Прафсаюзы – дзецям. Як разгадаць таямніцу зачараваных гадзіннікаў
У рамках акцыі “Нашы дзеці” адбылося пераднавагодняе мерапрыемства – падарунак дзецям, бацькі якіх працуюць на прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу, ад раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК. Святочны настрой яго ўдзельнікам дапамаглі стварыць педагогі Дзятлаўскай школы мастацтваў, разам з якімі дзеці акунуліся ў чароўны свет казкі з героямі вядомага твора пра Гары Потэра.



Па сцэнарыі, час злоўлены ў пастку. Гадзіннік Хогвартса застыў. Той, каго нельга называць, выкраў ключ ад Новага года – Снягурку. Каб разгадаць таямніцу зачараваных гадзіннікаў, удзельнікам свята прыйшлося разам з героямі прасіць дапамогі ў свету магіі. Дзеля гэтага патрэбна было спяваць навагоднія песні, танцаваць, удзельнічаць у гульнях пад гукі чароўнай жывой музыкі.









Але Дзед Мароз – самы добры і магутны чараўнік! Ён ведае, як з сіламі зла змагацца – усіх замарозіць і ўсё! А дзецям ён пакінуў самую галоўную навагоднюю магію – смех і добрыя сэрцы.
– Дзеці засталіся задаволеныя, было бачна па іх настроі, усмешках, а для нас, дарослых, гэта самае важнае. Няхай гукі чароўнай музыкі і песень робяць іх жыццё яшчэ больш радасным, а салодкія пачастункі ад прафсаюза напоўняць яго асалодай, – дадаў да ўсяго ўбачанага на сцэне старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Казак.





І, вядома ж, не абышлося без падарункаў Дзеду Марозу. Кожны жадаючы змог падарыць яму верш або песню, сфатаграфавацца на памяць.





Таццяна САНЮК








