Главная » Новости » Лента новостей

Рэгіна Тотчык з КСУП "Гервяты" клапоціцца пра 173 цяляці

79

Мамай для звыш 170 цялятак працуе Рэгіна Тотчык. Як у дзіцячы садок, у групу да гэтай спагадлівай, клапатлівай, адказнай жанчыны трапляюць малышы з усіх гервяцкіх ферм і комплексаў. 

– У цэху дарошчвання, дзе 12 секцый, працуюць выключна жанчыны. Па сутнасці цяляты – тыя ж дзеці. Іх прывагі залежаць не толькі ад кармлення, але і ад мікраклімату, догляду, – дзеліцца жывёлавод. – У маёй групе 173 галавы, з якіх 37 – цялушкі. Жывёлу набіраю ў сярэднім раз у паўгода. Здараецца, што секцыю запаўняем месяц-два, а бывае, што «набор» завяршаецца за 2-3 дні. 

Нават у межах адной секцыі ў малышоў рацыён розны. З ня­даў­­­няга часу па новай жывёла­гадоўчай тэхналогіі тут адмовіліся ад выпайкі малаком. Самыя маленькія спачатку атрымліваюць сена, паступова ў іх меню ўводзяць сянаж і сілас. 

– Яшчэ няма 8-мі, як я на комп­лексе. Правяраю, як пераначавалі мае гадаванцы, – з пяшчотай гледзячы на цялят, расказвае Рэгіна. – Падчышчаю карыты, раздаю кармы і канцэнтраты – усё развозім на жалезнай тачцы. Сёння, напрыклад, ужо зрабіла чатыры рэйсы. Вечарам прыязджаю на комплекс зноў, каб дакласці кармоў. Жывёла разумная: выбірае смачнейшае. У спецыяльных ёмістасцях у іх ёсць соль і мел. П’юць цяляты з паілак. Пыскамі націскаюць на патрэбны «язычок», каб пайшла вада. Гэтую навуку яны не адразу засвоілі, спярша падводзіла, паказвала, прывучала, –  працягвае жанчына. – Праз пяць месяцаў цялят пераводзяць у цэх адкорму. Спецыяльнай машынай вымываем памяшканне, дэзынфіцыруем, белім сцены, чысцім і мыем карытцы. Толькі пасля гэтага набіраем новых малышоў у сваю «дзіцячую групу». 

– На комплексе з 1994 года. А па адукацыі я пекар-кандытар. Тагачасны старшыня калгаса Вячаслаў Адахоўскі даў дом у Міцюнах пры ўмове, што з мужам будзем працаваць у гаспадарцы. Без малога мінула 30 гадоў, аж самой не верыцца. Жыллё выкупілі, сёлета правялі газ, –  расказвае Рэгіна. – Не паспелі з Францам азірнуцца, як выраслі дачушкі і пакінулі бацькоўскае гняздо. У абедзвюх ёсць сем’і, але пакуль няма дзетак. А так хочацца быць бабуляй! 

У вольны час жанчына корпаецца ў агародзе. А яшчэ клапоціцца пра гаспадарку.

– Трымаем кабанчыка, курэй. Яшчэ ёсць сабака, два хатнія каты і тры вулічныя, якія прыбіліся да нас, – расказвае жанчына. – Ну і мае гадаванцы на ферме. Хоць і афармляю дакументы на ільготную пенсію, але пакуль сілы і здароўе дазваляюць, буду працаваць. Куды я без цялят, яны ж як дзеці… 

Фото: Алёна Ганулич
По материалам газеты "Астравецкая праўда"

Читайте также: