Главная » Новости » Лента новостей

В рамках акции «Наш животновод» поздравили работников СПК «Свитязянка-2003»

87

У рамках рэспубліканскай акцыі «Наш жывёлавод» старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў, намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Карэліцкага райвыканкама Аляксандр Манько і прафсаюзны лідар аграрыяў раёна Ірына Пянькоўская наведалі малочна-таварныя фермы і комплексы СВК “Свіцязянка-2003” і ўручылі Падзячныя пісьмы і каштоўныя падарункі жывёлаводам.

– Сваёй добрасумленнай працай вы праслаўляеце сельгаспрадпрыемства і заслужылі глыбокую павагу, – звярнуўся да перадавых жывёлаводаў кіраўнік раёна Генадзій Шатуеў.

– Кожнага з вас па праву можна лічыць сапраўдным прафесіяналам сваёй справы. Мэтанакіраванасць, высокая матывацыя і ўменне працаваць у камандзе дазваляюць вам з года ў год павышаць вытворчыя паказчыкі гаспадаркі. Так трымаць!

На малочна-таварным компексе “Райца-1” віншаванні з высокімі працоўнымі дасягненнямі прымаў жывёлавод Міхаіл Яўсей, які больш за дваццаць гадоў адпрацаваў на ферме, а на малочна-таварным комплексе “Райца-2” – жывёлавод Святлана Урбановіч.

– Прыемна, што нашу нялёгкую працу паважаюць і цэняць, – дзеліцца Святлана Сяргееўна. – Я ўжо шмат гадоў працую ў жывёлагадоўлі. Спачатку даглядала цялят на ферме “Міратычы”, і ўжо адзінаццаць гадоў працую на гэтым сучасным комплексе. На маіх вачах гэты вытворчы аб’ект развіваўся і нарошчваў вытворчыя магутнасці. Зараз наш комплекс з’яўляецца адным з флагманаў па вытворчасці малака ў гаспадарцы. Я тут даглядаю малых цялят з моманту нараджэння і да таго часу, пакуль яны памацнеюць і набяруць вагу. Каб жывёлам было камфортна, сачу за чысцінёй у стойлах, своечасова выпойваю і кармлю. Адным словам, строга выконваю тэхналогіі, і цяляты растуць на вачах.

Заслужаныя ўзнагароды з рук Аляксандра Манько і Ірыны Пянькоўскай атрымалі таксама жывёлаводы малочна-таварнай фермы “Літараўшчына” Віктар Карпач і фермы “Мінакі” Віталій Сташчанюк, слесар малочна-таварнай фермы “Міратычы” Міхаіл Урбановіч і вартаўнік фермы “Францішкова” Раіса Харошка.

Уручаючы заслужаныя ўзнагароды працаўнікам Ірына Пянькоўская адзначыла, што акцыя “Наш жывёлавод” праводзіцца Рэспубліканскім камітэтам Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу сумесна з Мінсельгасхарчам ужо шосты год запар з мэтай актывізацыі дзейнасці працоўных калектываў.

– Пра работнікаў сферы раслінаводства на кожным відзе работ, няхай гэта будзе жніво, пасяўная або нарыхтоўка кармоў, мы гаворым даволі-такі шмат і заахвочваем іх вельмі часта, а вось жывёлаводам не заўсёды надаецца належная ўвага. Таму сёння мы гаворым вам шчырыя словы падзякі за добрыя паказчыкі ў развіцці галіны жывёлагадоўлі сельгаспрадпрыемства, бо кожны з вас працуе на агульны вынік, – аздначыла Ірына Леанідаўна.

Вартаўнік фермы “Францішкова” Раіса Харошка сказала:

– Заўсёды прыемна ісці на работу, дзе адчуваецца клопат з боку кіраўніцтва гаспадаркі аб працаўніку. На ферме работы заўсёды хапае, але калі яна прыносіць задавальненне – ты не заўважаеш нагрузкі.Так, не без цяжкасцяў, але спраўляемся. Дзякуй усім за цёплыя словы, за тое, што ўнеслі пазітыў у працоўныя будні.

Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара

По материалам газеты "Полымя"

Читайте также: