пасяўным агрэгатам “Плантэр-3” гэтым займаецца Валерый Сташко. Агульны стаж працы мужчыны ў сельскай гаспадарцы набяжыць пад 20 гадоў.

– Дзень дню – розніца. У сярэднім за змену засяваю каля 22-23 гектараў што складае прыблізна 10% ад плана, – расказвае сейбіт. – Сёлетняя пасяўная не адрозніваецца ад іншых. Праўда, вільгаці ў глебе не хапае – пыліць.

Культывацыя, як, дарэчы, і сяўба даверана вопытным механізатарам. Пра Івана Юшчыка, чый партрэт занесены на раённую Дошку гонару, наша газета расказвала не раз.

Іван Янушэўскі пра перадпасяўную падрыхтоўку глебы ведае шмат – гэтым мужчына займаецца не першы сезон.

– Дзённая плошча апрацоўкі залежыць ад памераў поля, колькасці пераездаў. У Міхалішках дастаткова вялікія ўчасткі, а страчскія землі больш дробнаконтурныя, – патлумачыў механізатар. – У сярэднім да 25 гектараў глебы культывуем.

На полі ля вёскі Супраненты глебу пад сяўбу цукровікаў рыхтавалі два васьмілязовыя плугі.

– Вясенне-палявыя работы ўскладняе тое, што працяглы час няма ападкаў – вельмі патрэбен дождж. Хоць і з плугам па полі “хаджу” – а пыліць, – расказаў араты Віктар Валуевіч.

Што тычыцца кукурузы, то спецыялісты лічаць, што сеяць яе варта, калі глеба прагрэецца да 8-12 градусаў.

– Калі верыць прагнозам сіноптыкаў, то, думаю, праз тыдзень пачнём прыгортваць насенне каралевы палёў. Раніцай яшчэ прымаразкі “кусаюцца”, – патлумачыў Алег Кавалевіч. – Кукуруза лічыцца цеплалюбівай культурай – варта дачакацца даспявання глебы, а не кідаць зярняты ў халодную.

Пытаю ў галоўнага агранома, як ён ацэньвае сёлетнюю пасяўную кампанію.

– Усё як па масле, – адказаў Алег Кавалевіч. – У кароткія тэрміны завяршылі сяўбу збожжавых – у асноўным выкарыстоўвалі эліту. Насенне набывалі ў КСУП “Гудагай” і іншых элітгасах. Уласных тэхнічных магутнасцей – хоць аўтапарк у нас далёка не новы, – хапае. Радуе, што ўдосталь ёсць паліва. Значных праблем не павінна ўзнікнуць.

...Але не сяўбой адзінай. У КСУП “Міхалішкі” працягваецца падрыхтоўка глебы, падкормка азімых у другі раз, вываз на поле і ўнясенне арганікі. Словам, вясной, як і восенню, работ у вяскоўцаў хапае.

P.S. Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, на Астравеччыне прайшлі дажджы – відаць, у нябеснай канцылярыі пачулі просьбы хлебаробаў!

Па матэрыялах"Астравецкая прауда"

Читайте также: