Главная » Новости » Лента новостей

Райкам прафсаюза работнікаў АПК у межах жывёлагадоўчай акцыі наведаў КСУП “Гервяты”

181

Гэта адзінае ў раёне сельгаспрадпрыемства, якое спецыялізуецца на вытворчасці ялавічы. Гервяцкая тушонка карыстаецца нязменным попытам у жыхароў і гасцей Астравеччыны. Займаецца гаспадарка і малочнай вытворчасцю: валавы надой ад каровы за мінулы год склаў 7 187 кілаграмаў. Але спыняцца на гэтым “гервятцы” не збіраюцца: запланавана будаўніцтва новага сучаснага малочна-таварнага комплексу ў Сакалойцях. За ўсімі гэтымі дасягненнямі стаяць адказныя працаўнікі, якіх Падзякамі і падарункамі адзначылі ў межах рэспубліканскай прафсаюзнай акцыі “Наш жывёлавод”.

Разам са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Юрыем Адула уўшаноўвалі лепшых працаўнікоў прафсаюзны лідар гаспадаркі Марына Івашка і намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Алена Кандратовіч.

IMG_2254.JPG

Комплекс па дарошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы

Пагалоўе – звыш 4,5 тысяч асобін: на дарошчванні – 2 208, на адкорме – 2 311. Сярэднесутачная прывага за мінулы год – 836 гр (на адкорме), 1 009 гр (на дарошчванні).

Сярод структурных падраздзяленняў КСУП “Гервяты” работнікі гэтага комплексу былі адзначаны найбольш шматліка.

IMG_2267.JPG

Больш за 30 гадоў у гаспадарцы працуе трактарыст-машыніст Міхаіл Гадунка. Паспытаў ён хлеба аратага, быў заняты на культываванні глебы. Апошнія 10 гадоў механізатар загружае “Амкадорам” кармы.

IMG_2272.JPG

– Пачынаў на трактары Т-150. Тады перасеў на новы МТЗ-1523. Працаваў і на пагрузчыку з тэлескапічнай стралой. Разбірацца ў тэхніцы мала, яе любіць і глядзець трэба – тады любая сельгасмашына спраўна будзе служыць, – лічыць Міхаіл Леанідавіч.

З 18 гадоў на комплексе працуе Таццяна Кацяш, якую неаднаразова адзначалі падчас акцыі “Наш жывёлавод”. Жанчына даглядае 408 быкоў. Трапляюць да яе жывёлы вагой каля 180 кілаграмаў, за 10-11 Таццяна адкормлівае іх да 500-600 кілаграмаў.

Тут жа працуе Надзея Жакун. Агульны стаж жанчыны ў сельскай гаспадарцы – без малога 30 гадоў.

– На Астравеччыну пераехалі з Украіны. З мужам уладкаваліся ў мясцовы калгас. Тагачасны старшыня Вячаслаў Адахоўскі ў гэтым жывёлагадоўчым цэху на секцыі прызначаў звычайна сямейныя пары, – успамінае першыя гады работы ў гаспадарцы Надзея Паўлаўна. – Я хоць і на заслужаным адпачынку, але не магу сядзець без справы. Прыкіпела душой да калектыва, ды і капейчына ў сямейным бюджэце не лішняя. У маёй групе на адкорме знаходзіцца 446 быкоў. Падсунуць сумесь на кармавых сталах, адпусціць ланцугі, прасачыць за паілкай – клопатаў хапае.

Столькі ж, як і Надзея Паўлаўна, на комплексе працуе Наталія Алёкса. Жанчына клапоціцца пра 182 цялушкі і бычкі. У секцыю дарошчвання жывёлы трапляюць пасля 2 месяцаў. Калі ім споўніцца паўгода, быкоў пераводзяць у цэх адкорму, а цялушак – на малочна-таварныя фермы і комплексы.

Сярод аксакалаў гэтага жывёлагадоўчага аб’екта і начальнік комплексу Валянціна Мажэйка.

– Пасля Ашмянскага тэхнікума працавала ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання ў Гродне. Па сямейных абставінах вярнулася на Астравеччыну. Звыш 20-ці гадоў даіла кароў на ферме “Міцюны”. Потым былі кансервавы цэх і цэх па дарошчванні. Начальнікам гэтага жывёлагадоўчага аб’екта працую каля года, – расказала працоўную біяграфію жанчына.

Прыемнай нечаканасцю для Валянціны стала пуцёўка на 10-дзённы адпачынак у санаторый “Нарачанка” ад прафсаюзнай пярвічнай арганізацыі КСУП “Гервяты”.

“Рымдзюны”

Пагалоўе – 1 001 асобін, у тым ліку 680 кароў. Надой ад рагулі за мінулы год склаў 9 481 кг.

Начальнік гэтага комплексу Любоў Шапура вельмі цёпла адгукаецца пра свой калектыў: людзі тут падабраліся працавітыя.

Жывёлаводы Вадзім Каптыгін і Дзмітрый Койра, хоць адносна нядаўна на комплексе, але без іх тут як без рук.

IMG_2291.JPG

– Я, можна сказаць, вырас на ферме. Тут працавалі і дзядуля, і мама. Хоць атрымаў спецыяльнасць муляра-тынкоўшчыка, усё ж будаўнічыя работы – не па мне. З маленства прывык быць пры жывёле, – прызнаецца Дзмітрый. – На дойку падганяю кароў, даю выхадныя іншым жывёлаводам. Зарплата задавальняе, калектыў падабаецца – чаго яшчэ хацець!

