Главная » Новости » Лента новостей

Ветэран працы Феліцыя Коўшык прымала віншаванні з нагоды юбілею

169

У апошні дзень зімы 90-годдзе адсвяткавала жыхарка Астравеччыны Феліцыя Коўшык. З днём нараджэння юбіляршу віншавалі не толькі шматлікія родныя і блізкія, але і райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, раённая арганізацыя Беларусскага прафесійнага саюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў, раённы савет ветэранаў.

2038.jpg

– Вы не па чутках ведаеце, што такое складаная сялянская работа. Ваша працоўнае жыццё – прыклад для пераймання. Ад імя нашай шматлікай арганізацыі віншую вас з юбілеем, дзякую за самаадданую працу на карысць роднага калгаса і нашага краю. Жадаю здароўя, бадзёрасці і больш шчаслівых імгненняў і падзей, – уручаючы кветкі і падарунак Феліцыі Паўлаўне, пажадаў прафсаюзны лідар аграрыяў Астравецкага района Юрый Адула.

Да віншаванняў далучыліся і старшыня райкама прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Яніна Кірэева і старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Шляхтун.

– 90 гадоў вы не проста пражылі, а прапрацавалі на гэтай зямельцы: рвалі лён, даілі кароў, гадавалі дзетак – не ведалі спакою і адпачынку, – сказала Ірына Шляхтун. – Жывіце ў міры і шчасці яшчэ многія гады. І, як кажуць на Астравеччыне: сто лят!

Юбілярша расчулілася ад цёплых слоў і ўвагі гасцей і крыху прыгадала сваё доўгае, напоўненае радасцямі і засмучэннямі, працай і святамі, сустрэчамі і расстаннямі жыццё.

2067.jpg

– Пасля смерці бацькі пайшла ў найміты да адзінокай жанчыны ў Барані: арала, касіла, даглядала жывёлу. Мне тады 14 было. Гаспадыня плаціла збожжам. Колькі – ужо і не прыгадаю, – дзеліцца Феліцыя Паўлаўна. – Потым пайшла на цагельны завод у Кісялі: высякала гліну, якую цягалі ваганеткамі. Там пазнаёмілася з будучым мужам. Жылі ў Будранях. Я ўладкавалася ў масцянскі калгас “50 год ВЛКСМ” – не адно дзесяцігоддзе адпрацавала там: хадзіла на палявыя работы, даіла кароў, апошнія гады была малаказборшчыкам.

– Нялёгкая праца была, а яшчэ ж і сваю гаспадарку трымалі: каровы, быкі, цяляты, авечкі, свінні, конь, куры, гусі... Але ўсе тады жылі са свайго мазаля, – расказвае жанчына. – Сыны і нявесткі ў мяне добрыя. Маю 5 унукаў і 9 праўнукаў. Жыццё хоць гаротнае было, але, відаць, у Бога ласку заслужыла: дзеці даглядаюць – жыву як пані, і людзі памятаюць пра мяне.

Рэдакцыя таксама далучаецца да віншаванняў: 100 гадоў вам, Феліцыя Паўлаўна!

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич
 
Па матэрыялах газеты "Астравецкая праўда"

Читайте также: