Разам ствараем чысціню, камфорт, прыгажосць
На Дзятлаўшчыне праходзіць месячнік па навядзенні парадку, удзел у якім прымаюць арганізацыі, установы і прадпрыемствы раёна.
24 сакавіка працоўны дэсант арганізавалі работнікі Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта.



З надыходам цёплых вясновых дзён распускаюцца не толькі рэальныя кветкі-першацветы, але з’яўляецца і нямала кінутых у халодны сезон па-за урнамі паперак, бутэлек, іншага смецця, якое мы, на жаль, таксама прывыклі называць “падснежнікамі”, а дзесьці неабходна выдаліць хмызнякі і сухія дрэвы, якія псуюць краявіды. Ачысціць тэрыторыі, зрабіць іх прыгожымі для жыхароў і гасцей раёна – вось задача, якую ў час месячнікаў па навядзенні парадку, суботнікаў, акцый і працоўных дэсантаў беларусы прывыклі вырашаць разам, як у нашай краіне кажуць, талакой. Уважлівыя жыхары раёна ўжо заўважылі на вуліцах і пляцоўках населеных пунктаў камунальную тэхніку, якая мяце, чысціць, вывозіць смецце. Цяпер да яе актыўна далучаюцца людзі, каб зрабіць родны куток прывабным для вока.












– У рамках месячніка па навядзенні парадку жаночая частка калектыву райвыканкама пайшла на ўборку возера, а мы працуем у лясным масіве на ўскрайку горада, – расказаў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. – Напярэдадні ў гэтай лакацыі былі высечаны хмызнякі, а сёння мы складваем у кучы галіны і камлі. Прапанова навесці чысціню ў гэтай лесапаласе каля аўтазаправачнай станцыі гучала даўно, яшчэ калі намеснікам старшыні райвыканкама працаваў Юрый Залеўскі. Праўда, раней зрабіць гэта не даходзілі рукі: чысцілі паркі і ўчасткі ў райцэнтры. З мінулага года паступова наводзім парадак і на гэтым месцы: ужо была прыбрана лакацыя ад цэнтральнай Лідскай трасы, а цяпер працуем каля прамога праезду на Курпешы. Драўніна, якую збяром у выніку працоўнай акцыі, будзе перапрацавана на дранку і выкарыстана. Усё робіцца дзеля чысціні, камфорту, прыгажосці.



– Працуем у 26-м квартале Новаяльнянскага лясніцтва, на ўчастку лесафонду, які непасрэдна прымыкае да горада, – патлумачыў намеснік дырэктара ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” па ідэалагічнай рабоце Аляксей Урбановіч. – На Дзятлаўшчыне ў рамках акцыі “Лес, дабро, парадак” аднаўленчыя работы на пацярпелых ад бураломаў і ветравалаў землях скончаны. Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі цяпер зрабіла ўхіл на навядзенне парадку ў дзяржаўным лясным фондзе, на месцах пахаванняў, помніках, размешчаных у лесе. Дзятлаўскі райвыканкам не застаўся ў баку ад добрых спраў і стаў ініцыятарам таго, каб намеціць гэты ўчастак для першачарговай уборкі. Сіламі лясніцтва тут праведзена высечка, а сёння драўнінныя рэшткі складваем у кучы для далейшага вывазу.













Як акцэнтаваў увагу ўдзельнікаў працоўнага дэсанта Андрэй Садоўскі, за адзін раз наўрад ці ўдасца канчаткова навесці парадак ў лесапаласе ў напрамку Курпешаў. Работу гэту давядзецца прадоўжыць, магчыма, да яе далучацца і іншыя калектывы раёна.
Ірына СТЫРНІК
Фота аўтара і Святланы ГРЫШЫНАЙ







