СТУДЕНТЫ ГРОДНЕНСКОГО ГОСУДАРСТВЕННОГО АГРАРНОГО УНИВЕРСИТЕТА ПОБЫВАЛИ НА ЭКСКУРСИИ В СВК "СВИТЯЗЯНКА-2003"
22 мая група студэнтаў з пяці факультэтаў Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам намесніка дэкана па ідэалагічнай рабоце агранамічнага факультэта Таццяны Марцінчык пабывала на экскурсіі ў СВК “Свіцязянка-2003”. Наведванне сельгаспрадпрыемства – важны этап практычнай падрыхтоўкі студэнтаў. Тут яны на свае вочы могуць паназіраць за працэсам працы спецыялістаў і зразумець, якія кампетэнцыі ім неабходна развіваць у першую чаргу. Гэта дазволіць будучым аграрыям ужо зараз ацаніць перспектывы працы ў галіне сельскай гаспадаркі, зразумець запатрабаванасць абранай прафесіі і неабходныя кампетэнцыі для яе паспяховага засваення. Такая экскурсія павінна ўзмацніць матывацыю студэнтаў да далейшай вучобы, – адзначыла кіраўнік групы.
Студэнтаў-аграрыяў у актавай зале адміністрацыйнага будынка сельгаскааператыва віталі намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама –начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Яўгеній Бусько, прафсаюзны лідар АПК Ірына Пянькоўская, старшыня СВК “Свіцязянка-2003” Аляксандр Мяцеліца, намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце Алена Клаўсуць. Першым вітаў на райцаўскай зямлі моладзь Яўгеній Бусько. Ён зрабіў кароткі экскурс па раёне, спыніўся на рабоце прадпрыемстваў, а таксама звярнуў увагу на турыстычныя аб’екты нашага краю. Аляксандр Мяцеліца расказаў пра накірункі работы гаспадаркі. Звярнуў увагу на гарантыі, у тым ліку матэрыяльныя, якія сёння гаспадарка прапануе тым, хто атрымлівае свой першы прафесійны вопыт. Дзякуючы пастаяннаму ўдасканаленню тэхналогій і мадэрнізацыі матэрыяльна-тэхнічнай базы, сельгаспрадпрыемству ўдаецца дасягаць годных вынікаў. Наш сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў шэсць разоў удастойваўся месца на Рэспубліканскай дошцы Гонару, – акцэнтаваў кіраўнік гаспадаркі. Алена Клаўсуць больш падрабязна спынілася на цікавых момантах калектыўныга дагавора гаспадаркі, а Ірына Пянькоўская расказала пра льготы і гарантыі маладых спецыялістаў.
Далей моладзь пазнаёмілася з новымі падыходамі да працы і матэрыяльнай базай СВК. Кіраўнік гаспадаркі адзначыў, што прадпрыемства не толькі вырошчвае, але мае магчымасць прерапрацоўваць сыравіну. Ён назваў рапс рэнтабельнай культурай. А больш падрабязна з працэсам перапрацоўкі гэтай расліны маладыя спецыялісты змаглі пазнаёміцца на месцы, у цэху перапрацоўкі насення рапсу. Усё працуе тут аўтаматычна, але праца адказная: трэба сачыць за самім працэсам, і калі што пойдзе не так, паправіць аператыўна. У суткі перапрацоўваецца прыкладна 10 тон рапсу, з гэтага атрымліваецца 3 тоны алею, астатняе — жмых, які ідзе на корм жывёле. Пабывалі на экскурсіі і на рабатызаваным малочна-таварным комплексе “Літараўшчына”, паназіралі за закладкай кармоў у траншэю.
Падчас экскурсіі па сельскагаспадарчых аб’ектах студэнты мелі магчымасць задаваць пытанні і атрымлівалі вычарпальныя адказы на іх. Па заканчэнні сустрэчы яны падзякавалі кіраўніцтву гаспадаркі за магчымасць пабываць на прадпрыемстве і асабіста пазнаёміцца з яго дзейнасцю, а таксама за жаданне дзяліцца сваімі ведамі і вопытам.
Для нас, студэнтаў, экскурсія па адным з флагмананаў сельскагаспадарчай галіны Карэліччыны дала магчымасць убачыць, як тэорыя ператвараецца ў практыку. Сённяшні выпускнік павінен быць канкурэнтаздольным. Для гэтага неабходна цеснае ўзаемадзеянне навучальных устаноў і працадаўцаў. Апошнія павінны стаць часткай адукацыйнага працэсу, дапамагаючы фарміраваць праграмы практычнага навучання. Азнаямленчая экскурсія стала адным з важных крокаў у засваенні прафесіі. Дзень атрымаўся вельмі насычаным і інфармацыйным і прымусіў ужо зараз задумацца пра свой будучы працоўны шлях, — адзначыў студэнт 3 курса агранамічнага факультэта Максім Грыневіч.








