Главная » Новости » Лента новостей

Васіль Сцяпура: “Удзячны лёсу за людзей на жыццёвым шляху”

241

Бывае, што нараджаецца чалавек у простай сям’і, але на жыццёвым шляху яму свеціць высокая зорка, і такая асоба выконвае сваё прызначэнне, аказваючы ўплыў на лёсы многіх людзей.

Высокай пуцяводнай зоркай Бог адзначыў нашага земляка, ураджэнца вёскі Раманавічы, Васіля Сцяпуру, які на Дзятлаўшчыне прайшоў свае “жыццёвыя ўніверсітэты”, каб затым “рухаць наперад” Воранаўскі раён, а пасля Гродзенскую вобласць і краіну.

У скарбонцы працоўнай і грамадскай дзейнасці Васіля Ігнатавіча – ганаровае званне заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, 4 ордэны і 13 медалёў, 2 з якіх – расійскія, што атрымаў у час дэпутацтва ў міжпарламенцкай асамблеі краін СНД. У ліку ордэнаў – “Знак почёта” часоў Савецкага Саюза і “Знак пашаны”, уручаны ўжо ў незалежнай Беларусі, а таксама ордэны Кірылы Тураўскага І і ІІ ступеняў.

Нарадзіўся Васіль Сцяпура ў шматдзетнай сялянскай сям’і, дзе гадавалася пяцёра дзяцей. Яго маці была калгасніцай, бацька – сталяром, сапраўдныя вясковыя працаўнікі, яны і сваіх дзяцей прывучалі да карыснай справы. Васіль не толькі дапамагаў дарослым па гаспадарцы, але і разам з бацькам працаваў з дрэвам. Па заканчэнні 8 класаў ён выбраў для сябе сельскую спецыяльнасць і паступіў у Ваўкавыскі зааветтэхнікум. Працавіты хлопец кожнае лета праводзіў у студатрадзе, два гады запар – камандзірам. На першым сваім рабочым месцы, фельчарам на ветэрынарным участку ў Любчы Навагрудскага раёна, адпрацаваў усяго паўтара месяца і быў прызваны на тэрміновую ваенную службу. Праходзіў яе спачатку ў Катоўску Адэскай вобласці Украінскай ССР, затым – у Забайкаллі ў ракетных войсках стратэгічнага прызначэння.

Пасля дэмабілізацыі вярнуўся на малую радзіму, каля 5-і гадоў адпрацаваў у вёсцы Парэчча ветфельчарам, завочна атрымліваў адукацыю ветэрынарнага доктара ў Віцебскім ветэрынарным інстытуце імя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Па заканчэнні вучобы ў 1980 годзе Васіля Сцяпуру па партыйнай лініі накіравалі на шасцімесячныя курсы кіруючых кадраў.

– Гэта была моцная савецкая школа, сапраўдная “кузня” кіраўнікоў у галіне сельскай гаспадаркі, – расказвае наш зямляк. – Асноўныя пастулаты, атрыманыя ў той час, памятаю і сёння. Грунтоўныя даваліся веды.

Не дзіўна, што ў хуткім часе Васілю Ігнатавічу прапанавалі новае прызначэнне – узначаліць адзін з калгасаў Дзятлаўскага раёна з папулярнай на той час назвай “1 Мая” (цяпер КСУП “Жукоўшчына”). У гэтай гаспадарцы ён старшынстваваў доўгія сямнаццаць з паловай гадоў, шмат увагі надаваў не толькі намалотам і павышэнню вытворчасці жывёлагадоўлі, але і будаўніцтву, развіццю сацыяльнай інфраструктуры, быту і ўмовам працы работнікаў.

– Памятаю, як у канцы 90-х наш калгас наведаў тагачасны старшыня Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Іосіфавіч Дубко, – прадаўжае прыводзіць факты аўтабіяграфіі Васіль Сцяпура. – У мяне тады пшаніца дала ўраджайнасць 63 цэнтнеры з гектара. Госць адзначыў, што гэта высокі вынік нават па мерках верцялішкаўскага “Прагрэса”, пахваліў і пабудаваныя жывёлагадоўчыя комплексы ў Нагародавічах і Краглях.

Як ужо можна здагадацца, вынікам візіту губернатара стала чарговая кар’ерная прапанова – узначаліць Воранаўскі раён, дзе ў далейшым старшынёй райвыканкама Васіль Сцяпура адпрацаваў наступныя 6 гадоў, там жа быў удастоены ордэна “Знак пашаны”, Падзякі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і падарачнага “прэзідэнцкага” гадзінніка з памятнай гравіроўкай.

Чарговай прыступкай кар’ернай лесвіцы ў 2004 годзе для вопытнага кіраўніка стала пасада першага намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама, для прызначэння на якую патрабавалася ўзгадненне ў Прэзідэнта.

– Да гэтага мне ўжо двойчы “ўжывую” выпадала сустракацца з беларускім лідарам, – спыняецца на чарговай старонцы свайго жыцця Васіль Сцяпура. – У адну з такіх сустрэч я трымаў справаздачу аб вырошчванні беларускага лёну, і мне паўгадзіны давялося адказваць на пытанні Аляксандра Рыгоравіча. Прэзідэнт задаваў іх спакойна, з веданнем справы, адчувалася, што ён добра валодае тэмай і пазітыўна настроены. Можа, па гэтай прычыне ўзгадненне маёй кандыдатуры на пасаду першага намесніка губернатара Гродзеншчыны прайшло ў завочным фармаце. Гэта яшчэ раз упэўніла мяне ў думцы, што беларускі лідар валодае выключнай памяццю на людзей і падзеі.

Чатыры гады, з 2004 па 2008-ы, Васіль Сцяпура курыраваў у Гродзенскім аблвыканкаме галіну сельскай гаспадаркі і харчавання. На пытанне, з якіх крыніц ён чэрпаў веды і мудрасць, Васіль Ігнатавіч без ваганняў зазначае:

– “Пуцяводнай зоркай” для мяне многія гады быў “Маральны Кодэкс будаўніка камунізму”, пастулатаў якога я стараўся заўжды прытрымлівацца. Прыклад браў і з яркіх палітычных асобаў нашай рэспублікі, нават завёў сабе блакнот, куды пазначаў найбольш слушныя іх выказванні.

Духоўнаму боку жыцця Васіль Сцяпура стараўся надаваць не менш увагі, чым афіцыйнаму. Царкоўныя ўзнагароды – вынік яго дапамогі праваслаўным храмам, сярод якіх Барысаглебская царква ў вёсцы Накрышкі. Там жа сутыкнуўся з нетыповай з’явай, можна сказаць, маленькім божым цудам, які тычыўся яго асабіста. Калі тагачасны настаяцель храма папрасіў аб ахвяраванні на рэстаўрацыю адной са старажытных, амаль векавых ікон, Васіль Ігнатавіч не адмовіў, і якім жа было яго здзіўленне ўбачыць на адваротным боку гэтай іконы прозвішча і паходжанне ранейшага мецэната “Конана з вёскі Ганчары” – прадзеда па мацярынскай лініі.

У жыцці нашага вядомага земляка былі таксама гады законатворчай дзейнасці ў Парламенце Рэспублікі Беларусь, калі ён стараўся сваім вопытам унесці ўклад у развіццё роднай краіны. Можна сказаць, што за плячыма Васіля Сцяпуры – дзесяцігоддзі ўзважаных рашэнняў і добрых спраў на карысць Айчыны, у кожную з якіх ён укладаў частачку сваёй душы. Цяпер наш знакаміты зямляк у актыве Гродзенскага абласнога савета ветэранаў, стараецца перадаваць свой прафесійны вопыт маладому пакаленню, актыўна ўдзельнічае ў жыцці ветэранскай арганізацыі, за што сёлета быў адзначаны чарговай узнагародай – Ганаровай граматай абласнога Савета дэпутатаў, таксама ў гэтым годзе прозвішча Васіля Сцяпуры ўнесена ў Кнігу славы Гродзенскай вобласці, з чым у час сустрэчы на малой радзіме яго павіншаваў старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак.

Час ад часу Васіль Сцяпура наведвае аграгарадок Жукоўшчына – тую стартавую пляцоўку, на якой загартаваўся як паспяховы кіраўнік. Такія візіты зараджаюць яго бадзёрасцю і добрым настроем, а сустрэчы з землякамі дораць прыемныя хвіліны радасці.

Ірына СТЫРНІК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Па матэрыялах "Перамога"