Главная » Новости » Лента новостей

У гасцёўні “Візаві” – Марына Івашка і Алена Кандратовіч з КСУП “Гервяты”

238

Бываючы на розных сельскагаспадарчых мерапрыемствах, пачынаючы ад раённага кірмашу і заканчваючы абласнымі «Дажынкамі», заўсёды захаплялася энергічнасцю, адказнасцю, арганізатарскімі здоль­насцямі тандэма КСУП «Гервяты» ў складзе прафсаюзнага лідара гэтай гаспадаркі Марыны Івашкі і намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце Алены Кандратовіч. І незвычайнае афармленне гервяцкага падворка, і напоўненыя цікавымі навінамі з жыцця прадпрыемства суполкі ў сацсетках, і арыгінальныя віншаванні ветэранаў і перадавікоў – гэта далёка не ўвесь пералік спраў ідэалагічна-прафсаюзнага актыву. 

З чаго і як пачалося ваша супра­цоўніцт­ва? І хто найбольш на вас паў­плываў?

Марына Івашка:

– У Гервяты прыехала за мужам: у 2010 годзе мяне пераразмеркавалі ў гэтую гаспадарку. Тагачасны старшыня калгаса Андрэй Янчэўскі ўзяў на працу эканамістам, праз некаторы час пера­вёў у галоўныя. Прафсаюзную пярвічку ўзначаліла ў 2019 годзе. Удзячна былому начальніку планава-эканамічнага аддзела ўпраў­лен­ня сельскай гаспадаркі і харчавання Наталлі Уладзіміраўне Волк-Леа­новіч – гэта проста неверагодны спецыяліст, прафесіянал і сапраўдны чалавек. Тэт-а-тэт яна, канешне, указвала на памылкі, недапрацоўкі, але на нарадах і семінарах заўсёды стаяла за нас, эканамістаў калгасаў, гарой. Падобнай мадэлі паводзін стараюся прытрымлівацца і я. 

Алена Кандратовіч:

– У «Гервяты» прыйшла ў 2012-м. З Марынай мы былі вельмі розныя. Яна мела пэўны досвед і ўжо была прафесійным спецыялістам. Я ж, учарашняя студэнтка, не разумела, куды трапіла і што мне рабіць. Хацелася працаваць па спецыяльнасці – у мяне юрыдычная адукацыя, а прызначылі намеснікам старшыні па ідэалагічнай рабоце. А хто гэта такі і што ён робіць, не ведала…

Напачатку не бачыла сябе ў сель­скай гаспадарцы ад слова «зусім», таму што не мела ўяўлення пра спецыфіку гэтай галіны. Дзякуючы старшыні калга­са Аляксандру Вацлававічу Габрукевічу я прайшла доб­рую школу. Да канца дня павінна была ў пісьмовай форме напісаць справаздачу пра зробленыя за дзень справы. Напачатку плакала, нервавалася, перажывала, а потым уцягнулася. Гэта навучыла мяне планаваць, вызначаць першачарговыя задачы. Пасля першага дэкрэтнага адпачынку мы зблізіліся з Марынай, увогуле змяніліся мае адносіны да работы. 

– Кажуць, што старшыня ці дырэктар на вёсцы – бацька, дзядзька і суддзя. Хто тады прафсаюзны лідар і ідэолаг?

Марына Івашка:

– Наш Ігар Уладзіміравіч Жданаў дак­ладна бацька. А вось мы… (Задум­ваец­ца.) Як прафсаюзны лідар, я, напэўна, памочнік і дарадца для пра­цаўнікоў. Упэўнена, што невырашальных пы­танняў няма – гэта тычыцца не толькі праф­саюзнай лініі. Канешне, усё ведаць немагчыма, таму не баюся кансультавацца з калегамі. А яшчэ я – «тэлефон гарачай лініі». (Усміхаецца.) Людзі ведаюць, што  абавязкова дапамагу – колькі б сіл і часу гэта ні каштавала. Я больш лаяльная, а Алена – строгая. 

Алена Кандратовіч:

– Гэта ў дачыненні камісіі барацьбы з п’ян­ст­­­вам, якую ўзначальваю. А так я зусім не строгая. Думаю, што большасць работнікаў КСУПа ўспрымаюць мяне як арганізатара мера­прыемстваў і ўрачыстасцей.

Марына Івашка:

– Алена ў нас гаспадыня. Яна дак­ладна ведае, колькі і чаго трэба, у якія тэрміны зрабіць заказ і многае іншае. З апошняга, напрыклад, гэта афармленне спецыяльнага пасведчання пры правядзенні культурнага мерапрыемст­ва. Прыемна, што арганізацыю свят дырэктар цалкам нам давярае. 

– Дзяўчаты, вы сказалі, што не сорамна чагосьці не ведаць, галоўнае – не баяцца пытаць. А якімі прынцыпамі ў рабоце кіруецеся яшчэ?

Алена Кандратовіч:

– Да любога чалавека трэба ста­віцца паважліва, важна быць чалавечным у любой сітуацыі. 

Марына Івашка:

– Усе праблемы вырашым разам – мой дэвіз па жыцці. Нездарма лейт­матыў нашага галіновага прафсаюза «Любіць людзей, працаваць для людзей!». 

Стараюся стасавацца з пра­цаў­нікамі на роўных, калі прыязджаю на ферму ці комплекс, то аператараў машыннага даення, цялятніц ласкава называю «мае дзяўчаты».

Пэўны час у нас туга ішла работа з санаторным аздараўленнем. Людзям тлумачыла, што можна скарыстацца турам выхаднога дня – гэта цалкам бяс­платна, але ахвочых не знаходзілася. Было прыемна, калі на прафсаюзным справаздачна-выбарным сходзе адна жанчына падзялілася ўражаннямі ад адпачынку ў санаторыі і падзякавала. Зваротаў у пярвічку пабольшала!

– Якая пара года вам падабаецца найбольш і чаму?

Марына Івашка:

– Лета і, адпаведна, жніво. 

Алена Кандратовіч:

– Мне таксама! Гэта неверагодна прыгожая пара. І плённая. Нашы работнікі здабываюць хлеб, забяспечваюць харчовую бяспеку краіны. А мы ў сваю чаргу аддзячваем ім грашовымі прэміямі і падарункамі, якія прывозім на поле. Камбайнеры і вадзіцелі хоць і стомленыя, але ў такія імгненні літа­ральна свецяцца. Гэта дарагога каштуе. 

Марына Івашка:

– Я яшчэ люблю калядныя і навагоднія святы. Па-першае, ствараем адпаведны настрой у адміністрацыйным будынку дзякуючы адпаведнаму дэкору і ўпрыгожанням. Па-другое, апранаемся ў касцюмы Снягурак, у апошнія гадзіны перад выездам знаходзім Дзеда Мароза і выпраўляемся ва ўсе структурныя падраздзяленні нашай гаспадаркі. Ад наймальніка і прафсаю­за ўручаем працаўнікам падарункі. Летась вадзілі карагоды, віншавалі адзін аднаго. Для дзяцей работнікаў арганізавалі ранішнік у мясцовым клубе з уручэннем салодкіх падарункаў. Такія памятныя моманты абвязкова здымаем! Сёлета наша навагодняе відэа на «Ютуб» набрала звыш тысячы праглядаў. 

Акрамя гэтага, актыўна вядзём «Інста­­­грам», сайт прадпрыемства. Лю­дзям хочацца бачыць сябе ў сацыяльных сетках. Паролі ёсць і ў мяне, і ў Алены, таму абнаўляе суполкі той, хто валь­нейшы. На апошнім прафсаюзным сходзе работнікі таксама дзякавалі за тое, што аператыўна з’яўляецца інфармацыя: анлайн выкідвалі фотасправаздачы з абласных «Дажынак» у Зэльве, цікавыя моманты віншавання хлебаробаў, ветэранаў. 

Алена Кандратовіч:

– Сапраўды, зіма і лета – самы напружаны перыяд, але ад гэтага не менш прыемны. Арганізацыйныя моманты, на жаль, забіраюць шмат часу і не так заўважны для старонняга вока. Здараецца, што толькі 29 снежня ўзгадваем, што для ўласных дзяцей не падрыхтавалі падарункі ад Дзеда Мароза. (Усміхаецца.)

Марына Івашка:

– Думаю, Алена, мяне падтрымае, што асаблівую асалоду прыносіць выбар падарункаў на Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, Новы год, 23 лютага, 8 Сакавіка, Дня пажылых людзей, юбілейныя дні нараджэння… Вядома, бывае, што камусьці не дагадзілі ці хтосьці потым выгаварыў…

– А як навучыліся прымаць такія сітуацыі? Крыўдна ж, калі стараўся, укладваў душу, а ў адказ атрымаў «не спадабалася»…

Алена Кандратовіч:

– Такія людзі заўсёды будуць, як і тыя, каму «зайшло». Апошніх, да слова, больш. Заўсёды хтосьці падыходзіць, дзякуе ці адрасуе шчырае «Дзяўчаты, вы такія малайцы!». Тым больш побач з намі ёсць людзі, якія гатовы ў любы момант падставіць плячо дапамогі. 

Марына Івашка:

– Напачатку крыўдзілася. Але дзякуючы Алене навучылася адэкватна ставіцца да такіх сітуацый. Пад усіх не падстроішся. Галоўнае – нам давярае шэф, а астатняе мы зробім.

Алена Кандратовіч:

– Крытыкаваць заўсёды прасцей. На гэты конт ёсць цудоўнае выслоўе «Крытыкуеш – прапаноўвай, пра­па­ноўваеш – рабі, робіш – адказвай». 

– За час сумеснай работы, напэўна, здараліся смешныя ці экстрэмальныя сітуацыі? 

Алена Кандратовіч:

– Гэта можна расказваць? (З умешкай паглядзела на Марыну. – Заўв. аўт.) Калі мы летам праваліліся ў роў на тваёй машыне…

Марына Івашка:

– Прычым асабістай. Забягаючы наперад, скажу, што тыя прыгоды мы, канешне, закументавалі на камеру тэле­фона – ролік набраў звыш 10 тысяч праглядаў! 

Было так. У самым разгары корма­нарыхтоўка. Невялікія сходы з удзелам кіраўніцтва КСУПа, прафсаюза, ідэолага праводзілі на ўчастках, дзе ішла касавіца. З Алёнай паехалі на маёй машыне. Усё прайшло добра, а вяртаючыся назад, селі нават не ў яму, а ў роў – ні туды і ні сюды. Вадзіцель на МАЗе, які вазіў «зялёнку», відаць, па нашых тварах усё зразумеў. Літаральна за некалькі хвілін – аказваецца, адмысловым чынам трэба было выкруціць колы – выехаў з пасткі. Шчаслівыя вярнуліся ў кантору.

– Падзяліцеся планамі на будучыню.

Марына Івашка:

– З бліжэйшых – далучыцца ў сака­віку да акцыі «Наш жывёлавод», якую падчас зімне-стой­лавага перыяду штогод праводзіць райкам прафсаюза ра­бот­нікаў АПК. А яшчэ нядаўна ў нас узнікла неверагодная ідэя, якую, верыцца, атрымаецца рэалізаваць.

 Алена Кандратовіч:

– Раскрываць усе сакрэты не бу­дзем. Нездарма ж кажуць: хочаш рассмяшыць Бога, раскажы яму пра свае планы. Адзінае скажу: гэта будзе для лю­дзей і пра людзей! 

– Дзякуй за гутарку! І няхай задуманае збываецца.

 Алёна Ганулич

Читайте также: