Главная » Новости » Лента новостей

Узнагароды – лепшым працаўнікам. На Шчучыншчыне ўрачыста адзначылі Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці

77

У чацвер Шчучынскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці прымаў гасцей самага галоўнага і прыгожага восеньскага свята, прысвечанага Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. На ўрачыстым мерапрыемстве па добрай традыцыі падвялі вынікі сельскагаспадарчага года, падзякавалі аграрыям за добрасумленную працу і ўзнагародзілі лепшых з лепшых.

Да пачатку ўрачыстасці ў фае РЦКіНТ увазе шчучынцаў і гасцей горада была прадстаўлена выстава-дэгустацыя сельскагаспадарчай прадукцыі, што выпускаецца прадпрыемствамі аграпрамысловага комплексу раёна. А задорныя рытмы "жывой"  музыкі, якімі сустракаў гасцей народны ансамбль “Ярыца” Мастоўскага цэнтра культуры, адразу ж стваралі прыўзняты настрой.

У актавай зале сабраліся лепшыя работнікі галіны, кіраўнікі і спецыялісты гаспадарак і прадпрыемстваў перапрацоўчай прамысловасці, ветэраны працы, госці. Святочна ўпрыгожаная сцэна, добры настрой гледачоў і эфектны пралог артыстаў раённага цэнтра культуры і народнай творчасці -- урачыстая частка мерапрыемства пачалася відовішчна і яскрава.

Галоўным атрыбутам свята стаў, вядома ж, залацісты каравай – пад дружныя апладысменты яго ўручылі на святочнай сцэне старшыні райвыканкама Аляксею Садоўскаму, як сімвал росквіту і дабрабыту. Кіраўнік раёна павіншаваў працаўнікоў аграпрама і ўсіх жыхароў Шчучыншчыны са святам, якое з’яўляецца ў нас агульным. Сёлета шчучынцы старанна працавалі, каб забяспечыць харчовую бяспеку грамадства. 

-- Аграпрамысловы комплекс раёна актыўна і дынамічна развіваецца. Ідучы ў нагу з часам, мы актыўна ўкараняем інавацыі і перадавыя тэхналогіі, павялічваем эфектыўнасць аграрнай вытворчасці і перапрацоўкі, -- падкрэсліў кіраўнік раёна. -- Сёлета валавы збор збожжа склаў больш за 97 тысяч тон.

Сельскагаспадарчымі арганізацыямі накопана 15,4 тысячы тон бульбы, нарыхтавана больш за 267 тысяч тон кармавых адзінак.  На працягу шэрага апошніх гадоў устойлівую дынаміку росту дэманструе жывёлагадоўчая галіна. З гонарам можна адзначыць і той факт, што наш раён заняў другое месца ў абласным спаборніцтве па нарыхтоўцы травяных кармоў, знаходзіцца на трэцім месцы ў вобласці па вырошчванні буйной рагатай жывёлы і па надоі малака на карову. За кожным дасягнутым вынікам стаіць праца людзей – прафесіяналаў з вялікай літары. Вынікі пацвярджаюць, што разам у нас многае атрымліваецца.

Затым лепшыя працаўнікі палёў і ферм, перапрацоўчых прадпрыемстваў, якія сваёй выніковай і добрасумленнай працай набылі павагу і прызнанне, атрымалі з рук старшыні райвыканкама Аляксея Садоўскага і старшыні раённага Савета дэпутатаў Ганны Хвядзюк заслужаныя ўзнагароды.

Ганаровымі граматамі і Падзячнымі лістамі былі ўзнагароджаны трактарыст-машыніст СПУ “Пратасаўшчына” Уладзімір Бадак, галоўны заатэхнік ААТ “Дэмбрава” Віталь Кунец, галоўны бухгалтар ААТ “Агра ГЖС” Данута Мацвейчык, намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Іна Кучура і старшы інспектар сектара прававой і кадравай работы Вераніка Місюк, лабарант Шчучынскага філіяла ААТ “Малочны Мір” Наталля Пільчук і апаратчык Алена Валошына, памочнік кіраўніка ААТ "Васілішкі" Ніна Ліпская, загадчык аддзела шматгадовых траў Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства НАН Беларусі Уладзімір Макара, брыгадзір СТАА “Клубніка Плантс” Лілія Трахімчык і палявод Лілія Буравікова, галоўны інжынер філіяла "Жалудоцкі агракомплекс" Дзмітрый Рудзевіч і аператар ЭВМ Галіна Бранцэвіч, глебазнавец “Гроднааблаграхімізацыі” Андрэй Заруба, галоўны спецыяліст Шчучынскага філіяла “Гродзенскага племпрадпрыемства” Анатоль Красочка, начальнік аддзела раённай ветэрынарнай станцыі Васіль Хатаў, інспектар аддзела кадраў ААТ "Першамайск-Агра" Валянціна Місюкевіч, вадзіцель саўгаса “Вялікае Мажэйкава” Аляксандр Шмукста, трактарыст-машыніст ТАА “Логал-Бія” Антон Дзікевіч і грыбавод Марына Кучэйка, аператар Шчучынскай птушкафабрыкі Аляксандр Баранаў, галоўны ветурач ААТ “Шчучынаграпрадукт” Юрый Тарамына.

Сярод прадпрыемстваў перапрацоўчай прамысловасці ТАА "Праймілк" з'яўляецца дыпламантам шматлікіх нацыянальных і міжнародных конкурсаў, лаўрэатам розных нацыянальных прэмій. Прадпрыемства працягвае папаўняць калекцыю ўзнагарод і імкнуцца да новых вяршыняў. Падчас мерапрыемства за плённую добрасумленную работу, дасягненне высокіх паказчыкаў у рабоце Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання быў узнагароджаны дырэктар ТАА "Праймілк" Анатоль Бяляўскі. Падзякай Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь адзначаны і работнікі прадпрыемства -- начальнік вытворчасці Андрэй Садоўскі, начальнік аддзела продажаў Юрый Чубрык і галоўны тэхнолаг Павел Юрэвіч.

Цэнтральным момантам свята стала цырымонія ўзнагароджання пераможцаў раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у сельскагаспадарчай галіне. Пераможцамі спаборніцтва на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур у 2021 годзе сталі працоўныя калектывы ААТ “Дэмбрава”, ААТ “Васілішкі” і СВУ “Пратасаўшчына”. У спаборніцтве на нарыхтоўцы травяных кармоў лепшым прызнаны калектыў ААТ “Дэмбрава”, другое месца ў СВУ «Пратасаўшчына», трэцяе – у ААТ “Шчучынаграпрадукт”. Узнагароды і грашовыя прэміі атрымалі таксама лепшыя камбайнеры зерне- і кормаўборачных камбайнаў, аператары зернесушыльных комплексаў і вадзіцелі аўтамашын.

Магчымасцю ў чарговы раз адзначыць працу работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці скарысталіся старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Генрых Юрэвіч і першы сакратар РК БРСМ Віталія Селівончык. Не засталося ў баку і кіраўніцтва Шчучынскага філіяла ААТ “Малочны Мір”. За добрасумленную працу і высокія дасягненні ўзнагароды і каштоўныя падарункі атрымалі многія працаўнікі галіны: механізатары і жывёлаводы, аператары і рабочыя, спецыялісты прадпрыемстваў АПК Шчучыншчыны.

Ні адно свята не абыходзіцца без добрага настрою і, вядома ж, без шчырай песні і агністага танца. Сваю творчасць працаўнікам сельскай гаспадаркі ў гэты дзень дарылі артысты гродзенскага музычнага тэатра "Рада".

Сяргей КАСПЯРЧУК.

Фота Аляксандра КАСПЕРЧУКА.

Наши контакты

Наш адрес

230029, г. Гродно, ул. Коммунальная, 32

8 (0152) 62-50-11

obkom.apk.grodno@mail.ru

Время работы

Пн-Чт: 8.00 - 17.00

Пт: 8.00 - 15.45

Сб-Вс: выходной

Нажимая кнопку "Отправить" вы принимаете условия Политики обработки персональных данных.