Главная » Новости » Лента новостей

Прафсаюзная акцыя “Наш жывёлавод” распачалася з КСУП “Варняны”

48

Жывёлагадоўля не падпарадкоўваецца сезоннасці. Работнікі гэтай галіны круглы год кормяць і дояць кароў, даглядаюць цялят. Сёлетняя зіма падкінула ім больш клопатаў, тым не менш з усімі выклікамі “на раёне” спраўляюцца. Для жывёлы павялічаны рацыёны, уцеплены дзверы і вокны, а частка малышоў з індывідуальных домікаў пад адкрытым небам пераведзена ў іншыя памяшканні.

Самы час сказаць дзякуй людзям, якія ў любое надвор’е і ў любую пару года шчыруюць на фермах і комплексах. З КСУП “Варняны” на Астравеччыне распачалася традыцыйная прафсаюзная акцыя “Наш жывёлавод”.


У гэты няпросты перыяд умовы ўтрымання жывёлы, асабліва цялят, знаходзяцца на асаблівым кантролі галоўных спецыялістаў і кіраўніцтва гаспадарак, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання і райвыканкама. А пра працаўнікоў паклапаціўся прафсаюз, так, Таццяна Лісоўская закупіла на ўсе жывёлагадоўчыя аб’екты цукар, чай, каву, пячэнне.

З Падзякамі і падарункавымі сертыфікатамі да жывёлаводаў гэтай гаспадаркі завітаў старшыня прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Юрый Адула і прафсаюзны лідар гаспадаркі Таццяна Лісоўская.

– Жывёлагадоўчая галіна – лакаматыў сельскай гаспадаркі. Менавіта ад вас залежаць надоі і прывагі, а значыць эканоміка прадпрыемства і дабрабыт кожнага работніка. Сельская гаспадарка і яе працаўнікі заўсёды знаходзяцца ў полі зроку нашага Прэзідэнта, а гэта значыць што аграпрамысловы комплекс быў, ёсць і будзе, – адзначыў Юрый Адула. – У межах гэтай акцыі мы, напэўна, сустракаемся апошні раз, таму што КСУП “Варняны” адыходзіць пад крыло “Гроднаэнерга”, адпаведна ў вас будзе і іншы галіновы прафсаюз. Тым не менш, хачу падзякаваць кожнаму з вас за самаа дданасць, шчырасць, працавітасць.

 

МТК “Беразоўка”

Пагалоўе – 1 970, дойных кароў – 813, сярэднясутачны надой – 12,3 кг

Гэта адзіны малочна-таварны комплекс у КСУП “Варняны”. Тут працуе 25 чалавек. З першых дзён адкрыцця на МТК Алена Маторава. Спачатку была прыбіральшчыцай, а потым спрытную і ўвішную работніцу перавялі ў аператары машыннага даення. Па словах жанчыны, іх работа фізічна няпростая і адказная, менавіта ад стараннасці даярак залежыць якасць малака.

Жывёлавод Людміла Маліцкая, якую неаднаразова адзначалі на раённым і абласных этапах гэтай акцыі, даглядае цялят.

На выхадным у дзень візіту прафсаюзных лідараў знаходзіліся аператар машыннага даення Аксана Дземідовіч і жывёлавод Марыя Александровіч. Падарункі ім перадалі.

 

МТФ “Варона”

Пагалоўе – 379, дойных кароў – 191, сярэднясутачны надой – 10,2 кг

Лепшымі з лепшых на ферме не ўпершыню прызналі аператараў машыннага даення Валянціну Калпак, Наталлю Яновіч і Галіну Вашкевіч.

Ад імя калектыву гасцям падзякавала загадчык МТК Таццяна Сянюць, якая шмат гадоў аддала сельскай гаспадарцы:

– Вы заўсёды прыязджаеце з падарункамі і добрымі словамі; прыслухоўваецеся да нашых заўваг і прапаноў. Памятаю, у бытнасць, калі была загадчыцай фермы ў Карвэлях, мы папрасілі звазіць нас на канцэрт – і трапілі на выступленне калектывау “Белыя Росы”, Засталіся самыя станоўчыя эмоцыі. Такія невялікія прыемнасці аблягчаюць працоўныя будні.

 

МТФ “Варняны”

Пагалоўе – 357, дойных кароў – 156, сярэднясутачны надой – 9,9 кг

На гэтай ферме віншаванні прымаў сямейны падрад: родныя брат і сястра.

Вольга Кунцэвіч стала даіць кароў адразу пасля школы: як прыйшла сюды ў 18 гадоў, так і засталася. У групе жанчыны больш за 60 рагуль, а самая любімая з іх “Белка”.

Мікалай Усцінаў адказвае за спраўнасць малочнага абсталявання, ён хутка выпраўляе непаладкі і паломкі.

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич

Читайте также: