В КОРЕЛИЧАХ ПРОШЕЛ РАЙОННЫЙ ЭТАП РЕСПУБЛИКАНСКОГО КОНКУРСА "ВЛАСТЕЛИН СЕЛА-2025"
4 чэрвеня ў г.п. Карэлічы прайшоў раённы этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла”. У ім прынялі ўдзел тры сем'і, якія пражываюць у сельскай мясцовасці або маюць там прысядзібныя ўчасткі. Даведаліся, якія іх чакалі выпрабаванні і хто перамог. Сям'я – гэта крыніца любові і павагі, захавальніца маральных каштоўнасцяў, культуры і гістарычнай пераемнасці пакаленняў. Дабрабыт сям'і – гэта адзін з галоўных паказчыкаў развіцця і прагрэсу краіны. Умацаванне інстытута сям'і на дзяржаўным узроўні мае вельмі вялікае значэнне. На гэтыя мэты накіраваны шэраг нацыянальных праектаў, праграм і акцый. У іх ліку – рэспубліканскі сямейны сельскагаспадарчы праект “Уладар сяла”, які ўяўляе сабой конкурс сярод маладых сем'яў, якія жывуць у сельскай мясцовасці.
У цудоўны чэрвеньскі дзень на сцэне летняга амфітэатра райцэнтра панавала атмасфера азарту і пазітыву. Сёлета за права “Уладар сяла” змагаліся: сям'я Бязушка: Юрый Віктаравіч і Ганна Дзмітрыеўна, і іх выдатныя дзеці Мацвей і Цімафей (ДП “Чарняхоўскі-Агра”); сям'я Глод: Сяргей Сяргеевіч і Вольга Сяргееўна, сын Глеб (СВК “МАЯК-Заполле”); сям'я Мокат: Аляксандр Сяргеевіч і Кацярына Мікалаеўна, сын Уладзімір (СВК “Свіцязянка-2003”).
У якасці кампетэнтнага і строгага журы выступілі начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Наталля Гоцка, загадчык сектара культуры райвыканкама Наталля Шпакоўская, першы сакратар Карэліцкага раённага камітэта ГА "БРСМ" Таццяна Шэўчык, спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Русак. Канкурсанты дэманстравалі свае таленты і ўменні ў чатырох выпрабаваннях: “Давайце пазнаёмімся”, “Дрывасек”, “Сельская спартыўная эстафета", “Звініць каса – жыве вёска”. Са словамі прывітання да ўдзельнікаў і балельшчыкаў звярнулася першы сакратар Карэліцкага раённага камітэта ГА "БРСМ" Таццяна Шэўчык:
— Прыемна, што ў нас у раёне ёсць такія вось сапраўдныя гаспадары, якія любяць вёску, любяць зямлю; якія ў працавітасці выхоўваюць сваіх дзяцей, служаць для іх прыкладам. Конкурс “Уладар сяла” крочыць па нашай рэспубліцы з 2007-га года. Ён зарадзіўся па ініцыятыве моладзі ў адным з раёнаў Беларусі. Цяпер жа мае статус рэспубліканскага. І гэта вельмі важна, бо ён даказвае, што вёска наша жыве і развіваецца, расце прэстыж сельскіх прафесій. Хай сённяшні конкурс будзе поўны запалу і пазітыву. І спадзяюся, што яго пераможца не толькі добра прадставіць наш раён на абласным этапе, але і выйдзе на рэспубліканскі.
З чаго традыцыйна пачынаюцца мерапрыемствы? Вядома ж, са знаёмства. У конкурсе “Давайце пазнаёмімся” ўдзельнікі расказалі пра сябе і членаў сваёй сям'і. Усе падрыхтавалі сапраўдныя тэатралізаваныя паказы з вершамі ды песнямі. Жарты, гумар і пазітыўны настрой перадаваўся ад канкурсантаў членам журы і гледачам. Прыйшліся даспадобы ўсім і прыгатаваныя пачастункі. Іх ацанілі і дарослыя, і дзеці.
Пасля таго як гледачы і журы пазнаёміліся з удзельнікамі праекта “Уладар сяла-2025”, канкурсантаў чакаў шэраг выпрабаванняў. У наступным конкурсе “Па дровы” сужэнцы ручной пілой распілоўвалі на тры аднолькавыя часткі бервяно на казлах. Затым муж павінен быў сякерай рассекчы калодкі. Пасля чаго жонка складала дровы. Потым канкурсанты касілі, зграбалі і складалі ў капу траву, споборнічалі ў сельскай эстафеце. Усе этапы конкурсу праходзілі паслядоўна і на час. Хто хутчэй спраўляўся з заданнем, той, адпаведна, і лідзіраваў.
І вось, усе этапы пройдзены, і ўдзельнікі з хваляваннем чакаюць рашэння журы. Каб гледачы і ўдзельнікі не сумавалі, для іх сваю творчасць падарыў народны ансамбль песні “Забава”.
Па выніках конкурснай праграмы трэцяе месца прысуджана сям'і Глод, на другой прыступцы размясцілася сям'я Мокат, а званне пераможцы атрымала сям'я Бязушка.
Сужэнцы Юрый і Ганна прыемна ўсхваляваныя. Бухгалтар Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Алена Валчэцкая ўручыла сем’ям пуцёўкі на адпачынак “Тур выхаднога дня”. – Мерапрыемства нам вельмі спадабалася. Перажывалі, рыхтаваліся, удзельнічаем першы раз. Гэты конкурс выдатны спосаб паказаць усім, што наша сям'я – гэта каманда, і даказаць у чарговы раз сабе, што разам мы можам усё і пакажам як трэба! Першы раз і першае месца, мы вельмі рады!, – кажа Ганна. У пазітыўных эмоцыях жонку падтрымлівае і муж: – Прыемна здзіўлены перамозе. Першае месца заслужыць было не проста. У такіх мерапрыемствах хочацца паўдзельнічаць яшчэ, перамога вельмі натхняе. – Любы поспех дасягаецца ў камандзе. Мы заўсёды верылі і ведалі, што сям'я Бязушка сапраўдная і моцная каманда, мы вельмі ганарымся імі, – выказаліся прадстаўнікі групы падтрымкі.








