Главная » Новости » Лента новостей

Профсоюзы Кореличчины наградили активных участников жатвы 2020 года

239

 

Скончылася жніво, заціхлі апусцелыя палі. Аднак у памяці ўсіх тых, хто прыняў удзел у сёлетняй уборачнай кампаніі, надоўга застануцца хвалюючыя моманты жніва і цёплыя ўспаміны аб шчодрай хлебнай ніве Карэліччыны. Аб жніве-2020 будуць нагадваць і прафсаюзныя ўзнагароды, якія старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Пянькоўская ўручыла дзесяці працаўнікам гаспадарак раёна.

Палявод вытворчага ўчастка № 1 КСУП «Лукі-Агра» Жанна Ярмольчык (НА ГАЛОУНЫМ ФОТА)

Для палявода вытворчага ўчастка № 1 КСУП “Лукі-Агра” Жанны Ярмольчык узнагароджванне прафсаюзам стала сапраўдным сюрпрызам. І падарункам да дня нараджэння, які жанчына адсвяткавала ў пачатку мінулага тыдня.

– Узнагароды ад прафсаюзаў атрымліваю ўпершыню, – дзеліцца палявод. – Мне вельмі прыемна, што мая праца не засталася незаўважанай. Больш трох дзясяткаў гадоў працую ў гаспадарцы. Падчас жніва на зернясховішчы зерне, рапс падмятала, каб яно з коламі машын не развозілася. Зараз сянажную траншэю чысцім, падмятаем, каб у ёй якасны корм для жывёлы атрымаўся. На першы погляд наша работа непрыкметная і не вельмі важная, але, мне здаецца, яе абавязкова трэба рабіць.

 

Трактарыст-машыніст СВК «Маяк-Заполле» Мікалай Чубрык

На гадзінніку 8 раніцы, а трактарыст-машыніст СВК “Маяк-Заполле” Мікалай Чубрык ужо ў полі – на прэс-падборшчыку “Krone” прасуе салому.

– На гэтым полі ўжо заканчваю. Зараз прэс замяню на плугі і прыступлю да ворыва, – расказвае малады механізатар. – Увогуле, магу працаваць на рознай тэхніцы. Ды і да работы я прывычны.

А звыклы Мікалай Чубрык да працы, бо выхоўваўся ў вясковай сям’і ў Машэвічах. Пасля заканчэння Навагрудскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя застаўся верным Карэліччыне. Уладкаваўся на працу ў СВК “Маяк-Заполле”. Кіраўніцтва гаспадаркі адразу забяспечыла маладога механізатара жыллём: спачатку інтэрнатам, а праз тры гады – асабістай сядзібай.

– Часам выязджаю ў Мінск да сястры, але гарадская мітусня не для мяне, – дзеліцца Мікалай Чубрык. – Трэба жыць і працаваць там, дзе табе камфортна. Мне ўтульней у сельскай мясцовасці.

Трактарыст-машыніст КСУП «Племзавод Карэлічы» Аляксандр Акулік

Па хадайніцтве пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі КСУП “Племзавод Карэлічы” прафсаюзнай узнагароды ўдастоены трактарыст-машыніст сельгаспрадпрыемства Аляксандр Акулік. Падчас сёлетняга жніва механізатар быў задзейнічаны на прасаванні саломы. Увогуле, працы ў  гаспадарцы мужчына прысвяціў больш двух дзясяткаў гадоў. Прыклад працавітасці бацькі пераняў сын, таксама Аляксандр, які працуе ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях. Аднак каторы сезон запар падчас жніва ён выходзіць на хлебную ніву раёна і працуе ў складзе камбайнавага экіпажа.

Дарэчы і бацьку ўзнагароджанага механізатара звалі Аляксандрам. Вось такая цікавая традыцыя імёнаў сям’і Акулікаў.

Дыспетчар КСУП «Малюшычы» Святлана Уласевіч

Немалаважная роля падчас сёлетняга жніва ў КСУП “Малюшычы” належыла дыспетчару гаспадаркі Святлане Уласевіч, на плечы якой лягла адказная праца, – штодзень падводзіць вынікі працы хлебаробаў гаспадаркі і абагульняць усе дасягненні аграрыяў у сельскагаспадарчую зводку.

– У дыспетчарскую сцякаецца ўся аператыўная інфармацыя па ўборцы. Падчас жніва перад аграрыямі стаіць важная задача – не згубіць ніводнага зярнятка. У дыспетчара задача не менш адказная – дакладна адлюстраваць на паперы сабраны ўраджай, – дзеліцца Святлана Уласевіч. – Часам, калі камбайны позна затрымліваліся ў полі, прыходзілася ў дыспетчарскай да ночы заставацца. Пакуль усю інфармацыю збярэш. З раніцы ж хлопцы з нецярпеннем чакалі абноўленай зводкі аб ходзе жніва. Кожнаму цікава ўбачыць свой вынік, ад якога і залежыць заробак.

Слесар па механізацыі працаёмістых працэсаў КУСП «Чарняхоўскі-Агра» Леанід Лазун

Найбольш загружаным перыядам для слесара па механізацыі працаёмістых працэсаў КУСП “Чарняхоўскі-Агра” Леаніда Лазуна з’яўляецца не сама ўборачная кампанія, а час падрыхтоўкі зернесушыльных комплексаў да жніва.

– На сённяшні дзень у гаспадарцы тры КЗС: два з іх ужо шмат сезонаў адпрацавалі на карысць гаспадаркі. Трэцяй зернесушылцы – 11 гадоў, – расказвае Леанід Лазун. – Пры падрыхтоўцы іх да жніва дробязяў быць не можа. Неабходна рабіць усё якасна, каб у адказны момант замінак не было. Калі ж усётакі яны ўзнікаюць, аператыўна рэагуем і выпраўляем. Ды і на поле да камбайнаў часам выязджалі, калі неабходна было правесці зварачныя работы.

 

Вадзіцель КСУП «Царука» Сяргей Балабановіч

Амаль усё працоўнае жыццё вадзіцеля КСУП “Царука” Сяргея Балабановіча, які нарадзіўся і вырас у Ярэмічах, звязана з шафёрскай працай у гаспадарцы. Па словах працаўніка, сёлетняе жніво прайшло спакойна і без эксцэсаў. Галоўнае – дасканала падрыхтаваць тэхніку. А “Газік-3309”, на якім працуе, вадзіцель ведае як свае пяць пальцаў. Сёлетні вынік Сяргея Балабановіча – каля 980 тон перавезенага ад камбайнаў збожжа.

Механізатар КСВУП «Птушкафабрыка «Чырвонаармейская» Антон Абрамовіч

Трактарыст-машыніст КСВУП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская” Антон Абрамовіч з працоўным стажам у гаспадарцы каля 30 гадоў – перадавік у любым відзе работ. Вясной на трактары “МТЗ-1523“ у агрэгаце з ПСС-10 возіць арганічныя ўгнаенні, летам працуе на адвозцы зялёнай масы. Затым у графіку работ – жніво. Сёлета працаўнік перавёз каля дзвюх тысяч тон зерня. Не так даўно ў гаспадарцы пачалі ўбіраць кукурузу на сілас. Механізатар задзейнічаны на адвозцы здрабнёнай масы. Спадзяёмся, што і ў гэтым відзе работ Антон Абрамовіч пакажа найлепшы вынік.

 

Механізатар СВК «Жухавічы» Юрый Гомза

Скончылася жніво, аднак працы ў трактарыста-машыніста СВК “Жухавічы” Юрыя Гомзы больш чым дастаткова. Ён на пагрузчыку “Амкадор” заняты на стагаванні саломы.

– За дзень дзесьці 150 тон саломы складаем у стагі. Бывае, і болей. Тры велізарныя стагі атрымліваюцца, – расказвае Юрый Гомза. – Мне лягчэй працаваць, я ж на пагрузчыку. А вось хлопцам з брыгады цяжэй прыходзіцца. У іх ручная праца. Увогуле ў калгасе лёгкую работу наўрад ці знойдзеш. Аднак мы не скардзімся, прывыклі працаваць.

 

 

Загадчыца сталовай СВК «Свіцязянка-2003» Алена Сак

Сёлетні поспех свіцязянскіх хлебаробаў у значнай ступені залежыў ад кулінарных здольнасцей і майстэрства калектыву сталовай СВК “Свіцязянка-2003”, загадчыцай якой на працягу дзесяці гадоў з’яўляецца Алена Сак. Усяго ў кухарскай прафесіі жанчына ўжо 30 гадоў.

– З ранняй вясны да позняй восені, калі на палях кіпіць работа, імкнёмся смачна і сытна накарміць працаўнікоў гаспадаркі. Меню ў нас заўсёды разнастайнае, карыснае, – расказвае Алена Сак. – Кожнаму працаўніку ежа раздаецца ў індывідуальным тэрмасе. Вельмі зручна атрымліваецца. У час уборкі зерневых рыхтавалі па 130-140 абедаў і 60-70 вячэр. Як спраўляемся? Стараемся. Калектыў у нас зладжаны і працавіты. Таму працаўнікі “Свіцязянкі” заўсёды сытыя і поўныя сіл для працы.

Не абмінула заслужаная прафсаюзная ўзнагарода і калектыў КСУП “Цырын-Агра”. Па хадайніцтве пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі гаспадаркі лепшым працаўніком на жніве вызначаны трактарыст-машыніст Мікалай Патрашэўскі, які на трактары “МТЗ-1523” перавёз больш за тысячу тон збожжа.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара

polymia.by

Наши контакты

Наш адрес

230029, г. Гродно, ул. Коммунальная, 32

8 (0152) 62-50-11

obkom.apk.grodno@mail.ru

Время работы

Пн-Чт: 8.00 - 17.00

Пт: 8.00 - 15.45

Сб-Вс: выходной