Главная » Новости » Лента новостей

В РАЙЦЕ СОСТОЯЛСЯ ПРАЗДНИК «МОЛОЧНЫЕ РЕКИ — ПЕСЕННЫЕ БЕРЕГА»

233

Свята малака "Малочныя рэкі — песенныя берагі" стала традыцыйным у аграгадку Райца. Яно дае магчымасць вяскоўцам і гасцям сабрацца разам, і многія могуць падзяліцца сваім прафесійным майстэрствам: адны падарыць добрую песню, другія парадаваць кулінарнымі шэдэўрамі. З кожным годам яно набірае большы размах: сюды прыязджаюць з розных куткоў Карэліччыны.

ГАСЦІННАСЦЬ ПА-СВІЦЯЗЯНСКУ На пляцоўцы каля філіяла "Райцаўскі сельскі клуб" шматлюдна. Як гаворыцца, тут збіраюцца ад старога да малога. 

Намеснік старшыні СВК “Свіцязянка-2003” па ідэалагічнай рабоце, казначэй прафкама Алена Клаўсуць праводзіць дэгустацыю прадукцыі малочнай кампаніі "Навагрудскія дары" і спяшаецца пачаставаць ёю ўдзельнікаў свята. Яна адзначае: "Мы супрацоўнічаем з гэтай кампаніяй і пастаўляем малако для перапрацоўкі, "Навагрудскія дары" прадаставілі розныя сыры. Спадзяюся, што яны зроблены таксама і з нашай прадукцыі. Госці свята з задавальненнем частуюцца і адзначаюць высокую якасць прадуктаў".

Жыхарка аграгарадка Райца Таіса Мухіна паведала аб тым, што на свяце была ў мінулым годзе, гатавала тварожныя пончыкі і была адзначана граматай і прызам. Сёлета праводзіць майстар-клас па прыгатаванні варэнікаў-ляніўцаў і варэнікаў з тварагом. У адной са страў будзе сюрпрыз, за які можна атрымаць падарунак. — Гэтае свята вельмі добрае для насельнікаў нашага малочнага краю, узнімае дух вяскоўцаў, з кожным годам гасцей усё больш. Яно праходзіць чацвёрты год, і хочацца, каб моладзі ў ліку ўдзельнікаў было яшчэ больш. Да таго ж Свіцязянскі край вельмі прыгожы і славіцца сваімі традыцыямі, — гаворыць Таіса Мікалаеўна.

Гутару з бібліятэкарам Райцаўскай сельскай бібліятэкі Аленай Захарчук. Арганізавана тэматычная выстава "Малочны востраў", дзе прадстаўлена інфармацыя аб карысці малака і ўплыву яго на арганізм чалавека. Тут прымаўкі і вершы пра малако. Удзельнікі свята могуць адгадваць загадкі і разгадваць крыжаванкі пра малочную прадукцыю і за правільны адказ атрымліваць салодкія прызы.

ЧЫМ ПАРАДАВАЛА СВЯТА Свята пачынаецца. Яго адкрываюць вядучыя і абяцаюць шмат цікавага: жартаў, гульняў, конкурсаў, песень, танцаў — усяго, чаму можа парадавацца душа. І яно спраўдзілася: на працягу свята настрой узнімалі выканаўцы і ўдзельнікі, і асабліва гэта атрымлівалася ў герояў свята Нічыпара і Гапусі.

Конкурсы былі арыгінальнымі і няпростымі. Смельчакі паўдзельнічаць у іх знаходзіліся, але трэба было добра пастарацца, каб дасягнуць вынікаў. Да прыкладу, конкурсы: "Выпіць малако без рук", "Танец з малаком", "Асілкі", "Падаі карову", "Буронка". Асабліва захапляльным аказаўся "Рыбакі". Дзяўчынкі і хлопчыкі "лавілі" з вудачкамі ў руках сыркі, тваражкі, ёгурты, якія былі раскладзены на абрусе. Кожны з іх стараўся злавіць сваю ўдачу — і ім гэта ўдалося зрабіць.

Завіталі на свята і работнікі культуры раёна. Яны дэманстравалі сваё майстэрства і ўзнімалі настрой прысутных. Культарганізатар філіяла "Жухавіцкі Дом культуры" Кацярына Жамойда запрасіла на майстар-клас па побытавых танцах. Знайшлося шмат жадаючых, і нават Каза стала ў карагод. Старанні  работніка культуры аказаліся недарэмнымі: удзельнікі майстар-класа хутка авалодамі навыкамі танцаў, і з задавальненнем выконвалі лявоніху, польку-качан, кракавяк. — Мы на свяце малака ў Райцы выступаем не першы год. Я ўжо другі год як вядучая. Адчуваецца, што з кожным годам яно набывае размах, усё больш з'яўляецца ўдзельнікаў і навізны падчас правядзення, — адзначае Кацярына Жамойда. Шмат цудоўных песень прагучала на свяце. Іх выканаўцы пастараліся на славу — і мелодыі глыбока западалі ў душы слухачоў. Вось толькі ў Ірыны Загібайлавай з Жухавіч гэта атрымлівалася па-асабліваму: яе харызма і песні аб каханні не змаглі пакінуць нікога раўнадушнымі, і мелодыі суправаджаліся гучнымі апладысментамі.

МАЙСТЭРСТВА І ЎЗНАГАРОДА Не толькі песнямі і танцамі, майстар-класамі і конкурсамі поўнілася любімае свята свіцязянцаў. Тут было шмат прысмакаў, якія прыгатавалі спрытныя гаспадыні. Дзейнічала "Малочнае кафэ", дзе праводзілася дэгустацыя розных малочных напояў. На свяце можна было набыць хлебабулачныя вырабы ў вялікім асартыменце ад КСУП "Малюшычы". Сваімі імбірнымі пернікамі парадавала гасцей свята Алена Жывень з райцэнтра.

Адзначаны ўдзельнікі свята. У намінацыі "Самы арыгінальны варэнік" адзначылі Таісу Мікалаеўну Мухіну, "Самы крэатыўны пірог" — Алену Мікалаеўну Гіз, "Далікатны малочны дэсерт" —  Таццяну Віктараўну Шышкір, "Лепшае асарці з малака" — Алу Мікалаеўну Папюк. Прыз глядацкіх сімпатый атрымала Таццяна Віктараўна Шышкір. Дыпломамі за дапамогу ў падрыхтоўцы і правядзенні свята малака ўзнагароджаны філіялы: "Малюшыцкі сельскі клуб", "Турэцкі Дом культуры", "Жухавіцкі Дом культуры", а таксама Дзіяна Гіз, Максім Кудзін, Аляксей Тананка, Таццяна Шышкір.

ДЛЯ ЎСІХ І КОЖНАГА Сапраўды, на свяце малака "Малочныя рэкі — песенныя берагі" кожны яго ўдзельнік змог знайсці тое, што парадавала яго душу і ўзнімала настрой. Працавалі атракцыёны для дзяцей, выстава-продаж сувенірнай прадукцыі, крэатыўныя зоны і многае іншае. Тут удосталь гучала музыкі, а твары ўдзельнікаў свяціліся ўсмешкамі. — Свята праходзіць у чацвёрты раз. У яго арганізацыі і правядзенні падтрымку аказаў СВК "Свіцязянка-2003". У ім прымаюць удзел жыхары Райцы, Міратыч, Варончы, Малюшыч. Яно згуртоўвае людзей і дорыць ім добры настрой, — адзначыла загадчык філіала "Райцаўскі сельскі клуб" Ала Сіроціна.

Читайте также: