Главная » Новости » Лента новостей

Сельскі аркестр, яблычны снайпер і баі на падушках. Карэліччане прынялі ўдзел у сельскай эстафеце на «Дажынках»

142

На абласным фестывалі “Дажынкі-2022”, што прайшоў 1 кастрычніка ў Вялікай Бераставіцы, аграрыі Гродзеншчыны не толькі прымалі віншаванні з працоўнымі поспехамі, але і памераліся сіламі ў спартыўных спаборніцтвах.

Карэліцкі раён на спаборніцтвах прадстаўляла каманда з 8 чалавек. У склад каманды ўвайшлі Аляксандр, Святлана і Кірыл Рамановічы, Яўген Касцюк, Аляксандр Ліхута, Кацярына Жамойда, Анастасія і Аляксандр Баранавы.

Карэліччане выступілі з энтузіязмам і занялі прызавыя месцы ў некаторых конкурсах. Так, Кірыл Рамановіч і Яўген Касцюк занялі першае месца ў конкурсе “Камочкі”, дзе ўдзельнікам трэба было перакаціць па дыстанцыі цюкі сена. Кірыл Рамановіч заняў другое месца ў баі падушкамі. Выдатна выступіла ў конкурсе “Яблычны снайпер” сям’я Баранавых, якая набрала 13 з 15 балаў і занялі 2 месца. Добра паказала сябе карэліцкая каманда ў эстафеце. Спартсмены прайшлі дыстанцыю без штрафаў, паказалі добры час і сталі трэцімі.

Акрамя спартыўных вынікаў, каманда годна паказала сябе ў творчым конкурсе “Сельскі аркестр”. Карэліччане падрыхтавалі добры музычны нумар, выбраўшы для выканання ўсім вядомую кампазіцыю “Кап-кап-кап” са знакамітага фільма “Іван Васільевіч змяняе прафесію”.  Музыкальнымі інструментамі сталі сельскагаспадарчыя прылады: косы, піла, барабанная ўстаноўка была сабрана з каністраў і вёдраў, гітара — з лапаты.

У выніку карэліччане занялі 5 месца з 15 каманд.

Аляксандр Рамановіч адзначае:

— Мы добра паказалі сябе, маем прызавыя месцы. Крыху не хапіла, каб трапіць у тройку лідараў. Мы вельмі весела правялі час, паказалі, на што здольны.

Кацярына Жамойда дзеліцца:

— Усё было выдатна арганізавана, вельмі цікава, крэатыўна. Конкурсы былі не банальнымі. Для мяне незвычайна было ўдзельнічаць у спаборніцтвах з выкарыстаннем сельскагаспадарчай прадукцыі. “Сельскі аркестр” — вельмі цікавы конкурс. Трэба было прыдумаць, на чым іграць, выбраць інструменты, песню. Ты выходзіш выступаць і дзелішся энергетыкай з гледачамі, адчуваеш іх падтрымку, гэта таксама важна. Самі ўдзельнікі — вельмі пазітыўныя людзі, дружныя, таварыскія. Я атрымала задавальненне ад конкурсу.

Читайте также: