Главная » Новости » Лента новостей

У Карэліцкім раёне прайшоў вытворчы семінар па жывёлагадоўлі, дзе абмеркавалі вынікі работы за першы квартал

186

Удзельнікаў семінара, сярод якіх кіраўнікі, галоўныя заатэхнікі, ветэрынарныя ўрачы сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, райветстанцыі і племстанцыі, віталі ў КСУП “Племзавод Карэлічы”. Першым пунктам семінара стала МТФ “Людвікава”, дзе кіраўнік гаспадаркі Валерый Чыжык расказаў аб гісторыі і перспектывах развіцця прадпрыемства. Галоўны заатэхнік Валерый Мітлашкоў паведаміў пра арганізацыю вытворчасці малака на МТФ “Людвікава” і вырошчванне маладняку да двухмесячнага ўзросту.

Далей удзельнікі семінара наведалі ферму “Палужжа”, дзе Валерый Мітлашкоў расказаў аб арганізацыі бытавых умоў для працаўнікоў фермы і вырошчванні маладняку пасля двухмесячнага ўзросту.

Надой малака на адну карову ў КСУП “Племзавод Карэлічы” з пачатку года складае 1534 кг, што на 379 кг больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года. Тэмп росту склаў 132,8%. Заданне на першы квартал выканана на 116,8%. У сакавіку надой на адну рагулю ў гаспадарцы склаў 563 кг, што на 156 кг больш, чым у 2022 годзе. Жывёлаводы прадпрыемства перавыканалі план на 119 кг (126,8%). Па словах спецыялістаў, такіх вынікаў удалося дасягнуць дзякуючы кантролю кармлення і добрай якасці кармоў. На прадпрыемстве выкарыстоўваюць камбікорм прамысловай вытворчасці, выраблены на Лідскім камбінаце. Выкарыстанне камбікорму прамысловай вытворчасці для дойнага статка за першы квартал бягучага года ў адносінах да аналагічнага перыяду мінулага года склала 166,5%.

Акрамя гэтага, кіраўніцтвам гаспадаркі вядзецца праца па паляпшэнні сацыяльна-бытавых умоў для працаўнікоў. Так, нядаўна на ферме “Палужжа” адноўлены Дом жывёлавода. Прадпрыемствам вядуцца работы па добраўпарадкаванні жывёлагадоўчых аб’ектаў. На ферме “Людвікава” пабудаваны навес для цялят да трохмесячнага ўзросту, праведзена рэканструкцыя радзільнага аддзялення, вялікая работа па добраўпарадкаванні будынкаў, ідуць работы па аднаўленні дарожнага палатна.

Аб выніках работы жывёлагадоўлі за першы квартал 2023 года паведаміў першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Карэліцкага райвыканкама Аляксандр Манько. У Карэліцкім раёне вытворчасць малака за тры месяцы 2023 года склала 22533 тоны, што на 1648 тон больш, чым за такі ж перыяд мінулага года. Тэмп росту склаў 107,9%. План па вытворчасці малака выкананы на 104,8%. У сакавіку вытворчасць малака склала 7885 т, што на 695 т больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года. План на сакавік выкананы на 107%. Надой на карову з пачатку года склаў 1726 кг, што на 122 кг больш, чым у мінулым годзе. Заданне выканана на 105,1%. У сакавіку надой склаў 607 кг, што на 55 кг больш, чым у сакавіку мінулага года. План перавыкананы на 43 кг (107%).

Аналіз якасці малака, якое паступіла на малаказаводы, паказвае, што прадпрыемствы раёна здаюць 66,5% сыравіны гатункам “экстра”, што на 12% больш, чым летась, 23,2% — вышэйшым гатункам (на 1,84% больш), 10,28% — першым гатункам (мінус 14,2%).

Валавыя прывагі буйной рагатай жывёлы за студзень-сакавік бягучага года склалі 1689 тон, што на 115,7 т больш, чым за такі ж перыяд мінулага года. Заданне выканана на 105%. У сакавіку прывагі склалі 581 т, што на 44,5 т больш, чым у сакавіку 2022 года. План на месяц выкананы на 105,8%. Раённыя сярэднясутачныя прывагі за студзень-сакавік склалі 753 г, што на 34 г больш, чым за адпаведны тэрмін мінулага года, за сакавік — 754 г, што на 39 г больш.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара

Па матэрыялах газеты"Полымя"

Читайте также: