Молодые специалисты сферы АПК встретились с руководством Кореличского района в Мирском замке
Адбылася сустрэча кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі, якія сёлета прыехалі на працу ў сельскагаспадарчыя арганізацыі і прадпрыемствы раёна. Яна прайшла ў замкавым комплексе «Мір» і прайшла на пазітыўнай і дружалюбнай ноце ў фармаце “без гальштукаў”. Дзяўчаты і юнакі атрымалі шмат карыснай інфармацыі і змаглі пазнаёміцца са славутасцю старажытнага пасёлка.

Першы намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Яўгеній Бусько адзначыў, што сустрэча ў Мірскім замку — гэта добрая нагода. У наступным годзе будзе адзначацца яго 500-годдзе, і ў старажытным пасёлку будзе праведзена шэраг работ па яго добраўпарадкаванні і навядзенні парадку.

— Мы, работнікі сельскай гаспадаркі, кормім усю краіну. Вы таксама ўносіце свой уклад у гэты агульны каравай. Не саромейцеся пытацца, цікавіцца новым, абменьвацца адзін з адным ведамі. Самае галоўнае — гэта зносіны з людзьмі. Вы — спецыялісты, і старайцеся гаварыць дакладна, паважайце тых, хто побач і хто мае патрэбу ў дапамозе і падтрымцы, — сказаў Яўгеній Анатольевіч.
У сваёй прамове старшыня Карэліцкай раённай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Ірына Пянькоўская звярнула ўвагу прысутных на наступныя пытанні: тэрміны адпрацоўкі маладых спецыялістаў пасля вучобы ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах, кампенсацыі за пераезд, атрыманне жылля, падатковы вылік, даплаты маладым спецыялістам і іншыя. Прафсаюзны лідар заклікала дзяўчат і юнакоў звяртацца па ўзнікаючых пытаннях.

Аб выкананні калектыўных дагавораў і прадастаўленні жылля праінфармаваў прысутных галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Карэліцкага райвыканкама Вадзім Ратомскі.
— Вы ўступаеце ў дарослае жыццё — у кожнага яно будзе сваім. Палюбіце тую справу, якую выбралі, — пажадала начальнік цэнтра банкаўскіх паслуг № 411 ААТ «АСБ Беларусбанк» Вольга Марцута.

Яна пазнаёміла маладых спецыялістаў з умовамі крэдыта на набыццё нехарчовых тавараў айчыннай вытворчасці. Банкір параіла добра падумаць і ўсё ўзважыць, параіцца з бацькамі і пастарацца выкарыстаць гэтую магчымасць. Напрыканцы прамовы Вольга Іосіфаўна прызналася ў любові да сваёй прафесіі і Карэліч: менавіта 11 верасня споўнілася тры гады, як яна ўзначальвае калектыў банкаўскай установы і ўсёй душой прыкіпела да гэтага цудоўнага куточка.

Начальнік аддзела рознічных паслуг цэнтра банкаўскіх паслуг № 423 г.п. Карэлічы Рэгіянальнай дырэкцыі ААТ «Белаграпрамбанк» па Гродзенскай вобласці Сяргей Капацэвіч выказаў захапленне ў адрас маладых спецыялістаў, якія прыехалі працаваць на Карэліччыну. Паведаміў аб тым, што сам ён з гэтых мясцін, тут жыве, працуе, стварыў сям’ю. Прамоўца выказаў надзею, што маладыя спецыялісты як работнікі сельгаспрадпрыемстваў раёна абавязкова наведаюць банкаўскую ўстанову, каб скарыстацца яе паслугамі. Сяргей Вячаслававіч, нагадаўшы аб махлярах, якія актывізаваліся ў апошні час, заклікаў дзяўчат і юнакоў ні ў якім разе не паддавацца на іх ўлоўкі, а заставацца пільнымі і прадбачлівымі. «Губляць грошы, якія сам зарабіў, вельмі цяжка», — рэзюмаваў ён.
Пераканаўча і даходліва дырэктар ДУ «Карэліцкі раённы турыстычна- інфармацыйны цэнтр» Караліна Анісенка гаварыла аб тым, якія магчымасці ёсць у маладых спецыялістаў, каб бліжэй пазнаёміцца са знакамітымі мясцінамі Карэліцкага краю. Адзін з такіх вядомейшых турыстычных аб’ектаў ім давялося наведаць і бліжэй пазнаёміцца пасля сустрэчы. Яшчэ на Карэліччыне іх чакаюць храмы і музеі і шмат знакамітых мясцін — усе турыстычныя аб’екты змогуць пры жаданні наведаць самі або звярнуцца ў цэнтр, дзе ім абавязкова акажуць дапамогу. І сапраўды, у гэты дзень іх гасцінна сустрэў Мірскі замак, дзе яны атрымалі шмат уражанняў.

Караліна Анісенка правяла краязнаўчую гульню, каб маладыя спецыялісты змаглі лепш пазнаёміцца паміж сабою і з краявідамі Карэліцкага раёна.
Арына Вабішчэвіч, заатэхнік, малады спецыяліст СВК «Свіцязянка-2003», гаворыць:

— Мая маленькая радзіма — аграгарадок Лешчыцы Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыла Ляхавіцкі аграрны каледж па спецыяльнасці «заатэхнія». У СВК «Свіцязянка-2003» працую з 1 красавіка. Мяне ў працы падтрымліваюць заатэхнік-селекцыянер Вольга Канстанцінаўна Палуян і галоўны заатэхнік Віталій Аляксандравіч Сельвановіч. Жыллём забяспечылі ў новым доме. Ільготы як малады спцыяліст атрымліваю. Навакольныя краявіды падабаюцца, прырода свіцязянскай зямлі заварожвае.
Максім Богдан, вядучы бухгалтар, малады спецыяліст КУСП «Чарняхоўскі-Агра», адзначае:

— Я родам з горада Ваўкавыска. Скончыў Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт, факультэт эканомікі і права. На працы — з 6 ліпеня вядучым бухгалтарам. У сельгаспрадпрыемстве пяць маладых бухгалтараў. Гаспадарка дала кватэру, дзе жыву разам з калегам, які таксама працуе бухгалтарам. Паміж сабою ладзім. У калектыве да нас адносяцца добра, дырэктар сельгаспрадпрыемства Наталля Іванаўна Дубкова цікавіцца нашымі справамі. На сустрэчу прыехаў з вялікім задавальненнем. Мірскі замак аказаў на мяне вялікае ўражанне.
Фота Веранікі ВАЙНІЛОВІЧ








