Главная » Новости » Лента новостей

“Вестачка”, “лідзія”, “галубка”, “атлет” – якія сарты збожжавых вырошчваюць у адзіным элітгасе раёна

218

4235.jpg

КСУП "Гудагай" – гэта гаспадарка адна з найбуйнейшых у раёне. На яе рахунак прыпадае больш за трэць валавай вытворчасці сельгаспрадукцыі.

З улікам арэндаваных “варнянскіх” зямель сельгасугоддзі складаюць звыш 12 тысяч гектараў, у тым ліку 7 688 – раллі. “Гудагай” яшчэ і адзіны на Астравеччыне элітгас, які спецыялізуецца на вытворчасці насеннага матэрыялу збожжавых і бульбы. Летась у Беларусі для насенняводчых гаспадарак увялі атэстацыю, якую сельгаспрадпрыемства паспяхова прайшло. Дарэчы, структура пасяўных плошчаў тут распрацоўваецца не толькі з улікам патрэб жывёлагадоўлі, але і попыту на насенне.

– Галоўная задача – вырасціць эліту. Мы набываем насенны матэрыял па рэпрадукцыях. Праз год атрымліваем суперэліту, – расказала аграном-насеннявод Марыя Ждановіч.

1.jpg

На зіму ў гаспадарцы заклалі некалькі гадавальнікаў сартоў пшаніцы “маркіза”, “аўгусціна”, “гірлянда”; трыцікале “беразіно”, “атлет-17”, “влага-16”; жыта “галубка”. Вясной у глебу прыгорнуць яравую пшаніцу “вестачка-17”, ячмень “калдун”, “аванс”, “карнэт”, авёс “лідзія”.

Прадпрыемства прытрымліваецца земляробчых тэндэнцый і стараецца больш шчыльнапрацаваць з азімымі, бо яны родзяць лепш за яравыя на 10-15 цэнтнераў. З восені пад гэтыя патрэбы адвялі 2 600 гектараў, што на 400 больш, чым у 2022-ім. Па вясне плануюць пасеяць 1 585 гектараў збожжавых і зернебабовых. Акрамя гэтага, 355 гектараў адвядуць пад цукровыя буракі, 82 – пад бульбу і без малога 1 700 – пад кукурузу, у тым ліку 375 – на зерне.

4245.jpg

На раніцу 12 красавіка раннімі збожжавымі і зернебабовымі “гудагайцы” засеялі 65% плошчаў.

Як праходзяць вясенне-палявыя работы ў гэтай гаспадарцы і хто на іх задзейнічаны, раскажам у бліжэйшыя дні.

 

Текст: Алёна Ганулич

Фото: Алёна Ганулич
 
По материалам газеты"Астравецкая праўда"

Читайте также: