Главная » Новости » Лента новостей

Тэхнік-асеменатар МТФ "Краснае" Іна Пілько стала трэцяй у абласным прафесійным спаборніцтве

152

Іна Аляксандраўна ПІЛЬКО з малочнатаварнай фермы «Краснае» сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Маяк-Заполле» — прызёр абласнога спаборніцтва сярод аператараў па штучным  асемяненні жывёлы за апошнія тры гады: паказчыкі па выхаду цялят у 2020, 2021, 2022 гадах складаюць адпаведна 84, 87, 95 на 100 кароў. Жанчына ўзнагароджана Дыпломам ІІІ ступені Прэзідыума Гродзенскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Пераможцу павіншавалі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК  Ірына Пянькоўская, дырэктар Карэліцкага цэнтра генетыкі і селекцыі РУСП «Гродзенскае племпрадпрыемства» Галіна Карп і пажадалі поспехаў у працы.

Родам з вёскі

Іна нарадзілася ў вёсцы Налібокі Навагрудскага раёна. Бацька працаваў старшынёй гаспадаркі і галоўным аграномам  у гаспадарках   Навагрудчыны, маці — бухгалтарам. Калі дзіцяці споўніўся год, яе ўзялі гадаваць бабуля з дзядулем у вёску Востухава Карэліцкага раёна. Яны былі калгаснікамі: бабуля — паляводам, дзядуля — будаўніком. Трымалі асабістую гаспадарку, і дзяўчынка з малых гадоў прывучалася да працы і моцна палюбіла жывёлу.

Напачатку Іна вучылася ў Востухаўскай сярэдняй школе. Затым паступіла ў Гродзенскі сельгасінстытут на аддзяленне «заатэхнія» зоаінжынернага факультэта. Пасля заканчэння вучобы прыехала на працу ў калгас «Новае жыццё». Два гады падмяняла водпускі на розных заатэхнічных пасадах: лабаранта, загадчыка фермы, заатэхніка-селекцыянера.

З 15 студзеня 1994 года пачала працаваць асемянатарам, і ў наступным годзе споўніцца трыццаць гадоў, як  жанчына добрасумленна служыць абранай прафесіі. Свой асноўны занятак сумяшчае з працай лабаранта і заатэхніка-селекцыянера.

«Я люблю жывёлу…»

— У чым жа сакрэт поспеху? — цікаўлюся ў субяседніцы.

— Каб своечасова выявіць і асемяніць карову. Зрабіць гэта трэба правільна і ў тэрміны. За шмат гадоў прыйшоў вопыт у працы.  Галоўнае — любоў да жывёлы. Лячыць кароў дапамагае ветфельчар Юрый Аляксандравіч Кужалевіч, яму ўдзячна за дапамогу ў працы.

Іна Аляксандраўна моцна любіць жывёлу і ажыццяўляе за ёй догляд.  Абраннік жыцця Валерый Мікалаевіч таксама працуе ў жывёлагадоўлі — даглядчыкам на ферме «Краснае.» Дома любяць увіхацца па асабістай гаспадарцы: трымаюць чатыры каровы, свіней, курэй, качак, трусоў.

— Лішкі малака здаём дзяржаве, у дзень да 60 літраў, — гаворыць жанчына і дадае, што  вядзенне асабістай гаспадаркі з’яўляецца  нялёгкай працай, але і падспор’ем для бюджэту сям’і.

Суразмоўніца паведала аб тым, што толькі іх сям’я ў Востухаве трымае кароў. Не раз успамінае той час, калі рагуль было шмат у Красным, дзе яна працавала асемянатарам.  Адсутнасць жадання трымаць гаспадарку тлумачыць найхутчэй тым, што няпроста даглядаць жыўнасць ды гаспадар прывязаны. У гэтым ёй пашанцавала: дапамагаюць  сямейнікі, таму любімая справа ў радасць.

На роднай зямлі

— У вёсцы можна  добра жыць, — пераканана Іна Аляксандраўна. — Свежае паветра, навакольныя краявіды, спакойна і ціха. Працуй і атрымлівай  задавальненне. Калі вучылася ў горадзе, не магла прызвычаіцца да гарадскога ўкладу жыцця. Зараз не планую пакідаць родныя мясціны. Скажыце, дзе, калі не ў вёсцы, можна стварыць прыгажосць сваімі рукамі? Каля хаты саджу шмат кветак і кустоў, і калі яны зацвітуць, сэрца радуе іх прыгажосць.

Жанчына лічыць сябе сельскай, хаця ад тэхнікі і інфармацыйных тэхналогій не адмаўляецца. З вёскі Востухава да фермы «Краснае» — чатыры кіламетры, таму ездзіць на працу на аўтамабілі. Машыну мае даўно, за рулём дваццаць гадоў. Кароў доіць апаратамі, гэта аблягчае працу і эканоміць час. Сучасны смартфон дапамагае жанчыне быць у курсе навін і ісці ў нагу з часам.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКІ

 

Па матэрыялах газеты "Полымя"

Читайте также: