Главная » Новости » Лента новостей

Ветэрана вайны Вадзіма Квача павіншавалі з Днём Перамогі

761

Напярэдадні свята 9 Мая старшыня Шчучынскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Генрых Іосіфавіч Юрэвіч разам са старшынёй пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі саўгаса “Вялікае Мажэйкава” Наталляй Міхайлаўнай Шанчук наведалі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Вадзіма Лявонцьевіча Квача і ўручылі яму кветкі і падарункі.

Былы франтавік Вадзім Лявонцьевіч Квач сустрэў гасцей з бадзёрай усмешкай і пры поўным парадзе: на яго пінжаку красаваліся шматлікія ўзнагароды. І хоць повад сустрэчы быў светлым, ветэрану няпроста было ўспамінаць перажытае ў вогненныя саракавыя.

Калі пачалася вайна, яму было толькі шаснаццаць гадоў. Каб акупанты не вывезлі на прымусовыя работы ў Германію, пайшоў працаваць на чыгунку. З прыходам Чырвонай Арміі ў 1944 годзе быў залічаны ў артылерысты. Будучы на перадавой, не раз рызыкаваў жыццём. Асабліва цяжка прыйшлося падчас штурму Берліна, дзе ён страціў многіх аднапалчан.

-- Моцнага здароўя вам і бадзёрасці! – пажадаў былому франтавіку прафсаюзны лідар аграрыяў раёна Генрых Іосіфавіч Юрэвіч. – Дзякуй за свабоду і незалежнасць!

– Беражыце мір на зямлі! – даў наказ ветэран.

 

dzyannica.by

Читайте также: