Спаборніцтвы маладых сямей, канцэрты, забавы і мора эмоцый. На Бераставіччыне прайшла “Пархімаўская весялуха — 2022”

Свята народнага майстэрства, вясковай абраднасці і добрасуседства “Пархімаўская весялуха -2022” у чарговы раз запрасіла жыхароў і гасцей аграгарадка правесці час разам, каб атрымаць мора незабыўных эмоцый.
Святочныя мерапрыемствы праходзілі ў цэнтры Пархімаўцаў — у парку, дзе была размешчана імправізаваная сцэна і месцы для гледачоў. Пачалося свята з тэатралізаванага адкрыцця “Сустрэча гасцей з усіх валасцей”, падчас якога народны ансамбль народнай песні “Бераставіцкія музыкі” і вядучыя сардэчна запрасілі ўсіх далучыцца да вытокаў вясковых традыцый і культуры.
Адкрыў свята дырэктар КСУП “Пархімаўцы” Міхаіл Груздзеў, які прывітаў усіх на пархімаўскай зямлі і пажадаў правесці гэты дзень з цудоўным настроем.
Святочныя мерапрыемствы пачаліся з раённага этапу рэспубліканскага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла – 2022”, у якім за званне лепшай сельскай сям’і Бераставіччыны змагаліся пяць найбольш актыўных маладых сем’яў з сельгаспрадпрыемстваў нашага раёна.
КСУП “Пагранічны-Агра” прадстаўляла сям’я Івана і Таццяны Карповічаў,
КСУП “Малабераставіцкі элітгас” — сям’я Валянціна і Вікторыі Семаковічаў,
КСУП “Пархімаўцы” – сям’я Арцёма і Таццяны Рыжых,
РСУП “Алекшыцы” – сям’я Аляксея і Анжалікі Кудлаш,
а КСУП “Варанецкі” – сям’я Алега Лошака і Наталлі Ярэська.
Яшчэ да пачатку конкурснай праграмы сем’і-ўдзельнікі разгарнулі ў парку выставы творчых работ і сямейных дасягненняў, дзе дэманстравалі ўсе свае здольнасці, захапленні і любімыя сямейныя стравы. Дарэчы, паспрабаваць гэтыя прысмакі і ацаніць майстэрства гаспадынь маглі не толькі члены журы, але і ўсе жадаючыя.
Конкурсная праграма ўключала ў сябе шэсць відаў спаборніцтва, прычым, адзін з іх – конкурс відэаролікаў “Лепшы сельскі падворак” быў падрыхтаваны загадзя, а астатнія пяць праходзілі пад пільным вокам журы і гледачоў.
У конкурсе “Давайце пазнаёмімся” ўдзельнікі прадстаўлялі візітныя карткі сваіх сем’яў, у творчай форме расказвалі пра сябе і свае захапленні. Яны яскрава даказалі, што і на вёсцы можна не толькі жыць і працаваць, але і творча развівацца. Пасля прадстаўлення візітных карткаў сем’і адправіліся ўдзельнічаць у конкурсе «Дрывасек», дзе муж і жонка распілоўвалі бервяно, потым муж рубаў дровы, а жонка складала акуратныя паляніцы, і зрабіць гэта трэба было максімальна хутка. Затым яны паказалі, як ладзяць са свойскай жывёлай, прадэманстравалі ўменне распрагаць і запрагаць каня ў конкурсе “Сіўка-бурка”. У “Сельскай спартыўнай эстафеце” ўдзельнікі конкурсу змагаліся за званне самых спартыўных. Завяршыў выпрабаванні конкурс “Майстар”, падчас якога таты мелі магчымасць паказаць, што яны майстры на ўсе рукі, вырубаючы з дапамогай сякеры дошку-стальніцу.
Падводзячы вынікі конкурсу, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Ігнатовіч падзякавала ўсім сем’ям за ўдзел у праекце, за іх актыўнасць, творчасць і імкненне да перамогі, за зарад пазітыўных эмоцый, якія яны падарылі гледачам, а таксама выказала падзяку КСУП “Пархімаўцы” за дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства.
Алена Уладзіміраўна ўручыла падзячныя пісьмы за ўдзел у конкурсе семьям Лошак і Семаковіч, і ўзнагародзіла граматамі сем’і- прызёры.
Па выніках конкурсу трэцяе месца заваявала сям’я Рыжых, другое – сям’я Карповічаў, а пераможцам раённага этапу рэспубліканскага сямейнага праекта «Уладар сяла-2022» стала сям’я Кудлаш з аграгарадка Алекшыцы, якая і будзе прадстаўляць наш раён на абласным этапе.
Дарэчы, каштоўныя падарункі для прызёраў конкурсу падрыхтавалі раённая арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў АПК і раённая арганізацыя РГА “Белая Русь”, а райкам БРСМ набыў падарункі для ўсіх дзяцей.
Пасля завяршэння “Уладара сяла” парк аграгарадку Пархімаўцы перайшоў у распараджэнне дзяцей – тут пачалася дзіцячая музычна-забаўляльная праграма “Да сяброў у госці”, якую правялі работнікі Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.
У час свята працавалі разнастайныя атракцыёны і фотазоны, ішоў святочны гандаль, запрашала карагод-шоу “Народныя забавы”, працавала майстравое падвор’е “Умееш сам – навучы суседа”.
Затым у госці да жыхароў Пархімаўцаў завіталі суседзі са Свіслачы — праграму “Весяліся, не журыся“ прадставілі артысты Свіслацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, якія падарылі гледачам шмат цудоўных канцэртных нумароў і сабралі шчырыя апладысменты.
Не менш актыўна сустракалі жыхары аграгарадка і ўдзельнікаў аматарскай творчасці Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і ахвотна падпявалі любімым артыстам. КСУП “Пархімаўцы” падрыхтаваў таксама спецыяльную пляцоўку “Пархімаўскі фіш-лайт”, на якой гасцей свята частавалі смачнай юшкай.
Яшчэ адным цікавым момантам свята стаў 1-ы этап Кубка Беларусі па паветранаму бою радыёкіраваных мадэляў, у якім удзельнічалі аматары авіямадэлявання з Бераставіцы, Гродна і Смалявіч, а таксама паказальныя выступленні авіямадэлістаў.
Вечарам жыхары і госці Пархімаўцаў з задавальненнем наведалі яшчэ адну канцэртную праграму – сваё выступленне ім падрыхтаваў кавер-бэнд «BEACH BOOGIE BAND» з Гродна .
Завяршылася свята дыскатэкай пад адкрытым небам, святочным салютам і сумесным выкананнем песні “Сёння ў нашай хаце свята”.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара
Па матэрыялах "Бераставіцкая газета"