Главная » Новости » Лента новостей

Вызначаны лепшыя механізатары на вясенне-палявых работах

247

На Астравеччыне склалася добрая традыцыя: райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу падчас асноўных сельскагаспадарчых кампаній праводзіць спаборніцтва сярод механізатараў. Сталі вядомыя імёны лепшых аграрыяў, занятых на вясенне-палявых работах.

Конкурс прафесійнага майстэрства праводзіўся ў намінацыях “Ворыва”, “Культывацыя”, “ Сяўба збожжавых”, “Пагрузка арганікі”, “Унясенне арганікі”, “ Падсеў траў”, “ Унясенне мінеральных угнаенняў”, “ Сяўба цукровых буракоў”, “ Сяўба кукурузы”. Пакуль не вызначаны пераможцы ў апошніх двух катэгорыях – бо працягваецца сяўба гэтых культур.

З дыпломамі і падарункавымі сертыфікатамі да лепшых хлебаробаў раёна на поле завітаў іх прафсаюзны лідар Юрый Адула. На месцы да яго далучыліся старшыні прафсаюзных пярвічак гаспадарак.

На ворыве не было роўных Віталю Трыбоцкаму з РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі”. Да слова, мужчына не першы год годна праходзіць гэты іспыт, дэманструючы лепшы вынік.

Адразу ў двух намінацыях перамог “саўгасны” сямейны тандэм – бацька і сын Жэгарысы. Іосіф Станіслававіч святкаваў перамогу ў намінацыі “Унясенне мінеральных угнаенняў”. Валерый Іосіфавіч стаў лепшым сейбітам. У сярэднім за дзень ён засяваў збожжавымі амаль 40 гектараў і за ўсю пасяўную кампанію прыгарнуў насенне на плошчы 918 гектараў, што складае звыш 96% ад яравога збожжавага кліна гаспадаркі.

На падсеве траў найбольш за астатніх папрацаваў Дзмітрый Янковіч з КСУП “Гервяты”, які дарэчы, не ўпершыню засвяціўся ў лідарах вясенне-палявых работ. Яго калега, таксама прызёр прафсаюзнага спаборніцтва ў мінулыя гады, Андрэй Махонька прызнаны лепшым механізатарам на культывацыі. Таксама была адзначана работа Віталіюса Гудойціса, які ўносіць мінеральныя ўгнаенні.

На пагрузцы і ўнясенні арганікі найбольшыя аб’ёмы працы выканалі “гудагайскія” аграрыі Уладзімір Шаблавінскі і Дзмітрый Матусевіч адпаведна.

Да ўшанавання лепшых працаўнікоў палёў сёлета далучыўся і райкам грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. Галоўны спецыяліст Юлія Варковіч уручыла дыпломы і падарункі лепшым маладым механізатарам: “гервятцу” Дзмітрыю Янковічу (падсеў траў), Генадзю Слепіка (унясенне мінеральных угнаенняў), Станіславу Казойцю (культывацыя) з РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі” і “гудагайскім” працаўнікам Уладзіміру Шаблавінскаму і Дзмітрыю Матусевічу, якія займаюцца пагрузкай і ўнясеннем арганікі.

Па матэрыялах "Астравецкая праўда"

Читайте также: