Шчучын у карагодзе сяброў. Дзень горада і раённае свята "Дажынкі-2024" адзначылі жыхары і госці раённага цэнтра
На ўрачыстае мерапрыемства на плошчы Свабоды сабраліся кіраўніцтва раёна, дэлегацыі з сельгаспрадпрыемстваў, прадстаўнікі працоўных калектываў раёна, грамадскіх арганізацый, ветэраны і моладзь.
Дзяўчына ў нацыянальным строі ўручыла старшыні райвыканкама Аляксею Садоўскаму каравай: няхай у нашым цудоўным краі заўжды будзе хлебна! Аляксей Валянцінавіч з цеплынёй і натхненнем павіншаваў ўсіх з Днём горада і “Дажынкамі-2024”.

- Дзень горада -- гэта свята многіх пакаленняў шчучынцаў, чыёй працай горад мяняўся, хто будуе яго будучыню, і тых, каму яшчэ толькі прадстаіць пераняць эстафету адказнасці за лёс сваёй малой радзімы. Сёння наш горад -- раённы цэнтр са сваім каларытам, развітой інфраструктурай, сацыяльнай сферай, сельскай гаспадаркай і прамысловасцю. Гэта горад з асаблівай душэўнай атмасферай, у якім хочацца жыць, вучыцца, працаваць і выхоўваць дзяцей. Усё гэта стала рэальнасцю толькі таму, што ў нас заўсёды жылі і жывуць цудоўныя людзі – сапраўдныя патрыёты малой радзімы і сваёй краіны, якія любяць і ўмеюць працаваць, шануюць мір і спакой, людзі, якія сваімі рукамі стварылі нашу цудоўную Шчучыншчыну, -- адзначыў Аляксей Валянцінавіч. - Хлебаробы Шчучыншчыны ўнеслі важкі ўклад у агульнарэспубліканскі каравай і ў чарговы раз пацвердзілі рэпутацыю высокаразвітага аграрнага раёна. Менавіта таму мы прымеркавалі раённыя “Дажынкі” да такой знакавай для Шчучына даты. Ад усёй душы жадаю шчучынцам поспехаў, моцнага здароўя, дабрабыту і новых здзяйсненняў. Няхай вынікі вашай працы заўсёды будуць прадметам гонару для будучых пакаленняў жыхароў нашага любімага шчучынскага краю!
Падчас свята старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта ўручыла заслужаныя ўзнагароды. Ганаровай граматай аблсавета ўзнагароджаны галоўны інжынер ААТ “Дэмбрава” Дзмітрый Ёдчык, галоўны аграном КСУП “Саўгас “Вялікае Мажэйкава” Яўгеній Каціла і старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Генрых Юрэвіч.

Цэнтральным момантам свята стала цырымонія ўзнагароджання пераможцаў раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у сельскагаспадарчай галіне. Пераможцамі спаборніцтва на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур у 2024 годзе сталі працоўныя калектывы ААТ «Дэмбрава, ААТ “Васілішкі” і СВУ «Пратасаўшчына». Святочныя фанфары гучалі на “Дажынках” не толькі ў адрас цэлых калектываў, але і асобных працаўнікоў, чыя работа сапраўды была ўдарнай.


Увогуле ў гэты дзень было мноства віншаванняў, падарункаў, грашовых узнагароджанняў і, безумоўна, Ганаровых грамат. Сваімі ўзнагародамі аграрыяў раёна ўшанаваў і прафсаюз работнікаў аграпрамысловага комплексу. Яго кіраўнікі Генрых Юрэвіч з задавальненнем выканаў пачэсную місію, паціскаючы працавітыя рукі землякоў.

Неўзабаве журы абвясціла і вынікі традыцыйнага для “Дажынак” конкурсу на лепшы падворак, духмяны каравай і найпрыгажэйшы сноп. Першае месца журы прысудзіла падворку ААТ “Васілішкі”. Пераможцамі сталі і каравайніцы з ААТ “Шчучынаграпрадукт”. Самы лепшы сноп атрымаўся ў саўгасе “Вялікае Мажэйкава”. Хоць, шчыра кажучы, было так цяжка вызначыць лепшых, бо кожная гаспадарка праявіла столькі майстэрства, творчасці, любові, рыхтуючыся да гэтых конкурсаў. І атрымалася цудоўнае свята Хлеба.
Выдатным падарункам для ўсіх прысутных стаў яркі і эмацыянальны канцэрт гурта "Дразды" -- аднаго з вядомых беларускіх гуртоў, які пакарыў сэрцы простых людзей. Прыезд калектыву стаў доўгачаканым для многіх прыхільнікаў іх творчасці са Шчучынскага раёна.
Сяргей КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара і Дзіяны КЕЙКА.
По материалам газеты "Дзянніца"








