Главная » Новости » Лента новостей

У КСУП “Гудагай” убіраюць кукурузу

130
Высокая, статная, сакавітая, прыгожая… Сапраўдная каралева! Гэта пра кукурузу. Яе ролю складана пераацаніць у кормавытворчасці: спажыўны і карысны сілас займае значную частку ў рацыёне рагуль. 
На Астравеччыне ўсе гаспадаркі актыўна ўбіраюць кукурузу. За гэтым працэсам паназірала на адным з раслінаводчых участкаў КСУП «Гудагай», а таксама даведалася, ці радуе «каралева» мясцовых аграрыяў.
У дзень майго прыезду за Палушамі два кормаўборачныя камбайны «Ягуар» «ныралі» ў кукурузнае поле – здалёк віднеліся толькі загрузачныя трубы. Як патлумачыў Сяргей Урлік, якога неаднойчы прызнавалі лепшым корма­нарыхтоўшчыкам раёна і вобласці, на гэтым участку кукуруза цалкам апраўдвае сваю мянушку. На круг механізатары набіваюць каля 400 цэнтнераў.

Зялёную масу з-пад Палушаў на ферму ў Дравянікі, дзе вядзецца закладка сянажнай траншэі, возяць 7 адзінак тэхнікі. Па словах вадзіцеля Мікалая Іваніцкага, колькасць рэйсаў залежыць ад многіх фактараў – адлегласці, ураджайнасці і іншых. 
За працэсам уборкі ў полі сачыў галоўны спецыяліст па кормавытворчасці Аляксандр Жлабо. Хоць у КСУП «Гудагай» мужчына працуе без малога год, яго стаж у сельскай гаспадарцы перавысіў 20. Да гэтага на розных пасадах працаваў у сельгас­прадпрыемствах Смаргонскага раёна. 
– З вясны пад кукурузу на сілас адвялі 1 300 гектараў, на зерне – 375. Аднак больш абмалоцім масы, каб павялічыць аб’ёмы нарыхтаваных травяністых кармоў. Уборка гэтай культуры ў нашай гаспадарцы распачалася 30 жніўня. Задачу – нарыхтаваць не менш за 50 тысяч тон сіласнай масы, – думаю, выканаем. Спачатку жалі горшыя ўчасткі, дзе на круг набівалі каля 200 цэнтнераў, цяпер «бяром» больш. Самі бачыце, якая на гэтым полі вымахала кукуруза – вышэй за чалавека! – расказаў Аляксандр Жлабо, член Беларускага прафсаюза работнікаў АПК. – У сярэднім ураджайнасць будзе каля 330-350 цэнтнераў з гектара. Гэта нам дазволіць нарыхтаваць сілас пад патрэбу.

Галоўны спецыяліст па кормавытворчасці Аляксандр Жлабо

Па словах Аляксандра Жлабо, з дня на дзень у КСУП «Гудагай» пачнуць нарошчваць тэмпы ўборкі, каб закладваць не менш за тысячу тон масы ў дзень. Завяршыць уборку плануюць у сярэдзіне кастрычніка. 
– Да 65-70% прыбытку сельгаспрадпрыемствам прыносіць рэалізацыя прадукцыі жывёлагадоўлі. Пад яе патрэбы «заточана» раслінаводства. Цяпер па важнасці задача нумар адзін – назапасіць на зімне-стойлавы перыяд дастатковую колькасць кармоў адпаведнай якасці. Над гэтым пытаннем працуюць усе. Будзем з кармамі, – запэўніў на развітанне галоўны спецыяліст па кормавытворчасці КСУП «Гудагай». 

Вадзіцель Мікалай Іваніцкі

Корманарыхтоўшчык Сяргей Урлік

Текст: Алёна Ганулич

Фото: Алёна Ганулич

Читайте также: