Главная » Новости » Лента новостей

Рамонкавыя палі з пажаданнямі на пялёстках дарылі на Дзень сям'і ў Астраўцы

302

Сямейныя дынастыі, пераможцы конкурсаў, актыўныя, творчыя і крэатыўныя мамы, таты і дзеці сабраліся ў шматфункцыянальным комплексе на святкаванне Міжнароднага дня сям’і.

Уявіце, што сцэна – гэта рамонкавае поле, дзе дыхаецца лёгка, дзе адчуваеш сябе шчаслівым. Гэтага і пажадалі прысутным вядучыя канцэрта – якімі, да слова, таксама выступіла сям’я – Сямашка. Яны выцягвалі пялёсткі з пажаданнямі, узмацнялі якія шчырыя віншаванні гасцей.

Ад душы і з вялікім хваляваннем галіновыя прафсаюзы сфер адукацыі і навукі, лясной гаспадаркі, медыцыны і аграпрамысловага комплексу ўшаноўвалі сямейныя дынастыі, раённыя грамадскія аб’яднанні дзякавалі за актыўнасць, спагаду і творчасць, а работнікі культуры – зноў жа сямейнымі! – дуэтамі і трыа дарылі музычныя нумары.

Гордасць за справу, якой служыш, адказныя і трапяткія адносіны да прафесіі, адданасць якой пацвярджаюць не дзясяткі – сотні! – гадоў сумеснага стажу – што можа быць лепшай нагодай для падзякі?

Юрый Адула, старшыня прафсаюзнай раённай арганізацыі работнікаў АПК, адзначыў працоўную сямейную дынастыю Бародка, агульны стаж якой у сельскай гаспадарцы складае больш за 270 гадоў.

Старшыня раённай арганізацыі працаўнікоў адукацыі і навукі Марына Кутовіч падзякавала за працу сямейнай дынастыі Шаблінскіх, заснавальніца  якой настаўнік беларускай мовы і літаратуры Ядвіга Каятанаўна 40 гадоў аддала адной навучальнай установе – СШ №1.

Падарунак сямейнай дынастыі Герман Астравецкага лясгаса  ўручыў старшыня прафсаюзнай пярвічкі Юрый Касцюкевіч. Сямейная справа гэтай сям’і пачынаецца з дзядулі Мікалая Уладзіміравіча і бабулі Ніны Уладзіміраўны.

Сямейную дынастыю Корзун на сцэну запрасіла старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі цэнтральнай раённай клінічнай бальніцы Вікторыя Страцэўская. Агульны стаж працы гэтых людзей у медыцыне 86 гадоў.

За актыўную жыццёвую і грамадзянскую пазіцыю, захаванне сямейных і маральных каштоўнасцей, узорнае выхаванне дзяцей старшыня раённага грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Наталля Баніцэвіч адзначыла сям’ю Крывец, Волкавы атрымалі падарункі ад старшыні раённай арганізацыі “Белая Русь” Ірыны Раткевіч. Даўно і добра ведае актыўнасць, адказнасць і артыстызм сям’і Сямашка лідар раённай моладзі Вольга Максімава – іх яна і адзначыла Падзякай.

Падарункі па выніках фотаконкурсу “Шчаслівая сям’я”, арганізаванага Тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання і раённай газетай, атрымалі пераможцы: сем’і Кімса, Чубек, Лашчонак, Ненартовіч, Штура і Валэйка.

…Якія ж яны светлыя, прыгожыя, творчыя і шчаслівыя – “рамонкі” на астравецкім “полі пажаданняў”! Такімі і заставайцеся!

 

Текст: Ольга Хотянович
Фото: Ольга Хотянович
 
Па матэрыялах газеты"Астравецкая праўда"

Читайте также: