Залацістымі шпулькамі коціцца па нівах Астравеччыны жніво: на вечар панядзелка, 22 ліпеня, аграрыі раёна абмалацілі 41% плошчаў збожжавых. З’явіліся і новыя пераможцы і прызёры жніўнага спаборніцтва.
На фінішнай прамой у тройку “тысячнікаў” раёна ўварваўся камбайнерскі тандэм КСУП “Гервяты” ў складзе Андрэя Вінцкуся і Івана Барадынкі. Хоць у пары мужчыны працуюць упершыню, майстэрства ім не займаць.
Прызёраў спаборніцтва віншавалі старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Юрый Адула і галоўны бухгалтар Марыя Станкевіч, ад КСУП “Гервяты” – галоўны аграном Аляксандр Кавалька, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Алена Кандратовіч і прафсаюзны лідар гэтай гаспадаркі Марына Івашка.
– Трэцяе месца ў працоўным спаборніцтве – плён працы і стараннасці. Наколькі ведаю, ваш “Джон-Дзір” самы ўзроставы ў КСУП “Гервяты”. Дзякуючы таму, што вы старанна падрыхтавалі свой хлебаўборачны агрэгат да жніва, ён вас не падвёў, – віншуючы прызёраў, сказаў Юрый Адула. – Жадаю намалаціць у гэтым сезоне і 2 тысячы!
Першым вадзіцелем сярод моладзі, які перавёз тысячу тон збожжа, стаў Аляксандр Бразевіч з КСУП “Гудагай”.
– У гаспадарцы працую 5 гадоў. У мінулыя сезоны вазіў мінеральныя ўгнаенні, кармы, а сёлета задзейнічаны на ўборцы. У маім жыцці гэта першая тысяча – і ад гэтага па-асабліваму значная, – сказаў малады вадзіцель.
Пераможцы і прызёры працоўнага спаборніцтва атрымалі Дыпломы, грашовыя прэміі, кветкі і сімвалічныя статуэткі.
У тэму
Па звестках райкама прафсаюза работнікаў АПК, на 22 ліпеня па тысячы тон намалацілі 4 экіпажы, такую ж колькасць зерня перавезлі 9 вадзіцеляў. Звыш 4-х тысяч тон дапрацавала адно звяно зернесушыльшчыкаў, звыш 2-х – тры.








