На Астравеччыне працягваецца рэспубліканская акцыя “Наш жывёлавод”. Падчас візіту ў наш раён намеснік старшыні Гродзенскага абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Алеся Венско, загадчык аддзела арганізацыйнай і грамадскай работы Вольга Дзюрдзь, лідары астравецкіх аграрыяў Юрый Адула і КСУП “Гудагай” Ганна Налівайка з Падзякамі і падарукавымі сертыфікатамі завіталі на малочна-таварны комплекс “Кярняны”.

КСУП “Гудагай” – самая багатая ў раёне гаспадарка на малочна-таварныя комплексы. Яны размяшчаюцца ў Малях, Германішках, Смілгах, Дравяніках і Кярнянах. На апошні і накіраваліся, таму што там адзін з самых маладзёжных калектываў. А яшчэ, каб падзякаваць лепшым работнікам, тым больш што па ўсёй краіне, у тым ліку і на Астравеччыне, праходзіць прафсаюзная акцыя “Наш жывёлавод”.

МТК “Кярняны” адзін з першых комплексаў раёна, утвораных на базе фермы. Ён набыў другое дыханне, калі адышоў пад “Гудагай”. Тут сфарміраваўся новы калектыў, да кярнянскіх работнікаў дадаліся працаўнікі з фермы ў Кялёйцях.

Дзякуючы рэканструкцыі і будаўніцтву значна палепшалі ўмовы для ўтрымання жывёлы. Для работы і адпачынку людзей створана камфортнае асяроддзе: бытавыя памяшканні, раздзявалкі, душавыя кабіны і санвузлы. Больш таго, штодзень на МТК жадаючым за сімвалічную аплату прывозяць абеды з кафэ “Эдэм”.
На гэтым комплексе шмат сямейных падрадаў. Сяргей Баёр усё жыццё ў сельскай гаспадарцы: з трактарыстаў перакваліфікаваўся ў работніка жывёлагадоўчай галіны. На комплексе мужчына адказвае за спраўнасць малочнага абсталявання. Аляксандр Баер клапоціцца пра самых маленькіх цялят.

За раздой навацельных і хворых кароў з напарніцамі на комплексе адказвае Алена Бразевіч. Трансфармавалася калгасная сістэма і назва гаспадаркі – “Чырвоны Кастрычнік” перайменавалі ў імя Гашкевіча, пазней далучылі да “Гудагая” – а жанчына за 37 гадоў работы ніразу не здрадзіла сваёй прафесіі.

Усё жыццё даяркай працуе і Тамара Кушлевіч. Праўда, у КСУП “Гудагай” жанчына адносна нядаўна, сюды на комплекс яна перайшла з варнянскай гаспадаркі.

Што такое ферма, памочнік начальніка комплексу Тэрэза Млынкоўская ведае з дзяцінства – маці была даяркай. У 80-90-х прафесіі сельгаспрофілю, асабліва зааветтэхнічнага профілю, лічыліся прэстыжнымі, таму і ўчарашняя школьніца вырашыла звязаць сваё жыццё з ветэрынарыяй. Цікава, што ў “Кярнянах” (тады гэта была яшчэ ферма) Тэрэза Лявонаўна праходзіла практыку, сюды яе жыццё праз шмат гадоў прывяло ізноў. Думаецца, што назаўсёды!










