Главная » Новости » Лента новостей

Швейны цэх «Галынка»: як чатыры жанчыны апранаюць цэлы раён і шыюць курткi для цялят

23

 

Асартымент цэха ўражвае сваёй універсальнасцю.

IMG_6806.JPG

У самым цэнтры Зэльвы, у невялікім і ўтульным памяшканні штодня раздаецца рытмічны строкат швейных машын. Тут не шыюць калекцыі для модных подыумаў Парыжа, але праца, якая кіпіць у гэтых сценах, мае для раёна стратэгічнае значэнне. У пяцігодку якасці і, што асабліва сімвалічна, у Год беларускай жанчыны мы зазірнулі ў швейны цэх КСУП «Галынка», каб убачыць тых, чыімі рукамі ствараецца цяпло і камфорт для працаўнікоў вёскі.

Жаночы батальён швейнай справы 

Калі пераступаеш парог цэха, першае, што кідаецца ў вочы – гэта дзіўная засяроджанасць. Тры швачкі сядзяць, практычна не падымаючы вачэй: іх рукі рухаюцца так выразна і хутка, што погляд, ледзь паспявае за шыўкамі. Іх няшмат, але гэты «маленькі батальён» забяспечвае спецвопраткай сельгасарганізацыі Зэльвеншчыны, і, дарэчы, заказы прыходзяць нават з суседняга Слонімскага раёна – слава пра якасць мясцовага пашыву даўно выйшла за межы адной гаспадаркі.

Каардынуе гэты зладжаны механізм кантралёр тэхналагічнага працэсу Ганна Сідорка. Пакуль швачкі чаруюць над тканінай, яна прымае заяўкі, звярае памеры і сочыць за тым, каб кожная дэталь адпавядала дзяржаўнаму стандарту.

– Наша праца, можа, і не заўсёды прыкметная на першы погляд, але яна вельмі важная, – расказала Ганна Станіславаўна. – Паспрабуйце папрацаваць у полі ці на ферме, калі адзенне нязручнае або халоднае. Мы разумеем, што ад нас залежыць самаадчуванне людзей. Таму шыем на сумленне. У штаце нас усяго чацвёра, у многіх стаж вылічаецца дзесяцігоддзямі. Праца даведзена да аўтаматызму: бачым памер, бяром лякала і зусім хутка гатовы новы камплект.

IMG_6818.JPG

IMG_6819.JPG

Ад спяцовак да фестывальных убораў

Асартымент цэха ўражвае сваёй універсальнасцю. Асноўны «ўпор», вядома, на спецвопратку: уцепленыя касцюмы, паўкамбінезоны, курткі, камізэлькі. Майстры настолькі віртуозныя, што могуць пайсці на смелы эксперымент, напрыклад, з двух старых касцюмаў зрабіць новы, які праслужыць яшчэ не адзін сезон. Але не толькі «робай» жывуць галынкаўскія майстрыхі. Ёсць у іх працы месца і для высокага мастацтва. Менавіта тут ствараюцца аўтэнтычныя беларускія кашулі і сукенкі для артыстаў, якія выступаюць на раённых святах.

IMG_6812.JPG

– Можам і сукенку прыбраную пашыць, і кашулю з нацыянальным арнаментам, – падзялілася суразмоўніца. – На наш знакаміты «Ганненскі кірмаш» мы заўсёды выстаўляем палатку са сваёй прадукцыяй. Людзі разбіраюць ахвотна. Быў нават выпадак: турысты з Расіі так уразіліся нашымі сукенкамі з лёну, што адразу купілі з беларускай вышыўкай. Кажуць: «такой якасці і натуральнай тканіны цяпер днём з агнём не адшукаеш».

Кошты тут, дарэчы, здзіўляюць. Добрая кашуля абыдзецца ўсяго ў 36 рублёў. Пры гэтым матэрыял выключна беларускі лён і бавоўна, што гарантуе даўгавечнасць. 

«Гардэроб» для маладняка

Ёсць у паслужным спісе цэха і зусім незвычайны, кранальны пункт. Менавіта гэтыя жанчыны дапамагаюць ратаваць маладняк у гаспадарках раёна. Калі прыйшлі суровыя маразы, цяляты мелі патрэбу ў адмысловым доглядзе. Швачкі «Галынкі» распрацавалі і пашылі спецыяльныя ўцепленыя куртачкі для цялят. Гэты «гардэроб» ужо выратаваў не адну сотню галоў маладняку.

Падчас нашага візіту майстрыхі былі занятыя адказнай справай – шылі камізэлькі для даярак. Праца складаная: трэба, і каб цяпло было (унутры шчыльны пласт сінтэпону), і каб руху не скоўвала.

– Улетку працуем з палегчанымі тканінамі, зімой уцяпляемся, – патлумачыла кантралёрка. – Перад тым як пусціць партыю ў работу, заўсёды агаворваем з заказчыкам дробязі: дзе кішэню зручней зрабіць, які каўнер лепшы. Мы для сваіх людзей стараемся.

На паліцах цэха акуратнымі радамі ляжаць гатовыя вырабы, побач – спецыяльныя пальчаткі для рабочых. Усё пахне новай тканінай і нейкай асаблівай хатняй утульнасцю. Гледзячы на тое, як спрытна працуюць гэтыя жанчыны, разумееш: у іх руках не іголкі і ніткі, а камфорт сотняў людзей. І хай іх твары не часта мільгаюць на старонках газет, кожны жывёлавод або механізатар у раёне ведае: калі на табе касцюм ад гэтых жанчын, значыць, будзе цёпла, надзейна і зручна. У гэтым і заключаецца сапраўдная каштоўнасць працы, дзе за кожным швом стаіць павага да чалавека і любоў да сваёй зямлі.

Читайте также: