Главная » Новости » Лента новостей

Рэпартаж з вясенне-палявых работ у КСУП “Варняны”

269

IMG_4663.JPG

Па аб’ектыўных прычынах раённую сводку сельгасработ замыкае КСУП «Варняны», дзе найбольш сярод гаспадарак адвялі пад плошчы на раннія збожжавыя і зернебабовыя культуры – 1 245 гектараў, што складае звыш 25% раённага кліна яравых. 
На мінулым тыдні карэспандэнт АП даведалася, як спраўляюцца з палявымі работамі «варнянцы», хто ім дапамагае і з якім настроем працуюць на сяўбе механізатары.
 
У гэтым КСУПе, як і ў астатніх гаспадарках, размеркаванне пасяўных плошчаў залежыць ад дзяржзаказу і патрэб жывёлагадоўлі. Пасля перадачы ў арэнду КСУП «Гудагай» і «Гервяты» двух малочна-таварных комплексаў нагрузка на тэхніку зменшылася, што дазволіла «варнянцам» пад патрэбу нарыхтоўваць травяністыя кармы і фураж. 
У параўнанні з мінулым годам у структуры пасяўных плошчаў КСУП «Варняны» змяненні ёсць. Пад рапс тут адвялі крыху менш, чым у мінулым годзе, – 350 гектараў. Збожжавыя занялі 1 168 га:  паменшалі плошчы пад пшаніцай і жытам, затое ўпершыню за некалькі апошніх гадоў на восень пасеялі ячмень. Гэтая культура найхутчэй даспявае, што дазваляе хлебаробам не спяшаючыся яе абмалаціць, а заадно і праверыць хлебаўборачную тэхніку перад масавым жнівом. Ёсць карэктывы і ў яравым кліне: на «варнянскіх» землях сёлета пабольшае пшаніцы і ячменю, у тым ліку піваваранага, затое паменшае аўсу, грачыхі. На ўзроўні мінулага года засталіся плошчы пад гарохам і цукровымі буракамі. Кукурузу на зерне ў «Варнянах» прыкрыюць ажно на 150 гектарах (у 2022-ім – на 22 га). 
У дзень прыезду карэспандэнта работы ў гас­па­дарцы вяліся па некалькіх франтах. У Ва­лэйкунах сеялі ячмень, у Грышкойцях – авёс, у Карвэлях – пшаніцу. Глебу аралі ў Стаўбурах, а культывавалі ў Беразоўцы, Грышкойцях, Дубні­ках. Непадалёк апошняга населенага пункта апрацоўвалі азімы рапс. 
На энерганасычаным трактары «Беларус» у счэпцы з пасяўным агрэгатам АПП-6 не першы сезон прыкрывае насенне Валерый Дзенюш. Да слова, мужчына з гэтым добра спраўляецца. Некалькі гадоў назад райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу прызнаў механізатара лепшым сейбітам на вясенне-палявых работах. 

01.jpg

– Сёлетняя яравая сяўба для мяне 10-я – столькі ж і трактару. У 2013 годзе сам прыгнаў «Беларуса» з Гродна. Гэтай зімой пасяўны агрэгат цалкам перабраў. Шмат давялося папацець, затое цяпер  ён як новенькі! – не хаваючы радасці, расказаў механізатар.  
У бункер сеялкі змяшчаецца каля 1,5 тоны насення, але яго вага можа вар’і­ра­вацца ў залежнасці ад культуры: пша­ніца, напрыклад, крыху цяжэйшая за авёс. 
– Гэтага аб’ёму хапае на 6 гектараў, потым насенне механізавана дасыпаем, – працягвае Валерый Станіслававіч. – Сяў­ба сёлета няпростая – гэта пацвер­­дзяць многія механізатары. Але справіліся. 
Варта адзначыць, што ў КСУП «Варняны» працуюць і родныя браты Валерыя: Іван – галоўным аграномам, Эдуард – вадзіцелем. 
Дзенюшы родам з Быстрыцы. Да вясковай працы звыклыя з маленства. Іх бацька быў трактарыстам у тамтэйшым калгасе, таму і хлопцы, што называецца, пры тэхніцы з дзяцінства. 
– Эдзік дык і выгадаваўся ў кабіне бацькавага трактара. Памятаю, бульбакапанне. А куды малога дзець? Да таты! – расказвае Валерый. 

022.jpg

– Я і не раздумваў, кім быць. З дзяцінства ведаў, што стану вадзіцелем, – да размовы далучыўся Эдуард. – На гэтым МАЗе з 2009 года. Вясной падвожу на поле пратручанае і апрацаванае насенне, важу сянажную масу падчас касавіцы, а на жніве – збожжа. У прычэп змяшчаецца каля 9 тон насення, але на змену не хапае. Падчас масай сяўбы мы працуем з 8 раніцы да 8 вечара.
У тэму: летась Эдуарда Дзенюша райкама прафсаюза работнікаў АПК прызнаў лепшым вадзіцелем на корма­нарыхтоўцы. 
Хоць тэхніка ў гаспадарцы, у адрозненне ад тых жа «Гервят» ці саўгаса «Падольскі», даўно не абнаўлялася, механізатары і вадзіцелі КСУП «Варняны» не трацяць аптымізму і працуюць не менш старанна і плённа за калег з іншых сельгаспрадпрыемстваў. 
З-за вялікіх аб’ёмаў веснавых работ «варнянцам» не хапала сваіх тэхнічных магчымасцей, таму на  фінішнай прамой раённай сяўбы збожжавых падрыхтаваць глебу і прыкрыць у яе насенне ім дапамаглі КСУП «Гудагай», «Гервяты» і РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі».
На некалькіх участках паміж Бера­зоў­кай і Больнікамі кіпела работа. На энерганасычаным трактары «Беларус» Генрых Млынскі з КСУП «Гудагай» куль­ты­ваваў глебу. 
– У «Варнянах» з 14 красавіка. Дапамагчы суседзям мы заўсёды рады, – адзначыў механізатар. 
Услед за «Беларусам» ішоў невялікі трактар, у прычэп якога паляводы кідалі камяні. 

03.jpg

– Я на заслужаным адпачынку, але яшчэ працую, – сказаў трактарыст Уладзіслаў Раткевіч. – За дзень найбольш збіралі камя­ні на плошчы каля 10 гектараў. 
Літаральна праз дарогу два апрыск­валь­нікі апрацоўвалі рапс. Адным кіраваў малады, але вопытны Андрэй Бразевіч, чый партрэт летась быў занесены на раённую Дошку гонару, другім – механізатар з амаль 40-гадовым стажам Іван Яновіч.

04.jpg

05.jpg



Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич
 
Па матэрыялах газеты "Астравецкая праўда"

Читайте также: