Здаецца, не паспела жніво адвіраваць на нівах і адшумець на сушыльных комплексах залацістымі тонамі налітых зярнят, як палявыя работы ізноў паклікалі хлебаробаў. І пачаліся яны ў жніўні, хоць па традыцыі іх прынята называць восеньскімі… Карэспандэнт «раёнкі» пабываў у адзінай у раёне насенняводчай гаспадарцы, КСУП «Гудагай», і даведаўся, чым заняты аграрыі ў гэтую пару.
Здавён у народзе кажуць: што пасееш, тое і пажнеш. Таму ў КСУП «Гудагай» вялікую ўвагу надаюць усім неабходным перадпасяўным агратэхнічным аперацыям, пачынаючы ад ворыва і заканчваючы ўнясеннем неабходных мінеральных угнаенняў. Па вялікім рахунку, толькі пры выкананні тэхналогіі і адказным стаўленні да справы можна разлічваць на станоўчы вынік і добры ўраджай. А ён сёлета парадаваў хлебаробаў гэтай гаспадаркі: з агульнараённага каравая ў 51 тысячу тон 19 400 тон збожжавых належаць «гудагайцам».Дарэчы ў КСУП «Гудагай» найлепш сярод гаспадарак раёна сыпаўся крыжакветкавы: на круг камбайнеры намалочвалі 40 цэнтнераў рапсу з гектара пры сярэднераённых 34, і з 800 гектараў «набілі» звыш 3 200 тон.
Падрыхтоўка глебы і сяўба
Плошчы крыжакветкавага ў гаспадарцы адны з самых вялікіх у раёне і застануцца на мінулагоднім узроўні.
Хоць гэта культура дастаткова прыбытковая і разам з тым затратная, стаўка «гудагайцаў» на чорнае золата цалкам апраўдана. Некалькі гадоў назад на тэрыторыі рамонтна-механічных майстэрань у Палушах адкрылі невялікі цэх па перапрацоўцы рапсавага насення. Дарэчы, вытворчасць тут арганізавана па прынцыпе «ніякіх адходаў»: атрыманы алей ідзе на рэалізацыю, а высокаспажыўны, багаты на бялок жмых у выглядзе цёмназялёных шматкоў – на корм буйной рагатай жывёле.
– Важна не толькі ўкласціся ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны сяўбы, але і падрыхтаваць глебу: для насення рапсу яна павінна быць больш якасная. Думаю, да 20-га справімся і пачнём прыгортваць у глебу азімыя збожжавыя, – па дарозе на ўчастак, дзе сеялі крыжакветкавы, падзяліўся планамі галоўны аграном КСУП «Гудагай» Андрэй Ненартовіч.
З іх 1 070 зойме трыцікале, 500 – жыта, 800 – пшаніца, 400 – ячмень.
У дзень майго прыезду рапс сеялі на двух участках. На адным працавала цэлая брыгада маладых, але добра вядомых як у гаспадарцы, так і ў раёне, механізатараў. Вільгаць у глебе на трактары «Беларус-5233», які «ходзіць» па полі ў счэпцы з культыватарам, прыкрываў Генрых Млынскі. Кампанію ў гэты дзень яму складаў Сяргей Трусевіч. Калі першы да сяўбы азімых шчыраваў на касьбе траў, то другі – на жніве. І па добрым настроі, і па жартах было бачна, што работа ў полі і сяброўскія стасункі для хлопцаў у радасць.
– А ў цябе алень, – жартаўліва пераняў нітачку размовы Генрых і патлумачыў: – Такую мянушку «Джон-Дзір» атрымаў з-за выявы аленя на кабіне трактара.
– Цэлы тэхназаапарк, – падсумаваў з усмешкай размову Андрэй Ненартовіч. – Калі сур’ёзна, то хлопцы добра працуюць і ведаюць сваю справу. Адразу за культыватарам у поле запускаем «лейку» з азотнымі ўгнаеннямі, а потым і пасяўны агрэгат. Усё па тэхналогіі, адзінае, чаго не стае, гэта вільгаці ў глебе. Дажджы б не зашкодзілі!
Мінералку на поле падвозіў залаты прызёр жніўнага спаборніцтва сярод маладых вадзіцеляў Аляксандр Бразевіч, а ўносіў адзін з лепшых корманарыхтоўшчыкаў раёна Сяргей Урлік.
Лічба
Звыш 35 000 тон кармавых адзінак(44%) назапашана на Астравеччыне, у КСУП «Гудагай» – 12 571 (48%). Гэта без уліку кукурузы. Хоць пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, стала вядома, што яе ўборку распачалі ў КСУП «Гудагай» і «Гервяты».
Трэці ўкос
Непадалёк ад Астраўца, калі рухацца ў накірунку вёскі Ізабеліна, травы ў пракосы клаў Уладзімір Жук. Хоць на новай касілцы мужчына працуе першы сезон, але справу сваю ведае. Аб гэтым сведчылі важкія валкі, з якіх выглядвалі буйныя ружовыя галоўкі канюшыны.
На іншым участку падвяленую пад спякотным сонцам траву на кормаўборачным комплексе падымаў і здрабняў Міхаіл Лашчонак, якога неаднойчы прызнавалі лепшым камбайнерам «зялёнага жніва». Машыны вокаймгненна змянялі адна адну і імчалі да траншэй, дзе ішла закладка зялёнай масы… Працэс адладжаны, тэхналогія выконваецца – адсюль, відаць, і такія перадавыя вынікі.
P.S. На Астравеччыне назапашана амаль 33 тоны кармавых адзінак (40%), у КСУП “Гудагай” – 11 391 (43%). Гэта без уліку кукурузы, хоць, пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, стала вядома, што яе ўборку распачалі ў КСУП “Гервяты”.








