Главная » Новости » Лента новостей

Спецыялісты саўгаса “Падольскі” падзяліліся ўражаннямі ад камандзіроўкі ў Расію

751

У складзе беларускай дэлегацыі з 30-ці чалавек Андрэй Скурат і Гражына Рабкоўская з РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі” паўдзельнічалі ў пяцідзённым семінары на тэму: “Новыя тэхналогіі і перадавы вопыт у сельскай гаспадарцы Расіі”. Айчынных аграрыяў чакалі не толькі наведванне перадавых высокатэхналагічных жывёлагадоўчых комплексаў “Калужская Ніва: дзетчына-сервічны? цэнтр “Уланава”, “Ступінская Ніва”, але і маштабных міжнародных выстаў у гандлёвым цэнтры “Крокус-сіці”, экскурсіі па сталіцы. Спецыялісты саўгаса падзяліліся ўражаннямі ад паездкі.

Гражына Рабкоўская, начальнік малочна-таварнага комплексу “Падольцы”:


– Вельмі ўдзячна нашаму дырэктару Дзянісу Валер’евічу, што адправіў у камандзіроўку. Даўно пра гэта марыла!

Мы пабывалі на двух жывёлагадоўчых аб’ектах у Падмаскоўі і Калузе. Другі комплекс спадабаўся значна больш. Уявіце, там утрымваецца звыш 5 тысяч галоў, а дойнае пагалоў’е дасягае 3,5 тысячы кароў. На аб’екце створаны ўсе ўмовы для людзей, і для жывёлы. Для сябе адзначыла, што яна з большага ўтрымліваецца на вуліцы, у тым ліку ўсе цяляты – і прафілакторныя, і дарошчвання. Цялушкі пад асемяненне таксама знаходзяцца ў выгулачных дворыках.

На сучаснай даільнай устаноўцы тыпу “карусель”, разлічанай на 52 галавы, адначасова працуе некалькі аператараў. У кожнага спецыяліста ветэрынарнага і заатэхнічнага профілю свой вузкі накірунак работы. Вельмі спадабаліся ў стасунках кіраўнікі і іх намеснікі, бачна, што людзі на сваім месцы.


Што тычыцца надояў, то яны на парадак большыя за нашы. Ад каровы там дояць крыху больш за 35 кілаграмаў малака, а вось па тлустасці і ўтрыманні бялкоў мы знаходзімся прыблізна на адным узроўні.

Акрамя гэтага, на “Калужскай Ніве” арганізавана свая малочная вытворчасць. Падчас наведвання нас частавалі ёгуртамі і сыркамі, але, прызнацца, нашы, беларускія, смачнейшыя. (Усміхаецца.)


Некалькі гадзін наступнага дня правялі ў гандлёва-выставачным цэнтры “Крокус-сіці”. Малочнае абсталяванне і тэхніка, ветпрэпараты новага пакалення, разнастайная сельгаспрадукцыя – было на што паглядзець. Парадавалася, што і нашы беларускія вытворцы дэманстравалі там свой тавар.

Прыемным завяршэннем паездкі стала экскурсія па белакаменнай. Убачыла Чырвоную плошчу, прайшлася па Арбаце – мінімум, які тычыцца вольнага часу, выканала. (Усміхаецца.)


Андрэй Скурат, намеснік дырэктара па вытворчасці:

– Для сябе адзначыў, што сельгастэхналогіі ў жывёлагадоўлі, у прыватнасці што тычыцца кармлення, збольшага падобныя ў нас і ў расійскіх калег. Праўда, наведаныя аб’екты ў параўнанні з “саўгаснымі” комплексамі – гіганты. Пагалоўе, у тым ліку малочнае, там у некалькі разоў большае, шмат спецыялістаў. Калі ў нас даярка цалкам займаецца сваёй справай, то там кожны аператар машыннага даення замацаваны за пэўным тэхналагічным працэсам: адзін апрацоўвае вымя, другі наносіць раствор, трэці прымацоўвае даільны апарат. Шмат жывёлы ўтрымліваецца ў так званых летніх лагерах на адкрытых пляцоўках.



На выставах “Агра”, “Агратэх” у вялізным гандлёвым доме было шмат лакацый, у асноўным ветэрынарнага і заатэхнічнага накірункаў. Аказваецца, ужо ёсць боксы для адначасовага ўтрымання 3-х і 5-ці цялят, мы, напрыклад, выкарыстоўваем індывідуальныя дамкі.

Спадабалася, што арганізатары паклапаціліся пра наш вольны час і арганізавалі некалькі экскурсій па Маскве, наведаць якую мне пашчасціла ўпершыню.


Фота з архіва суразмоўцаў.

 

Істочник

Читайте также: