Уладзімір Чарняўскі: “Падзяка Прэзідэнта – найлепшы падарунак да свята”
Напярэдадні Дня сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК у Палацы Незалежнасці ў Мінску адбылася цырымонія ўручэння дзяржаўных узнагарод перадавікам аграрнай галіны – людзям, якія забяспечваюць рэкордны ўраджай-2025, сваёй шчырай працай ствараюць харчовую бяспеку нашай краіны.
У ліку ўзнагароджаных – наш зямляк, адзін з самых вопытных аграрыяў Дзятлаўшчыны, вадзіцель аўтамабіля ААТ “Граніт-Агра” Уладзімір Чарняўскі. За шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў ён быў адзначаны Падзякай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Уладзімір Фёдаравіч падзяліўся сваімі ўражаннямі ад сустрэчы:
– Вельмі прыемна ўзнагароду да прафесійнага свята атрымліваць з рук самога кіраўніка дзяржавы. Мінулы раз бачыў Аляксандра Рыгоравіча на рэспубліканскіх “Дажынках” у Мастах, і вось цяпер выпаў гонар не проста пабачыць, а атрымаць Падзяку Прэзідэнта. Прыём у Палацы Незалежнасці яшчэ раз пацвярджае, што працу хлебаробаў у Беларусі паважаюць і шануюць. Аб гэтым гаварыў і сам Прэзідэнт, звяртаючыся да нас са словамі ўдзячнасці і падтрымкі. Ён бачыць, як няпроста дастаецца важкі рэспубліканскі каравай, ведае, як працуюць аграрыі кожнай вобласці і раёна, сам часта бывае на палях. Спадабаліся цёплы прыём, цікавая экскурсія па Палацы Незалежнасці, чысты ўтульны горад Мінск. Вязу дадому Падзяку, нагрудны знак і імянны гадзіннік, які буду надзяваць на ўрачыстасці. Настрой на надыходзячае свята ўжо выдатны, але гэта толькі невялікі адпачынак, каб пасля з новымі сіламі вярнуцца за руль камбайна, аўтамабіля – працаваць на роднай зямлі.
Наталля АВЯРЧУК
Фота ААТ “Граніт-Агра”