У Вадзіма Каптыгіна, як і ў яго напарніка, таксама ёсць спецыяльнасць, але не жывёлагадоўчая.

– У Вілейцы адвучыўся на вадзіцеля і трактарыста. Потым паступіў у Ашмянскі каледж, але па збегу абставін так яго і не закончыў. Да тэхнікі не ляжыць душа – нецікава мне корпацца ў маторах і запчастках, – расказаў пра сябе Вадзім.

А Любоў Шапура дадала на развітанне: “Хлопцы – мая гордасць!” Дзякучы прыкладу маладых і працавітых жывёлаводаў, такіх, як Дзмітрый і Вадзім, дакладна можна меркаваць, што ў сельскай гаспадаркі ёсць будучыня.

Жывёлаводу Іаланце Пукшце, якая была на выхадным, Падзяку і падарунак калегі абяцалі перадаць.

“Газа”

Пагалоўе – 579 асобін, у тым ліку 380 кароў. Надой ад рагулі за мінулы год склаў 4 896 кг.

Крыху больш за год назад гэты “варнянскі” комплекс арандаваў КСУП “Гервяты”. Літаральна праз паўгода малако стала мець гатунак экстра – вырасла амаль удвая і зарплата ў даярак.

Больш за тры дзесяцігоддзі комплексам загадвае Генаефа Харкевіч. Пра малочную вытворчасць, кароў і цялятак яна ведае не горш за вучоных. Партрэт жанчыны заносілі на раённую Дошку гонару, даярку неаднаразова адзначаў прафсаюз АПК у межах акцыі “Наш жывёлавод”.

Пра самых маленькіх – каля 60 галоў – у “Газе” клапоціцца Таццяна Тумінская.

IMG_2307.JPG

– Яны ж, як дзеці, – расказвае пра падапечных жанчына. – Нованароджаных цялят выпойваю малозівам. Потым кладу пад спецыяльную лямпу, а праз некалькі гадзін пераводжу ў індывідуальны дамок. У маёй групе малышы гадуюцца да 2 месяцаў. Пасля іх месца займаюць іншыя. Перад тым, як “засяліць” цяля, старанна вычышчаю падсцілку і цалкам мыю дамок.

“Дайлідкі”

Пагалоўе – 2 682 асобіны, у тым ліку 890 кароў. Надой ад рагулі за мінулы год склаў 8 017 кг.

Пра самых маленькіх на комплексе клапоціцца Яніна Саханоўская. Выпаіць малозівам нованароджанае цяля, пакласці яго пад лямпу, засяліць у індывідуальны дамок – гэта далёка не ўвесь пералік працоўных абавязкаў жанчыны.

Дойных кароў даглядаюць жывёлаводы Галіна Замара і Людміла Матыяшкойць.

– На комплекс прыйшла пасля закрыцця ў Дайлідках паштовага аддзялення. Дзесяць гадоў ужо тут. З напарніцай працуем у розных кароўніках: падсуваем сумесь на кармавых сталах, падчышчаем іх, разносім мел, соль, канцэнтраты, прыводзім у парадак лёжкі. Так і дзень непрыкметна пралятае, – расказала Галіна Валянцінаўна.

Усё жыццё ў жывёлагадоўлі працуе Людміла Матыяшкойць. Звыш 20 гадоў жанчына даіла кароў на малочна-таварнай ферме “Тракелі”. Пасля яе закрыцця прыйшла на комплекс “Дайлідкі”.

– Многія з работнікаў ужо на заслужаным адпачынку, але, пакуль дазваляюць сілы і здароўе, працягваем працаваць. Хто, калі не мы? – падзялілася Людміла Вікенцьеўна.

У групе Галіны Каляды на дарошчванні знаходзяцца звыш 100 галоў.

– У маю секцыю пераводзяць цялушак вагой ад 60 кілаграмаў, гадую іх, пакуль не набяруць 100 і больш. Кормасумесь падводжу на тачцы і раздаю, сачу за работай паілак, – расказвае пра свой працоўны дзень жанчына. – У аграпрамысловым комплексе, больш таго, у адной гаспадарцы – 38 гадоў. Пачынала ў падсобным цэху, пасля яго закрыцця і цялят глядзела, і кароў раздойвала.

Зіма – час адпачынку не толькі ў механізатараў, якія шчыруюць на палях, але і ў трактарыстаў з фермаў і комплексаў. Станіслаў Барташэвіч, які “Амкадорам” загружае кармы, знайшоў вольную хвілінку і зазірнуў на работу, каб атрымаць заслужаную ўзнагароду і раздзяліць радасць з калегамі.

IMG_2331.JPG

З першых вуснаў

Юрый Адула:

– Кіраўніцтву сельскагаспадарчых прадпрыемстваў хочацца нагадаць, каб у гонцы за якасцю і колькасцю малака, яны не забывалі пра людзей, на якіх трымаецца малочная і мясная вытворчасць. Працаўнікам раю быць пільнымі і выконваць усе патрабаванні аховы працы. Тым больш, што з 6 па 12 сакавіка на Гродзеншчыне праходзіць “Тыдзень нулявога траўматызму”. У першую чаргу гэта тычыцца тых арганізацый, дзе ў мінулым і 2023-м гадах адбыліся выпадкі вытворчага траўматызму з цяжкімі наступствамі. Акрамя гэтага, 9 сакавіка пройдзе абласны Дзень аховы працы.


 

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич

Читайте также: