Главная » Новости » Лента новостей

У філіяле “Жалудоцкі агракомплекс” прайшоў агляд гатоўнасці сельскагаспадарчай тэхнікі да пасяўной кампаніі

206

Хутка вясна пакліча ў поле, таму спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Шчучынскага райвыканкама сумесна з супрацоўнікамі АДАІ Шчучынскага РАУС актыўна праводзяць агляд сельскагаспадарчай тэхнікі ў гаспадарках раёна. Перад стартам пасяўной кампаніі заехалі яны і ў філіял “Жалудоцкі агракомплекс”.

На мехдвары іх чакала выстраеная ў рад тэхніка, якая будзе задзейнічана з пачаткам вясенне-палявых работ. Побач са сваімі жалезнымі волатамі знаходзіліся механізатары, апранутыя ў новае спецадзенне і спецабутак. Для дэманстрацыі яны дасталі з кабін запраўленыя вогнетушыцелі і медыцынскія аптэчкі з неабходным пералікам медыкаментаў. У кожнага ў руках – медыцынская даведка і вадзіцельскае пасведчанне пэўнай катэгорыі.

Да аграрыяў звярнуўся галоўны дзяржаўны інспектар упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Антон Кавалеўскі:

-- Пасяўная кампанія не за гарамі, таму вельмі важна, каб уся сельскагаспадарчая тэхніка была як след адрамантавана і абслужана. Звярніце асаблівую ўвагу на спраўнасць тармазной сістэмы і рулявога кіравання, а таксама на работу габарытных агнёў і маячкоў, каб не стаць віноўнікамі дарожна-транспартных здарэнняў. Строга выконвайце ўсе правілы дарожнага руху.

Начальнік аддзела працы і заработнай платы ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Яўгеній Мецько заклікаў аграрыяў быць дысцыплінаванымі і не грэбаваць правіламі бяспекі, каб не дапусціць траўматызму на вытворчасці.

Затым была дадзена каманда, і механізатары селі ў кабіны сваіх трактароў. Імгненне, і па наваколлі разнёсся гул магутных рухавікоў. Спецыялісты райсельгасхарчу і супрацоўнікі АДАІ ўважліва праверылі спраўнасць кожнай адзінкі тэхнікі і прычапных агрэгатаў. 

-- Мы выставілі на лінейку гатоўнасці 55 трактароў разам з пагрузчыкамі і 30 прычэпаў, -- зазначае галоўны інжынер філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” Дзмітрый Рудзевіч. – Уся гэта тэхніка паспяхова прайшла тэхагляд і гатова да выхаду ў поле. Як толькі надвор’е стане больш цёплым – пачнём сяўбу. Паралельна будзем прыводзіць у парадак кормаўборачныя і зернеўборачныя камбайны, каб без перашкод правесці ўборачную кампанію.

-- У гаспадарках Шчучыншчыны налічваецца звыш 465 трактароў, з якіх 93% гатовы да пачатку вясенне-палявых работ, -- заключае галоўны дзяржаўны інспектар упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Антон Кавалеўскі. -- Таксама прыведзены ў парадак усе глебаапрацоўчыя і пасяўныя агрэгаты, як след абслужаны машыны для ўнясення арганічных і мінеральных угнаенняў. Хутка ўся гэта моц выйдзе ў поле.

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

По материалам газеты "Дзянніца"

Читайте также: