У філіяле “Жалудоцкі агракомплекс” урачыста правялі раённы абрад “Зажынкі”

На адным з палёў філіяла “Жалудоцкі агракомплекс”, нібы на парадзе, выстраіліся ў рад камбайны, грузавікі і сельскагаспадарчыя машыны, якія будуць задзейнічаны на жніве. Механізатары і вадзіцелі сабраліся ля сваіх “жалезных коней” і з нецярпеннем чакалі магчымасці ўрэзацца ў залатую хлебную ніву і намалаціць першыя тоны новага ўраджаю.
Да хлебаробаў звярнуўся старшыня райвыканкама Аляксей Валянцінавіч Садоўскі:
-- Хлебароб – адна з самых важных і неабходных прафесій. Нашы продкі заўсёды шанавалі і бераглі самае галоўнае багацце на зямлі – хлеб. Залатая ніва радуе налітым коласам, а ў паветры лунае хлебны водар. Сёлета мы вырасцілі выдатны ўраджай, які неабходна ўбраць своечасова і без страт. Безумоўна, уборачная кампанія будзе напружанай, але агульнымі намаганнямі мы завершым яе ў тэрмін і зробім важкі ўнёсак у агульны каравай.
Першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Анатолій Іванавіч Тодрык падзякаваў механізатарам і вадзіцелям, якія ў няпростых умовах сёлетняй вясны своечасова выканалі ўсе неабходныя палявыя работы і вырасцілі добры ўраджай. Ён заклікаў аграрыяў якасна абмалаціць зерне і аператыўна перавезці яго на зернясховішчы, не забываючы пра тэхніку бяспекі.
Падзякаваць аграрыям Шчучыншчыны за прафесіяналізм і руплівасць прыехаў старшыня Беларускага рэспубліканскага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васіль Міхайлавіч Хвацік і старшыня Шчучынскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Генрых Іосіфавіч Юрэвіч. Яны ўручылі работнікам сельскагаспадарчай галіны раёна Ганаровыя граматы і падзячныя лісты.
Над полем загучалі жніўныя песні ў выкананні народнага фальклорнага гурта “Вяргіня”. Па добрай традыцыі жанчыны ў нацыянальных касцюмах сярпамі зжалі першы сноп і ўручылі яго гаспадару поля – дырэктару філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” Станіславу Юльянавічу Гузеню.
На Беларусі здаўна існуе добры звычай – перад вялікай і значнай падзеяй прасіць благаслаўлення Божага. Гэтую місію выканалі айцец Святаслаў і ксёндз Ян, якія прачыталі малітвы і асвяцілі тэхніку.
Перад выхадам у поле механізатары і вадзіцелі пачаставаліся караваем з мукі мінулага года, каб набрацца моцы і бадзёрасці. “Па машынах!” – прагучала каманда, і ўборачная кампанія стартавала!